Ісаі 34 разьдзел
Кніга прарока Ісаі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017
Наблізьцеся, народы, каб пачуць! І вы, плямёны, зважайце! Няхай чуе зямля і ўсё, што напаўняе яе, сусьвет і ўсё, што ў ім жыве!
Прыступіце, народы, каб паслухаць! І вы, людзі, зважце! Няхай слухае зямля ды ўсё, што яе запаўняе, сусвет і ўсё, што ў ім расце!
Бо ГОСПАД у гневе супраць усіх народаў і ў абурэньні супраць усяго войска іхняга. Ён зрабіў іх закляцьцем і аддаў іх на загубу.
Бо Госпад гарыць гневам супраць усіх паганаў і абураны на ўсё войска іх; прызначыў Ён іх на вынішчэнне і аддаў іх на загубу.
І забітыя іхнія будуць параскіданыя, і ад трупаў іхніх будзе ўздымацца смурод; і размокнуць горы ад крыві іхняй.
Забітыя іх будуць ляжаць параскіданыя, і ад трупаў іх будзе ўздымацца смурод; размокнуць горы ад крыві іх.
І пазьнікае ўсё войска нябеснае, і скруціцца неба як [скрутак] кніжны, і ўсе зоркі іхнія пападаюць, як падае лістота з лазы вінаграднай, і як падаюць [плады] з дрэва фігавага.
І змарнее ўсё войска нябеснае, і згорнуцца нябёсы, як кніга, і ўсё войска іх спадзе, як спадае ліст з вінаграднай лазы ды сухая лістота з фігавага дрэва.
Бо ап’янеў на небе меч Мой. Вось, ён зыходзіць на Эдом, на народ, які Я аддаў на закляцьце, на суд.
«Бо ап’янеў Мой меч на небе, вось жа, спадзе ён на Эдом і на народ, які асудзіў Я на вынішчэнне».
Меч ГОСПАДА поўны крыві, насычаны тлушчам, крывёй ягнятаў і казлоў, тлустасьцю нырак бараноў, бо для ГОСПАДА ахвяра ў Боцры, разьня вялікая ў зямлі Эдом.
Меч Госпадаў увесь скрываўлены, пакрыты тлушчам, крывёй ягнят і казлоў, тлустасцю нырак барановых, бо ахвяра Госпада ў Босры і разня вялікая ў зямлі Эдом.
І падаюць бугаі [разам] з імі, і цяляты [разам] з быкамі, і будзе напоена зямля іхняя крывёю, і парахно іхняе будзе насычана тлустасьцю,
Падаюць быкі разам з імі, цяляты разам з валамі, зямля напітаецца іх крывёю, а глеба — тлушчам іх сытасці;
бо [гэта] — дзень помсты ГОСПАДА, год адплаты за спрэчку супраць Сыёну.
бо дзень помсты — у Госпада, год адплаты дзеля абароны Сіёна.
І заменяцца ручаі ягоныя ў смалу, а пыл ягоны — у серку, і станецца зямля ягоная смалою, што палае.
І ператворацца ручаі яго ў смалу, а глеба яго — у серу, і будзе зямля яго смалою гаручаю.
Ня згасьне яна ані ўдзень, ані ўначы, і дым ейны будзе падымацца на вякі. З пакаленьня ў пакаленьне будзе спустошана, і на вякі вякоў ніхто праз яе ня пройдзе.
Не згасне ані ўдзень, ані ўночы яго дым, падымацца будзе вечна, пуставаць будзе з пакалення ў пакаленне, на векі вякоў ніхто праз яго не пройдзе.
Пэлікан і вожык абжывуцца ў ёй, пугач і крумкач будуць жыць у ёй, і будзе расьцягнута над ёю мерная вяроўка спусташэньня і камень [грунтвагі] зьнішчэньня.
Пелікан і вожык будуць валодаць ім, пугач і крук паселяцца ў ім, і расцягне [Госпад] над ім шнур пустэчы і адвес спусташэння.
Кіраўнікоў ейных ня будзе там, і не абвесьцяць валадарства, і ўсе князі ейныя будуць нічым.
Вяльможаў яго не застанецца, і не абвесцяць яны царства, ды ўсе князі яго будуць ні на што.
І вырастуць церні ў палацах ейных, асот і крапіва — у замках ейных, і станецца яна сялібай цмокаў і загарадкай для страусаў.
На дамах яго вырастуць церні, на ўмацаваннях яго — крапіва і асот, і будзе лежбішча драконаў і выган страусаў.
І будуць сустракацца зьвяры пустыні з шакаламі, і казёл будзе клікаць сябра свайго; там ліліт супакоіцца і знойдзе для сябе адпачынак.
І збягуцца гіены ды суслікі, і касматае страшыдла будзе прызываць сябра свайго; там лямія прыляжа і знойдзе сабе адпачынак.
Там зробіць гняздо кобра, і будзе класьці яйкі, і будзе выседжваць [іх], будзе грэць іх у ценю ейным. Там будуць каршуны зьбірацца адзін да аднаго.
Там гняздуецца змяя і кладзе яйкі, акопвае іх наўкола і выседжвае ў засені іх; туды злятаюцца каршуны адзін да аднаго.
Пашукайце ў кнізе ГОСПАДА і чытайце: «Аніводнага з іх ня будзе бракаваць, адзін аднаго ня будзе шукаць, бо вусны [Госпада] загадалі і Дух Ягоны, Ён іх сабраў.
Пашукайце ў кнізе Госпада і чытайце! — аніводнага з іх не будзе бракаваць, адзін аднаго не павінен чакаць; бо вусны Госпада загадалі ды дух Яго — Ён іх сабраў.
І Ён кінуў для іх жэрабя, і рука Ягоная разьдзяліла [зямлю] для іх мернай вяроўкай, і яны ўспадкаемяць яе на вякі, і з пакаленьня ў пакаленьне будуць жыць на ёй».
І Ён кінуў ім лёс, ды рука Яго падзяліла зямлю іх меркаю; вечна будуць валодаць ёю, з пакалення ў пакаленне будуць жыць на ёй.