Ісаі 30 разьдзел
Кніга прарока Ісаі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017
Гора сынам непаслухмяным, кажа ГОСПАД. Вы ўчыняеце раду, але без Мяне, і заключаеце дамовы, але не паводле Духу Майго, каб дадаць грэх да грэху!
«Гора вам, сыны бунтаўнікі, — кажа Госпад, — таму што спаўняеце намеры, ды не ад Мяне, і заключаеце пагадненне, але не ў Маім духу, каб далучыць грэх да граху!
Ідучы, вы зыходзіце ў Эгіпет, і не пытаецеся вуснаў Маіх, каб умацавацца ў цьвярдыні фараона і схавацца ў ценю Эгіпту.
І выбіраецеся ў дарогу ў Егіпет, ды вуснаў Маіх не пытаецеся, спадзеючыся на падтрымку сілы фараона і надзеючыся на засень Егіпта.
І станецца для вас сорамам цьвярдыня фараона, а хаваньне ў ценю Эгіпту — ганьбаю,
Сіла фараона будзе вам на канфуз, а надзея на засень Егіпта будзе вам на ганьбу.
бо князі твае былі ў Цаане, і паслы твае дайшлі аж да Ханэсу,
Бо хоць князі твае былі ў Танеі, а паслы твае дайшлі аж да Ханэса,
і ўсе яны будуць асаромленыя, бо [гэты] народ ня будзе ім карысны, і не дапаможа ім, і ня дасьць прыбытку, але будзе ім на сорам і на ганьбу.
усе яны будуць пасаромлены народам, які не можа быць карысным для іх, не будзе ён ані на ўспамогу, ані на карысць, але на канфуз і на ганьбу».
Цяжар адносна бегемоту паўднёвага. Праз зямлю гора і прыгнёту, адкуль ільвіца і леў, гадзюка і крылатая гадзіна, нясуць на сьпінах аслоў багацьці свае і на гарбах вярблюдаў — скарбы свае да народу, які ім ня будзе карысным.
Прысуд на жывёлу Нагэбу. Праз зямлю гора і прыгнёту, ільвіцы і рыкаючага льва, гадзіны ды лятучага дракона — нясуць на плячах жывёлін багацці свае ды на хрыбтах вярблюдаў скарбы свае да народа, які ім ніяк не зможа быць карысны.
Эгіпет надарма і марна [абяцае] дапамогу. Дзеля гэтага Я назваў яго “Рагаў, які ні на што няздатны”.
Егіпет бо надарма і напуста будзе падаваць успамогу; таму называю яго Рагаб — бяздзейсны.
Цяпер ідзі, напішы на табліцы для іх і запішы гэта ў кнізе, каб было гэта на дзень наступны, як сьведчаньне на вякі.
Цяпер пайдзі, напішы на табліцы і ў прысутнасці іх і старанна апішы гэта ў кніжцы, каб было на будучыню, на вечнае сведчанне.
Бо народ гэты бунтаўнічы, сыны хлусьлівыя, сыны, якія ня хочуць слухаць Закон ГОСПАДА,
Бо народ — бунтаўнічы, ды сыны — лгуны, сыны, якія не хочуць слухаць закон Госпада.
якія кажуць відушчым: «Ня мейце відзежаў!», а прадказальнікам: «Не прадказвайце нам гэтых рэчаў справядлівых, але кажыце нам тое, што нам падабаецца, прадказвайце нам прыемнае.
Яны кажуць яснавідцам: «Не глядзіце!» А прадбачлівым прарокам: «Не прадказвайце нам тых рэчаў, якія праўдзівыя, але кажыце нам тое, што падабаецца, праракуйце нам падманныя рэчы.
Саступіце з дарогі, зыйдзіце са сьцежкі, прыбярыце ад аблічча нашага Сьвятога Ізраіля».
Сыдзіце з дарогі, збочце са сцежкі, прыміце з віду нашага Святога Ізраэлева».
Дзеля гэтага так кажа Сьвяты Ізраіля: «Дзеля таго, што вы пагардзілі словам гэтым, а спадзяецеся на крыўду і здраду, і на іх вы абапіраецеся,
Таму вось што кажа Святы Ізраэлеў: «Дзеля таго, што вы пагардзілі словам гэтым, а надзею ўсклалі на крывадушнасць і пераваротнасць, ды на іх вы абаперліся,
беззаконьне гэтае станецца вам як вылом [у муры], які мае ўпасьці, як схіленьне муру высокага, калі раптоўна ў момант прыходзіць падзеньне яго».
таму злачынства гэтае будзе для вас, як шчыліна, што ідзе зверху, месца разлому ў высокай сцяне, якой раскол нечаканы, неспадзяваны, адбываецца вокамгненна.
І Ён зруйнуе яго, як разьбіваецца гляк, зьлеплены [з гліны], разьбіваючы без шкадаваньня, і ня знойдзецца ад яго чарапку, у які можна было б узяць вугалёк з вогнішча або зачэрпнуць вады са студні.
І растаўчэцца, як разбіваецца гляк ганчарскі разбіццём без ніякага шкадавання, і не знойдзецца ў яго частках чарапка, у які можна было б узяць вугалёк з вогнішча або зачэрпнуць вады з ямы».
Бо гэта кажа Госпад ГОСПАД, Сьвяты Ізраіля: «Калі вы навернецеся і будзеце ў супакоі, будзеце збаўленыя, бо ў сьцішанасьці і спадзяваньні будзе сіла вашая». Але вы не захацелі.
Бо гэта сказаў Госпад Бог, Святы Ізраэлеў: «У навяртанні і супакоі будзеце збаўлены, у зацішшы і ў надзеі будзе сіла ваша». Але вы не хацелі,
І вы сказалі: «Не, бо мы на конях уцячэм». Таму будзеце ўцякаць. «На хуткіх [калясьніцах] паімчым». Таму будуць хуткімі тыя, якія пагоняцца за вамі.
аднак сказалі: «Ніякім чынам, але на конях уцячом», — дык уцячыце; ды: «На хуткіх памчымся», — таму будуць хуткія і тыя, што за вамі пагоняцца.
Тысяча [спалохаецца] пагрозы аднаго, ад пагрозы пяцёх будзеце ўцякаць, аж застанецца [рэшта] ад вас як тронак на вяршыні гары і як знак на ўзгорку.
Тысяча спалохаецца перад пагрозаю аднаго, а ад пагрозы пецярых будзеце ўцякаць, пакуль не застанецца вас [мала], як жэрдка на версе гары ды як след на ўзгорку.
Дзеля гэтага чакае ГОСПАД, каб зьлітавацца над вамі, і дзеля гэтага Ён узьнімецца, каб зьлітавацца над вамі, бо ГОСПАД — Бог правасудзьдзя. Шчасьлівыя ўсе, якія на Яго спадзяюцца.
Таму чакае Госпад, каб злітавацца над вамі, і з той прычыны будзе ўзвялічвацца, шкадуючы вас, што Госпад — Бог справядлівасці, шчасныя ўсе, якія чакаюць Яго.
Бо ты, народ на Сыёне, які жывеш у Ерусаліме, ня будзеш плакаць, бо Ён зьлітуецца над табою на голас крыку твайго; як толькі пачуе, адкажа табе.
Бо ты, народзе на Сіёне, які жывеш у Ерузаліме, плачаш [цяпер], ды не будзеш плакаць [заўсёды]; [як цяпер] літуецца, [так] і будзе літавацца над табою, на голас просьбы тваёй, як толькі пачуе, адкажа табе.
І дасьць табе Госпад хлеб у прыгнёце і ваду ў бядзе, і больш не адвернецца ад цябе настаўнік твой, і вочы твае будуць бачыць настаўніка твайго.
І дасць вам Госпад хлеб прыгнёту і ваду бяды, але ўжо больш не аддаліцца ад цябе твой вучыцель, і вочы твае будуць бачыць настаўніка свайго.
І вушы твае будуць чуць за сабой слова, якое кажа: «Вось шлях, ідзіце па ім», калі ты збочыш направа ці налева.
А вушы твае будуць чуць за сабой слова Таго, Хто нагадвае: «Вось, гэта дарога, ідзіце па ёй», калі б часам збочылі ўправа ці ўлева.
І ты будзеш лічыць нячыстым срэбнае пакрыцьцё балванаў тваіх і залатое адзеньне ідалаў тваіх. Выкінеш іх як брудную анучу, і скажаш: «Прэч».
Тады брыдзіцца будзеш аббіццём тваіх срэбраных балванаў ды адзеннем тваёй залатой статуі; выкінеш гэта, як брудны падклад. «Выйдзі прэч», — скажаш яму.
І Ён дасьць дождж на насеньне тваё, якое ты пасеяў на палетку тваім, і хлеб ураджаю зямлі будзе сытны і пажыўны. У той дзень чарада твая будзе пасьвіцца на пашах шырокіх.
І дасць Ён дождж на пасеў твой, які засееш на зямлі, а хлеб пладоў зямлі будзе вельмі багаты і тлусты, будзе пасвіцца ў той дзень жывёла твая, ягня, на шырокіх выганах,
Валы твае і аслы, якія абрабляюць зямлю, будуць карміцца мяшанкай сакавітай, якую правеялі лапатай і веялкай.
і валы твае, і аслы, што абрабляюць зямлю, будуць карміцца сачыстай мяшанкай, што правеяна лапатай і веялкай.
І на кожнай гары высокай, і на кожным узгорку ўзвышаным будуць ручаі і струмяні вады ў дзень вялікага бою, калі ўпадуць вежы.
Па кожнай высокай гары і па кожным узнятым узгорку пацякуць ручаі імклівых водаў у дзень разні вялікай, калі будуць падаць вежы.
І будзе сьвятло месяца як сьвятло сонца, а сьвятло сонца будзе сямікроць [ясьнейшае], чым сьвятло сямі дзён, у дзень, калі ГОСПАД перавяжа раны народу Свайго і загоіць сінякі ад удараў Сваіх.
І будзе святло месяца як святло сонца, а святло сонечнае будзе сямікратным, быццам святло сямі дзён — у дзень, калі Госпад перавяжа раны Свайго народа і залечыць сінякі ад удараў.
Вось, імя ГОСПАДА прыходзіць здалёк, палае гнеў Ягоны і ўзьнімаецца цяжка, вусны Ягоныя поўныя абурэньня, а язык Ягоны — як агонь, які [ўсё] зьядае.
Вось жа, імя Госпада прыходзіць здалёк, абуральны гнеў Яго і страшны Яго гром, вусны Яго перапоўнены абурэннем, і язык Яго — як агонь паглынальны.
Подых Ягоны як паводка, вір якой дасягае шыі, каб прасеяць народы сітам загубы і ўкласьці цуглі ў пашчу народаў.
Дыханне Яго — як ручай паводкавы, якога вір дасягае шыі, — на прасейванне народаў праз пагібельнае сіта, акілзы гаротныя ў сківіцах народаў.
Сьпеў будзе ў вас як у ноч сьвяткаваньня ўрачыстасьці, і радасьць сэрца — як у таго, хто сьпяшаецца пры гуках жалейкі на гару ГОСПАДА да Скалы Ізраіля.
Песня будзе ў вас, як пры святкаванні начной урачыстасці, і радасць сэрца — як у таго, хто спяшаецца да гукаў флейты на гару Госпада, да Скалы Ізраэля.
І ГОСПАД дасьць пачуць голас Свой магутны, і моц рамяна Свайго пакажа ў выбуху гневу і ў полымі агню, які [ўсё] зьядае, у буры і навальніцы, і ў градзе камянёў.
І дасць пачуць Госпад веліч Свайго голасу, і моц пляча Свайго акажа ва ўзрыве гневу і ў полымі агню пажыраючага, у віхуры, у навальніцы ды ў каменяпадзе.
Бо ад голасу ГОСПАДА спалохаецца Асірыя і будзе дубцом пабітая.
Голасу Госпадава напалохаецца асірыец, дубцом адлупцаваны.
І кожны ўдар кія будзе для яе карай, якую ГОСПАД спашле на яе пры граньні бубнаў і гусьляў; і Ён будзе змагацца з ёю ў баях зацятых.
І будзе кожны ўдар палкі пабівання, які Госпад спусціць на яго, пад тымпан і цытру; і ў войнах узнятых будзе з імі змагацца.
Бо здаўна ўжо прыгатаваны Тафэт, таксама прызначаны для валадара, глыбокі і шырокі, вогнішча агню, і дрэва шмат; і подых ГОСПАДА, як струмень серкі, распаліць яго.
Бо ад учора прыгатавана Тафэт, прыгатавана, глыбокая і шырокая, у кастры яе агонь і шмат дрэва; дыханне Госпада, як ручай серы, яе распаліць.