Ісаі 64 разьдзел
Кніга прарока Ісаі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017
О, каб Ты разьдзёр неба і зыйшоў! Перад абліччам Тваім растапіліся б горы!
О, каб разарваў Ты нябёсы і сышоў! Перад абліччам Тваім горы абрушыліся б!
Як агонь паліць гальлё, і як кіпіць вада на агні, так дай пазнаць імя Тваё ворагам Тваім. Перад абліччам Тваім будуць дрыжаць народы.
Як агонь паліць вецце і агонь выклікае кіпенне вады, каб даў пазнаць імя Тваё ворагам Сваім. Перад Табою ўзрушыліся б народы,
Калі Ты чыніш страшныя рэчы, якіх мы не чакалі, Ты зыходзіш, і перад абліччам Тваім топяцца горы!
калі ўчыніш цуды, на якія мы не спадзяваліся. Сышоў Ты, і перад Табою абрушыліся горы.
Ад вякоў не было чуваць, і да вуха не даходзіла, і вока ня бачыла Бога, акрамя Цябе, Які б зрабіў [гэта] тым, якія Яго чакаюць.
Ад вякоў не дайшло, і вуха не чула, ані вока не аглядала па-за Табой Бога, Які б зрабіў [столькі] для тых, што спадзяюцца на Яго.
Ты выходзіш насустрач таму, хто з радасьцю чыніць праведнасьць, [насустрач] тым, якія на шляхах Тваіх памятаюць пра Цябе. Вось, Ты загневаўся, бо мы грашылі здаўна. І як [нам] быць збаўленымі?
Выходзіш насустрач таму, хто радуецца, хто чыніць справядлівасць, і тым, якія ў дарогах Тваіх памятаюць пра Цябе. Вось жа, Ты загневаўся, а мы зграшылі; не ўратуемся з імі ад веку.
І ўсе мы сталіся як нячысты, і ўся праведнасьць наша як заплямленая [месячнымі] адзежа, і мы ўсе вянем, як лісьце, і беззаконьні нашыя панесьлі нас як вецер.
І мы сталіся, як нячысты, — усе мы; ды, як брудная ануча, — усе справядлівасці нашы; мы ўсе павялі, як ліст, а нашы няправасці панеслі нас, як вецер.
І няма нікога, хто клікаў бы імя Тваё, хто б абудзіўся, каб трымацца моцна Цябе, бо Ты адвярнуў аблічча Тваё ад нас і аддаў нас у рукі беззаконьняў нашых.
Няма нікога, хто прызываў бы імя Тваё, хто падняўся б і прыхінуўся да Цябе, бо Ты схаваў аблічча Сваё ад нас і папусціў нас у рукі правіннасці нашай.
І цяпер Ты, ГОСПАДЗЕ — Айцец наш, а мы — гліна; Ты — Той, Які лепіш нас, а мы ўсе — творы рук Тваіх!
А цяпер, Госпадзе, Ты — Айцец наш, мы ж — гліна; Ты — Творца наш, мы ўсе — творы рук Тваіх!
Ня гневайся, ГОСПАДЗЕ, так моцна і ня памятай заўсёды беззаконьне [нашае]. Вось, паглядзі, мы ўсе — народ Твой!
Не гневайся залішне, Госпадзе, і не май больш у памяці правіннасці. Глянь, вось, мы ўсе — народ Твой!
Гарады сьвятыя Твае сталіся пустыняй, Сыён стаўся пустыняй, і Ерусалім стаўся пусткаю.
Гарады святасці Тваёй зрабіліся пустыняй, Сіён зрабіўся пустыняй, Ерузалім абязлюдзеў.
Дом сьвятасьці нашай і велічы нашай, у якім славілі Цябе бацькі нашыя, спалены агнём, і ўсё, што мы любілі, сталася руінай.
Дом святасці Тваёй і славы нашай, дзе хвалілі Цябе бацькі нашы, пайшоў на спаленне агнём, бо ўсе нашы спадзяванні абярнуліся ў руіны.
Ці ж на ўсё гэта Ты можаш быць абыякавы, ГОСПАДЗЕ? [Ці] Ты будзеш маўчаць і караць нас так моцна?
Ці ж дзеля гэтага ўсяго Ты будзеш стрымлівацца, Госпадзе? Ці ж будзеш маўчаць і прыгнятаць нас празмерна?