Ісаі 28 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Гора кароне пыхлівасьці п’яніцаў Эфраіма, зьвялай кветцы слаўнай аздобы ягонай, якая [расьце] на вяршыні даліны ўрадлівай, ап’янеўшы ад віна!
 
Бяда кароне гордасьці п’яніцаў зь Яхрэму, зьвялай кветцы — харашыні вялічча ягонага, каторая на версе ўродлівых далінаў, здоленых віном.

Вось, ад ГОСПАДА [прыходзіць] дужы і магутны, як бура з градам, як ураган зьнішчальны, як паводка залеўная, і кіне [яго] на зямлю рукою [сваёй].
 
Вось, дужы а моцны ў Спадара, бы лівун із градам, і бураючы віхор, бы паводка магучых ведаў, што разьліваюцца, кіне рукою далоў яго на зямлю.

Нагамі будзе патаптана карона пыхлівасьці п’яніцаў Эфраіма.
 
Нагамі будзе таптана карона гордасьці п’яніцаў зь Яхрэму.

І станецца, што зьвялая кветка слаўнай аздобы ягонай, якая [расьце] на вяршыні даліны ўрадлівай, будзе як рана [сасьпелая] фіга перад жнівом, якую, калі нехта ўбачыць, зрывае далоняй сваёй і зьядае яе.
 
І будзе зьвялаю кветкаю харашыня вялічча ягонага, каторая на версе ўродлівае даліны, бы сьпелы плод перад летам; як людзіна бача яго, яна глытае яго, як толькі возьме яго ў руку сваю.

У той дзень ГОСПАД Магуцьцяў будзе каронай славы і велічнай дыядэмай для рэшты народу Свайго,
 
Таго дня будзе СПАДАР войскаў вянком харашыні а дыядэмаю астачы люду Свайго,

і духам правасудзьдзя для таго, хто сядзіць у судзе, і мужнасьцю для тых, хто адкідае [ворага] ў бітве пры браме.
 
І духам суду таму, хто сядзіць у судзе, і сілаю тым, што зварачаюць бітву да брамы.

А гэтыя блукаюць ад віна, і ад сікеры хістаюцца, сьвятар і прарок блукаюць ад сікеры, напіліся віна, хістаюцца ад сікеры, блукаюць у відзежы, спатыкаюцца ў пастановах [сваіх].
 
І таксама гэтыя нясьведама грашылі ад віна і ад хмельнага напітку блудзілі: сьвятар а прарока нясьведама грашылі ад хмельнага напітку; яны глынёныя віном, яны блудзілі ад хмельнага напітку, яны мыляюцца ў відзені, спатыкаюцца на судзе.

Бо ўсе сталы поўныя ванітаў і запэцканыя, што няма месца [чыстага].
 
Усі сталы напоўнены ірвакамі, нечысьць не на месцу сваім.

Каго такі будзе вучыць веданьню? І каму будзе тлумачыць вучэньне? Дзецям, аднятым ад малака? Немаўлятам, аднятым ад грудзей?
 
«Каго ён навуча веданьня й каго прыгатуе цяміць слуханае? адлучаных ад малака, адвучаных ад пелькаў?

Бо прыказаньне за прыказаньнем, прыказаньне за прыказаньнем, правіла за правілам, там крыху і там крыху.
 
Бо расказаньне да расказаньня, расказаньне да расказаньня, праўда да праўды, праўда да праўды, гэтта мала, гэнам мала»,

Бо незразумелымі вуснамі і языком чужым будзе прамаўляць да народу гэтага
 
Бо незразумелымі вуснамі і іншаю моваю будзе гукаць да гэтага люду,

Той, Які сказаў ім: «Вось супачынак! Дайце супачыць змучанаму! Вось адпачынак!» Але яны не хацелі слухаць.
 
Катораму Ён сказаў: «Гэта супакой, каторы вы дайце стамаванаму, і гэта пасіленьне». Але яны не хацелі слухаць.

І было да іх слова ГОСПАДА: «Прыказаньне за прыказаньнем, прыказаньне за прыказаньнем, правіла за правілам, там крыху і там крыху», каб яны пайшлі і ўпалі на сьпіну, і разьбіліся, і каб ублыталіся, і каб былі схопленыя.
 
І сталася ім слова СПАДАРОВА: расказаньне да расказаньня, расказаньне да расказаньня, праўда да праўды, праўда да праўды, гэтта мала, гэнам мала, каб яны пайшлі, і палі дагары нагамі, і разьбіліся, і лучылі ў пасадку, і ўзяты.

Дзеля гэтага паслухайце слова ГОСПАДА, людзі блюзьнерчыя, якія пануеце над народам гэтым, які [жыве] ў Ерусаліме.
 
Затым слухайце слова СПАДАРОВА, вы насьміханьнікі, каторыя радзіце гэты люд, што ў Ерузаліме.

Вы кажаце: «Мы заключылі запавет са сьмерцю і з адхланьню зрабілі дамову. Калі пройдзе біч навалы [ворагаў], ён ня дойдзе да нас, бо хлусьню мы зрабілі прыстанішчам нашым, і ў ашуканстве мы схаваліся».
 
Затым што вы кажаце: «Мы зрабілі змову ізь сьмерцяй і із шэолям зрабілі згоду; караючая розка пройдзе, яна не насьпее нас, бо мы зрабілі ману сваім уцёкам і пад брахню схаваліся»;

Дзеля гэтага так кажа Госпад ГОСПАД: «Вось, Я кладу на Сыёне камень, камень выпрабаваны, вуглавы, каштоўны, моцна ўгрунтаваны. Хто верыць у Яго, ня будзе ўцякаць.
 
То гэтак кажа Спадар СПАДАР: «Вось, Я закладаю на Сыёне Камень, Камень выпрабаваны, вугольны, дарагі, пэўны под; хто вера, ня будзе хапацца.

І Я пастаўлю суд як мерку і праведнасьць як грунтвагу, і град зьнішчыць прыстанішча хлусьні, і схоў ейны воды затопяць.
 
Суд таксама зраблю подле праўды і справядлівасьць подле вагі; і град зьмяцець ўцёк маны, і воды зьнясуць сховы».

І будзе разарваны запавет ваш са сьмерцю, і дамова вашая з адхланьню не ўтрымаецца. Калі пройдзе біч навалы [ворагаў], будзеце імі стаптаныя.
 
І змова ваша ізь сьмерцяй будзе зьнішчана, і згода ваша із шэолям ня ўстоіцца: як тнучая розка пройдзе, тады вы будзеце патаптаны ёю.

Колькі разоў пойдзе [навала], схопіць вас, бо будзе яна праходзіць кожную раніцу, і ўдзень, і ўначы, і будзеце з жахам чуць вестку [гэтую].
 
Як толькі яна пойдзе, возьме вас, бо кажнае раніцы яна будзе праходзіць, ўдзень і ночы. І станецца, што адно зразуменьне дзейкі праз тое спалохае;

Бо надта кароткім будзе ложак, каб [на ім] выцягнуцца, і вузкім накрыцьцё, каб [ім] накрыцца.
 
Бо кароткі будзе ложак, каб выцягнуцца, і вузкое накрыцьце, каб укруціцца;

Бо паўстане ГОСПАД, як на гары Перацым, як у даліне ў Гібэоне, будзе Ён гневацца, каб учыніць справу Сваю, дзіўную справу Сваю, каб выканаць работу Сваю, незвычайную работу Сваю.
 
Бо, як гара Перацым, паўстане СПАДАР; як даліна Ґівеонская. Ён загневаецца, каб справіць справу Сваю, дзіўную справу Сваю, і зрабіць работу Сваю — нязвычайная работа Ягоная!

І цяпер не насьміхайцеся, каб не заціснуліся кайданы вашыя; бо я чуў ад Госпада, ГОСПАДА Магуцьцяў, што прызначана зьнішчэньне для ўсёй зямлі.
 
Затым цяпер не насьміхайцеся, каб путы вашыя не патужэлі; бо я чуў ад Спадара, СПАДАРА войскаў, празь зьнішчэньне, прызначанае нават на ўсю зямлю.

Прыхіліце вуха і паслухайце голас Мой, будзьце ўважлівыя і паслухайце словы Мае!
 
Уважайце а слухайце голас мой, будзьце ўважлівыя й слухайце словы мае.

Ці кожны дзень араты арэ для сяўбы, барануе і абрабляе ральлю сваю?
 
Хіба араты кажны дзень арэць на сяўбу, барозьне а скародзе поле свае?

Ці ж ён, калі выраўняе аблічча ейнае, ня сее чарнуху і не рассыпае кмен? Ці ня сее ён пшаніцу і ячмень на выбраным месцы, і жыта ў межах яе?
 
Як ён зраўнуе зьверх яго, ці не пасыпае кропу, сее кміну а пшонкі ў радкі а ячменю ў прызначаным месцу а жыта ў межах яго;

І навучае яго пра такі парадак Бог ягоны, і вучыць яго.
 
Бо навучае яго да парадку, Бог ягоны вуча яго.

Бо не малоцяць чарнухі зубцамі [жалезнымі], [колам ад возу] не качаюць па кмене, але цэпам выбіваецца чарнуха, а кмен — палкаю.
 
Бо кропу не малоцяць малацьбяным молатам ані качаюць кола цялежак па кміне, але кроп абіваюць прутком, а кмін — цэпам.

Ці таўкуць збожжа? Не бясконца малоціць яго малацьбіт, ён цягае па ім кола возу свайго, але коні ягоныя не таўкуць яго.
 
Збожжа выбіваюць, але не заўсёды малоцяць; і водзяць па ім малацьбяныя колы з коньмі, але не расьціраюць яго.

Гэта таксама выйшла ад ГОСПАДА Магуцьцяў, Ён даў цудоўную раду, і вялікая мудрасьць Ягоная.
 
Таксама гэта сталася ад СПАДАРА войскаў, чудоўнага ў радзе, вялікая мудрасьць Ягоная.