Ісаі 44 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

А цяпер паслухай, Якуб, слуга Мой, і ты, Ізраіль, якога Я выбраў.
 
А цяпер слухай, Якаве, слуга Мой, і Ізраелю, абраны Мой:

Гэта кажа ГОСПАД, Які зрабіў цябе і ўкшталтаваў цябе ад улоньня [маці], Які дапамагае табе: «Ня бойся, слуга Мой, Якуб, і Ешурун, якога Я выбраў.
 
Гэтак кажа СПАДАР, што ўчыніў цябе і ўхармаваў цябе, ад улоньня памагаю табе: "Ня бойся, Якаве, слуга Мой, і ты, Ешуруне, абраны Мой;

Бо Я выльлю воды на спрагнёнае і струмяні — на [зямлю] сухую. Я выльлю Духа Майго на насеньне тваё і дабраславенства Маё — на нашчадкаў тваіх.
 
Бо Я выльлю ваду на ўсьмяглага і цур’і на сухую зямлю, выльлю Дух Свой на насеньне твае і дабраславенства Свае на пагоны твае,

І будуць яны расьці між травы, як вербы пры цячэньні водаў.
 
Каб яны расьлі меж травы, як вербы ля цур’ёў водаў".

Адзін скажа: “Я — ГОСПАДАЎ”, а другі назавецца імем Якуба, іншы напіша на руцэ сваёй “Для ГОСПАДА”, і назавецца імем Ізраіля».
 
Гэты скажа: "Я СПАДАРОЎ"; і гэны назавецца імям Якава; і гэны напіша рукою сваёю: "ДА СПАДАРА" і дасьць сабе мянушку "Ізраель"».

Гэта кажа ГОСПАД, Валадар Ізраіля і Адкупіцель ягоны, ГОСПАД Магуцьцяў: «Я — першы, і Я — апошні, і акрамя Мяне няма Бога.
 
Гэтак кажа СПАДАР, Кароль Ізраеля, і Адкупіцель яго, СПАДАР войскаў: «Я першы, і Я апошні, і апрача Мяне няма Бога.

Хто як Я? Няхай акажацца, няхай абвесьціць, няхай раскажа Мне, як Я заснаваў народ у [часах] старадаўніх, і тое, што здарыцца, што мае быць, няхай паведаміць Нам.
 
І хто як Я? Хай ён назавець а азнайме а выкладзе з парадку Імне; бо Я ўладзіў старавечны люд і прыйдучыя, і, што будзе, хай скажуць яму.

Ня бойцеся і не трывожцеся. Ці ж не здаўна Я распавёў табе і абвясьціў? І вы — сьведкі Мае. Ці ж ёсьць Бог акрамя Мяне? Няма [іншай] скалы, ніякай ня ведаю».
 
Ня бойцеся а не палохайцеся: хіба Я не паведамляў здаўна і не абяшчаў? Вы мае сьветкі. Ці ё Бог апрача Мяне? Але, нямаш гораду, ніякага ня ведаю».

Усе разьбяры ідалаў — марнота; і ўлюблёныя [ідалы] іхнія не прыносяць ім карысьці, і яны [самі] сьведкі [гэтага]. Яны ня бачаць, і ня ведаюць [нічога], і таму будуць асаромленыя.
 
Тыя, што робяць выразаныя, усі яны марнасьць, і дарагія рэчы іхныя бескарысныя, і яны самы сьветкі сабе; яны ня бачаць, ня ведаюць, каб маглі сароміцца.

Хто лепіць бога і выразае ідала, каб ня мець ад іх карысьці?
 
Хто зрабіў бога й выліў выразанага, што бескарысны?

Вось, усе ўдзельнікі гэтага будуць асаромленыя; а майстры іхнія — яны [толькі] людзі. Няхай яны зыйдуцца ўсе і стануць, і разам усе спалохаюцца і асаромяцца.
 
Вось, усі сябры ягоныя будуць засаромлены, і ўмелыя майстры — яны зь людзёў; няхай яны ўсі зьбяруцца, няхай стануць: яны будуць баяцца, усі разам засаромлены будуць.

Каваль [вырабляе] з жалеза сякеру, працуе на вугольлі, і малатком кшталтуе [ідала], і робіць работу моцным рамяном сваім; адчувае голад, стамляецца, ня п’е вады і зьнемагаецца.
 
Майстра зялезнае снадзі майструе і абрабляе яго на вугальлю, і абрабіў яго кляўцамі, і робе яго сілаю рук сваіх; ён выгаладніўся а высіліўся, ня піў вады й замлеў.

Цясьляр на дрэве расьцягвае [меральны] шнур, выразае рыльцам [ідала], выдзёўбвае долатам і крэсьліць цыркулем, і робіць яго на падабенства чалавека, чалавека прыгожага, каб паставіць яго ў доме.
 
Сталяр нацягнуў шнюр і пазначыў яго алавянікам, ухармаваў яго долатам, абрысаваў яго цыркулям і зрабіў яго подле хвігуры людзіны, подле харашыні чалавека, каб мог быць у доме.

Насёк для сябе кедраў і ўзяў кіпарыс і дуб, якія выбраў сабе між дрэваў у лесе. Пасадзіў ясень, і дождж вырошчвае [яго].
 
Ён насячэць сабе кедраў, і возьме кіпрыс а дуб, і выбяра сабе найшчытнейшае з памеж лесавых дзерваў; пасадзе кедру, а дождж вырасьце.

І будзе [гэта] для чалавека на саграваньне, і ён бярэ [частку] з іх, і грэецца, і распаліць [агонь], і пячэ хлеб. А з рэшты робіць бога і пакланяецца [яму], робіць ідала і кленчыць перад ім.
 
І будзе чалавеку на паліва, бо возьме зь іх і грэецца, таксама ён пале й пячэць хлеб; ён робе таксама бога й кланяецца, робе выразанага й падае перад ім.

Палову [дрэва] спальвае ў агні, і на палове яго пячэ мяса; есьць сьпечанае, і насычаецца, і грэецца, і кажа: «Як я сагрэўся і гляджу на агонь».
 
Палавіцу пале ў цяпле, з палавіцаю яго есьць мяса, пячаць пячонку і, пад’еўшы, нават ён грэецца й кажа: «Ага, я ўгрэўся, я бачыў цяпло!»

А з рэштак робіць бога, ідала для сябе, перад якім кленчыць, якому пакланяецца, і моліцца да яго, кажучы: «Ратуй мяне, бо ты — бог мой!»
 
І з астачы яго робе бога, выразанага свайго, падае перад ім, і сьціць, і моліцца да яго, і кажа: «Выбаў мяне, бо ты бог мой».

Такія [нічога] ня ведаюць і не разумеюць, бо заплюшчаныя вочы іхнія, каб ня бачыць, і [зачыненае] сэрца іхняе, каб не разумець.
 
Яны ня ведалі ані разумелі, залепленыя вочы іхныя, каб не маглі бачыць, і сэрцы іхныя, каб не маглі цяміць.

Не застанаўляюцца яны ў сэрцы сваім, няма [ў іх] веданьня і разуменьня, каб сказаць: «Палову я спаліў у агні і сьпёк на вугольлі ягоным хлеб для сабе, і сьпёк мяса, і зьеў, а з рэшты няўжо я зраблю брыдоту і буду пакланяцца кавалку дрэва?»
 
І ніхто не разважае ў сэрцу сваім, нямаш веданьня ані цямленьня сказаць: «Палавіцу яго я спаліў у цяпле; нават таксама сьпёк хлеб на вугальлю яго, усмажыў мяса й зьеў; і з астачы яго зраблю агіду? ці буду падаць да калоды дзерва?»

Такі вось корміцца попелам, сэрца падманутае зьвяло яго, і ня выратуе ён душы сваёй, і ня скажа: «Ці ж не падман я трымаю ў правай руцэ маёй?»
 
Ён гоніцца за пылам; ашуканае сэрца зьвярнула яго на бок, каб ён ня мог выбавіць душы свае ані сказаць: «Ці не мана ў правай руццэ маёй?»

Памятай пра гэта, Якуб, і ты, Ізраіль, бо ты — слуга Мой, Я ўкшталтаваў цябе, ты — слуга Мой, Ізраіль, не забывайся пра Мяне.
 
Памятуй гэта, Якаве а Ізраелю, бо ты слуга Мой; Я ўхармаваў цябе: ты Імне слуга; Ізраелю, Я не забудуся цябе.

Я разьвеяў, як хмару, правіны твае, і грахі твае — як воблака. Вярніся да Мяне, бо Я адкупіў цябе!
 
Я выцер, як туман, выступкі твае і, як хмару, — грахі твае; зьвярніся да мяне, бо Я адкупіў цябе.

Радуйцеся, нябёсы, бо ГОСПАД зрабіў гэта; усклікайце, глыбіні зямлі! Радасна гукайце, горы і лес, і ўсе дрэвы ў ім, бо ГОСПАД адкупіў Якуба і праславіўся ў Ізраілі.
 
Пяіце, нябёсы, бо СПАДАР зьдзеяў; гукніце, нізіны зямлі; выбухніце, горы; пяіце, лесе й кажнае дзерва ў ім, бо СПАДАР адкупіў Якава і ўславіўся ў Ізраелю.

Гэта кажа ГОСПАД, Адкупіцель твой, Які ўкшталтаваў цябе ад улоньня [маці]: «Я — ГОСПАД, Які зрабіў усё, Які Сам расьцягнуў неба і ўмацаваў зямлю. І хто [тады] быў са Мною?
 
Гэтак кажа СПАДАР, Адкупіцель твой, што ўхармаваў цябе ад улоньня: «Я СПАДАР, што чыне ўсе, што адзін расьцягуе нябёсы, што расьцілае зямлю сам сабою,

Я зьнішчаю знакі брахлівых і выяўляю дурасьць прадказальнікаў, адсылаю назад мудрацоў і веданьне іхняе ператвараю ў глупоту.
 
Што нішча знакі манюкаў і ўводзе ў шал варажбітоў, што адкідае мудрых і робе веду іхную дурной,

Я сьцьвярджаю слова слугі Майго, і выконваю раду пасланцоў Маіх. Я кажу Ерусаліму: “Ты будзеш заселены!”, і гарадам Юды: “Вы будзеце адбудаваныя, і руіны вашыя Я аднаўлю”.
 
Што зацьвярджае слова слугі Свайго, што дойсьніць раду пасланцоў Сваіх, што кажа Ерузаліму: "Ты будзеш заселены", і местам Юдэйскім: "Вы будзеце пастаноўлены, і Я аднаўлю разьвярненьне яго",

Я кажу бездані: “Высахні, і Я высушу рэкі твае”.
 
Што бяздоньню кажа: "Высахні, і рэкі твае Я высушу",

Я кажу пра Кіра: “Пастыр Мой”, і ён выканае ўсю волю Маю і скажа Ерусаліму: “Ты будзеш адбудаваны!”, а сьвятыні: “Ты будзеш закладзена!”»
 
Што кажа праз Кіра: "Пастыр Мой, і ён выпаўне ўсі зычэньні Мае", кажучы Ерузаліму: "Ты будзеш збудаваны", і палацу: "Ты будзеш закладзены"».