Ісаі 44 разьдзел
Кніга прарока Ісаі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча
А цяпер слухай, Якаве, рабе Мой, і Ізраіле, якога я выбраў.
А цяпер слухай, Якаве, слуга Мой, і Ізраелю, абраны Мой:
Так кажа Гасподзь, Які стварыў цябе, і ўзгадаваў цябе, дапамагае табе ад улоньня мацярынскага, ня бойся, рабе Мой, Якаве, і любасны Ізраіле, якога Я выбраў;
Гэтак кажа СПАДАР, што ўчыніў цябе і ўхармаваў цябе, ад улоньня памагаю табе: "Ня бойся, Якаве, слуга Мой, і ты, Ешуруне, абраны Мой;
бо Я вылью вады на спрагненае; вылью дух Мой на племя тваё і дабраславеньне Маё на нашчадкаў тваіх.
Бо Я выльлю ваду на ўсьмяглага і цур’і на сухую зямлю, выльлю Дух Свой на насеньне твае і дабраславенства Свае на пагоны твае,
І будуць расьці сярод травы, як вербы пры патоках водаў.
Каб яны расьлі меж травы, як вербы ля цур’ёў водаў".
Адзін скажа: «я — Гасподні», другі назавецца імем Якава; а іншы напіша рукою сваёю: «я — Гасподні», і назавецца імем Ізраіля.
Гэты скажа: "Я СПАДАРОЎ"; і гэны назавецца імям Якава; і гэны напіша рукою сваёю: "ДА СПАДАРА" і дасьць сабе мянушку "Ізраель"».
Так кажа Гасподзь, Цар Ізраіля, і Адкупнік ягоны, Гасподзь Саваоф: Я — першы, і Я — апошні; і акрамя Мяне няма Бога,
Гэтак кажа СПАДАР, Кароль Ізраеля, і Адкупіцель яго, СПАДАР войскаў: «Я першы, і Я апошні, і апрача Мяне няма Бога.
бо хто — як Я? Хай ён раскажа, абвесьціць і ў парадку паставіць перад Мною ўсё з таго часу, як Я зладзіў народ старажытны, альбо хай абвесьціць наступнае і будучае.
І хто як Я? Хай ён назавець а азнайме а выкладзе з парадку Імне; бо Я ўладзіў старавечны люд і прыйдучыя, і, што будзе, хай скажуць яму.
Ня бойцеся і не палохайцеся: ці не здавён Я абвясьціў табе і прадказаў? І вы — Мае сьведкі. Ці ёсьць Бог апрача Мяне? няма, іншай цьвярдыні ніякай ня ведаю.
Ня бойцеся а не палохайцеся: хіба Я не паведамляў здаўна і не абяшчаў? Вы мае сьветкі. Ці ё Бог апрача Мяне? Але, нямаш гораду, ніякага ня ведаю».
Тыя, што робяць ідалаў, — усе нікчэмныя, і самыя прагавітыя зь іх ня прыносяць ніякай карысьці, і яны самі сабе ў тым сьведкі. Яны ня бачаць і не разумеюць, і таму будуць пасаромленыя.
Тыя, што робяць выразаныя, усі яны марнасьць, і дарагія рэчы іхныя бескарысныя, і яны самы сьветкі сабе; яны ня бачаць, ня ведаюць, каб маглі сароміцца.
Хто зрабіў бога і выліў ідала, што ня прыносіць ніякай карысьці?
Хто зрабіў бога й выліў выразанага, што бескарысны?
Усе ўдзельныя ў гэтым будуць пасаромленыя, бо і майстры самі — таксама зь людзей; яны ўбаяцца, і ўсе будуць пасаромленыя.
Вось, усі сябры ягоныя будуць засаромлены, і ўмелыя майстры — яны зь людзёў; няхай яны ўсі зьбяруцца, няхай стануць: яны будуць баяцца, усі разам засаромлены будуць.
Каваль робіць з жалеза сякеру і працуе на вугольлі, малаткамі абрабляе яе і працуе над ёю моцнаю рукою сваёю да таго, што аж робіцца галодны і бясьсілы, ня п’е вады і зьнемагае.
Майстра зялезнае снадзі майструе і абрабляе яго на вугальлю, і абрабіў яго кляўцамі, і робе яго сілаю рук сваіх; ён выгаладніўся а высіліўся, ня піў вады й замлеў.
Цясьляр, сьсекшы дрэва, праводзіць па ім лінію, вострым канцом прылады робіць на ім абрыс, потым абрабляе яго разцом і акругляе яго, і вырабляе зь яго вобраз чалавека прыгожага выгляду, каб паставіць яго ў доме.
Сталяр нацягнуў шнюр і пазначыў яго алавянікам, ухармаваў яго долатам, абрысаваў яго цыркулям і зрабіў яго подле хвігуры людзіны, подле харашыні чалавека, каб мог быць у доме.
Ён і сячэ сабе кедры, бярэ сасну і дуб, якія выбера з-паміж дрэваў у лесе, садзіць ясень, а дождж росьціць яго.
Ён насячэць сабе кедраў, і возьме кіпрыс а дуб, і выбяра сабе найшчытнейшае з памеж лесавых дзерваў; пасадзе кедру, а дождж вырасьце.
І гэта служыць чалавеку палівам, і частку гэтага ўжывае ён на тое, каб яму было цёпла, і разводзіць агонь, і пячэ хлеб. І з таго ж самага робіць бога, і пакланяецца яму, робіць ідала і падае перад ім.
І будзе чалавеку на паліва, бо возьме зь іх і грэецца, таксама ён пале й пячэць хлеб; ён робе таксама бога й кланяецца, робе выразанага й падае перад ім.
Частку дрэва паліць у агні, другою часткаю гатуе мяса на ежу, смажыць і есьць удосыць, а таксама грэецца і кажа: «добра, я сагрэўся; адчуў агонь».
Палавіцу пале ў цяпле, з палавіцаю яго есьць мяса, пячаць пячонку і, пад’еўшы, нават ён грэецца й кажа: «Ага, я ўгрэўся, я бачыў цяпло!»
А з рэшты таго робіць бога, ідала свайго, пакланяецца яму, падае перад ім і моліцца яму, і кажа: «выратуй мяне, бо ты бог мой».
І з астачы яго робе бога, выразанага свайго, падае перад ім, і сьціць, і моліцца да яго, і кажа: «Выбаў мяне, бо ты бог мой».
Ня ведаюць і не разумеюць яны: Ён заплюшчыў вочы іх, каб ня бачылі, і сэрцы іх, каб не разумелі.
Яны ня ведалі ані разумелі, залепленыя вочы іхныя, каб не маглі бачыць, і сэрцы іхныя, каб не маглі цяміць.
І ня возьме ён гэтага да свайго сэрца, і няма ў яго столькі веданьня і розуму, каб сказаць: «палавіну яго я спаліў у агні і на вугольлі яго сьпёк хлеб, засмажыў мяса і зьеў: а з рэшты яго ці ж зраблю мярзоту? ці буду пакланяцца кавалку дрэва»?
І ніхто не разважае ў сэрцу сваім, нямаш веданьня ані цямленьня сказаць: «Палавіцу яго я спаліў у цяпле; нават таксама сьпёк хлеб на вугальлю яго, усмажыў мяса й зьеў; і з астачы яго зраблю агіду? ці буду падаць да калоды дзерва?»
Ён ганяецца за пылам; ашуканае сэрца ўвяло яго ў аблуду, і ён ня можа вызваліць душы сваёй і сказаць: ці не падман у правай руцэ маёй?
Ён гоніцца за пылам; ашуканае сэрца зьвярнула яго на бок, каб ён ня мог выбавіць душы свае ані сказаць: «Ці не мана ў правай руццэ маёй?»
Памятай гэта, Якаве і Ізраіле, бо ты — раб Мой; Я ўзгадаваў цябе: раб Мой — ты, Ізраіле, не забывай Мяне.
Памятуй гэта, Якаве а Ізраелю, бо ты слуга Мой; Я ўхармаваў цябе: ты Імне слуга; Ізраелю, Я не забудуся цябе.
Разьвяду беззаконьні твае, як туман, і грахі твае, як воблака; зьвярніся да Мяне, бо я адкупіў цябе.
Я выцер, як туман, выступкі твае і, як хмару, — грахі твае; зьвярніся да мяне, бо Я адкупіў цябе.
Радуйцеся, нябёсы, бо Гасподзь зрабіў гэта. Усклікайце, глыбіні зямлі; гудзеце ад радасьці, горы; лес і ўсе дрэвы ў ім; бо адкупіў Гасподзь Якава і праславіцца ў Ізраілі.
Пяіце, нябёсы, бо СПАДАР зьдзеяў; гукніце, нізіны зямлі; выбухніце, горы; пяіце, лесе й кажнае дзерва ў ім, бо СПАДАР адкупіў Якава і ўславіўся ў Ізраелю.
Так кажа Гасподзь, Які адкупіў цябе і ўзгадаваў цябе ад нутра мацерынага: Я — Гасподзь, Які стварыў усё, адзін раскінуў нябёсы і Сваёю сілаю разаслаў зямлю,
Гэтак кажа СПАДАР, Адкупіцель твой, што ўхармаваў цябе ад улоньня: «Я СПАДАР, што чыне ўсе, што адзін расьцягуе нябёсы, што расьцілае зямлю сам сабою,
Які робіць нікчэмнымі азнакі ілжэпрарокаў і выкрывае вар’яцтва чарадзеяў, мудрацоў праганяе назад, і веды іх робіць глупствам,
Што нішча знакі манюкаў і ўводзе ў шал варажбітоў, што адкідае мудрых і робе веду іхную дурной,
Які сьцьвярджае слова раба Свайго і дае выкананьне выслоўю Сваіх пасланцаў, Які кажа Ерусаліму: «ты будзеш населены» і гарадам Юдавым: «вы будзеце пабудаваныя, і руіны яго Я аднаўлю,
Што зацьвярджае слова слугі Свайго, што дойсьніць раду пасланцоў Сваіх, што кажа Ерузаліму: "Ты будзеш заселены", і местам Юдэйскім: "Вы будзеце пастаноўлены, і Я аднаўлю разьвярненьне яго",
Які бездані кажа: «ссохні!» і рэкі твае Я высушу,
Што бяздоньню кажа: "Высахні, і рэкі твае Я высушу",
Які кажа пра Кіра: «пастыр Мой», і ён выканае ўсю волю Маю і скажа Ерусаліму: «ты будзеш пабудаваны!» і храму: «ты будзеш заснаваны!»
Што кажа праз Кіра: "Пастыр Мой, і ён выпаўне ўсі зычэньні Мае", кажучы Ерузаліму: "Ты будзеш збудаваны", і палацу: "Ты будзеш закладзены"».