Ісаі 64 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

О, каб Ты разьдзёр неба і зыйшоў! Перад абліччам Тваім растапіліся б горы!
 
О, каб Ты разарваў нябёсы, каб зышоў, каб ад прытомнасьці Твае горы расплываліся.

Як агонь паліць гальлё, і як кіпіць вада на агні, так дай пазнаць імя Тваё ворагам Тваім. Перад абліччам Тваім будуць дрыжаць народы.
 
Як цяпло запаляе гальлё, як вада кіпіць ад цяпла, так стала б імя Твае ведама непрыяцелям Тваім, і перад відам Тваім народы здрыгануліся б.

Калі Ты чыніш страшныя рэчы, якіх мы не чакалі, Ты зыходзіш, і перад абліччам Тваім топяцца горы!
 
Як Ты чыніў страшныя ўчынкі, каторых мы не спадзяваліся, Ты зыходзіў, — горы расплываліся на прытомнасьць Тваю;

Ад вякоў не было чуваць, і да вуха не даходзіла, і вока ня бачыла Бога, акрамя Цябе, Які б зрабіў [гэта] тым, якія Яго чакаюць.
 
Бо ад веку ня чувана, ані да вуха не даходзіла, ані вока ня бачыла, каб іншы Бог, апрача Цябе, зьдзеяў штось такое тым, што спадзяюцца на Яго.

Ты выходзіш насустрач таму, хто з радасьцю чыніць праведнасьць, [насустрач] тым, якія на шляхах Тваіх памятаюць пра Цябе. Вось, Ты загневаўся, бо мы грашылі здаўна. І як [нам] быць збаўленымі?
 
Ты вышаў наўпярэймы таму, хто вяселіцца й робе справядлівасьць, успамінае Цябе на дарогах Тваіх; і вось, Ты ўгневаўся, бо здаўна мы ізграшылі на іх, адылі ж мы спасемся.

І ўсе мы сталіся як нячысты, і ўся праведнасьць наша як заплямленая [месячнымі] адзежа, і мы ўсе вянем, як лісьце, і беззаконьні нашыя панесьлі нас як вецер.
 
Мы ўсі сталіся — як нячыстыя, і ўсі справядлівасьці нашы як адзецьце пары нечысьці; і, як ліст, мы зьвялі ўсі, і бяспраўі нашыя, як вецер, нясуць нас.

І няма нікога, хто клікаў бы імя Тваё, хто б абудзіўся, каб трымацца моцна Цябе, бо Ты адвярнуў аблічча Тваё ад нас і аддаў нас у рукі беззаконьняў нашых.
 
І няма гукаючага імя Твае, каторы ўзрушыўся б дзяржацца за Цябе; бо Ты схаваў ад нас від Свой і разьлітаваў нас рукою бяспраўяў нашых.

І цяпер Ты, ГОСПАДЗЕ — Айцец наш, а мы — гліна; Ты — Той, Які лепіш нас, а мы ўсе — творы рук Тваіх!
 
А цяпер, СПАДАРУ, Ты Айцец наш, мы гліна, а Ты наш ганчар, і работа рукі Твае мы ўсі.

Ня гневайся, ГОСПАДЗЕ, так моцна і ня памятай заўсёды беззаконьне [нашае]. Вось, паглядзі, мы ўсе — народ Твой!
 
Ня гневайся, СПАДАРУ, завельмі й ня памятуй бяспраўя на векі; вось, абач жа: мы ўсі люд Твой.

Гарады сьвятыя Твае сталіся пустыняй, Сыён стаўся пустыняй, і Ерусалім стаўся пусткаю.
 
Сьвятыя месты Твае сталі пустынёю, Сыён — пустынёю, Ерузалім — разьвярненьнямі.

Дом сьвятасьці нашай і велічы нашай, у якім славілі Цябе бацькі нашыя, спалены агнём, і ўсё, што мы любілі, сталася руінай.
 
Дом наш сьвяты й пазор наш, ідзе айцове нашы выхвалялі Цябе, спалены цяплом, і ўсі дрыжоныя рэчы нашыя сталі разьвярненьнямі.

Ці ж на ўсё гэта Ты можаш быць абыякавы, ГОСПАДЗЕ? [Ці] Ты будзеш маўчаць і караць нас так моцна?
 
Ці За гэта ўзьдзержышся, СПАДАРУ? будзеш маўчэць і будзеш немарасьціць нас завельмі?