Ісаі 47 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Зыйдзі і сядзь у пыл, дзяўчына, дачка Бабілону! Сядзь на зямлі, без пасаду, дачка Халдэйцаў! Бо ты больш ня будзеш называцца чульлівай і далікатнай.
 
«Сыдзі ды сядзь у попеле, дзева, дачка Бабілона! Сядзь на зямлі, не на пасадзе, дачка халдэйская! Бо болей не будзеш называцца прывабнай і пяшчотнай.

Вазьмі жорны і мялі муку, і здымі вэлюм твой, падкашы сукенку, адкрый ногі, пераходзь праз рэкі.
 
Вазьмі жорны і мялі муку, здымі вэлюм свой, прыпадымі сукенку, адкрый голені, перайдзі па вадзе!

І будзе адкрыты сорам твой, і ўбачаць ганьбу тваю! Я адпомшчу і не пашкадую нікога.
 
Адкрыецца галізна твая, і ўбачаць няславу тваю. Учыню Я помсту, нікога не пашкадую, —

Адкупіцель наш, ГОСПАД Магуцьцяў — імя Ягонае, Сьвяты Ізраіля [кажа].
 
кажа Адкупіцель наш, імя Яго — Госпад Магуццяў, Святы Ізраэлеў. —

Сядзь моўчкі і ўвайдзі ў цемру, дачка Халдэйцаў, бо не назавуць цябе больш гаспадыняй над валадарствамі.
 
Сядзь моўчкі і ўвайдзі ў цемру, дачка халдэйская! Бо не назавуць цябе больш валадаркай царстваў.

Я загневаўся на народ Мой, апаганіў спадчыну Маю і аддаў іх у руку тваю, а ты не зьявіла ім ласкі, над старымі вельмі зацяжэла ярмо тваё.
 
Раззлаваўся Я на народ Мой, апаганіў спадчыну Маю і аддаў іх у руку тваю, не аказала ты ім міласэрнасці, на старца ўсклала вельмі цяжкае ярмо тваё.

Ты казала: «Вечна я буду гаспадыняй», і не ўяўляла ў сэрцы тваім гэтага, і не нагадвала сабе пра канец твой.
 
Ты казала: “Вечна буду я валадаркай”. Не паклала ты гэтага на сэрца сваё і не прыгадала таго, што будзе потым.

А цяпер паслухай гэта, прыгажуня, якая жывеш у бясьпецы, якая кажаш у сэрцы сваім: «[Толькі] я, і акрамя мяне [няма] нікога, не застануся ўдавой і не зазнаю сіроцтва!»
 
А цяпер паслухай вось што, прыгажуня, ты жывеш самаўпэўнена і кажаш у сэрцы сваім: “Я, і апрача мяне — ніякай іншай, не застануся ўдавой і не зазнаю бяздзетнасці!”

Але прыйдзе да цябе і тое, і іншае. Раптам, у адзін дзень і сіроцтва, і ўдоўства зваляцца на цябе, нягледзячы на мноства чараваньняў тваіх, нягледзячы на моц мноства заклёнаў тваіх.
 
Прыйдуць да цябе абедзьве гэтыя: раптам, у адзін дзень, і бяздзетнасць, і ўдоўства; нечакана зваляцца яны на цябе дзеля мноства чараўніцтваў тваіх, дзеля шматлікасці закляццяў тваіх.

Бо ты спадзявалася на злоснасьць тваю і казала: «Ніхто ня ўбачыць мяне». Мудрасьць твая і веданьне тваё падманулі цябе, і ты сказала ў сэрцы тваім: «Я, і больш ніхто!»
 
І давер мела ты ў ліхоце сваёй, і казала: “Няма нікога, хто ўбачыць мяне”. Мудрасць твая і веды твае, — падманулі яны цябе. І сказала ты ў сэрцы сваім: “Я, і апрача мяне, — ніякай іншай”.

Таму прыйдзе на цябе гора, і ня будзеш ведаць заклёну супраць яго, і спадзе на цябе бяда, і ня зможаш пазьбегнуць яе, і прыйдзе на цябе раптам зьнішчэньне, пра якое ня ведаеш.
 
Прыйдзе на цябе няшчасце, і ты не будзеш ведаць, адкуль яно падымецца, і спадзе на цябе бяда, якой не зможаш адвярнуць; прыйдзе на цябе раптам гора, якога не ведаеш.

Заставайся з заклёнамі тваімі і з мноствам чараваньняў тваіх, у якіх практыкавалася ад юнацтва твайго. Можа, будзеш мець з іх карысьць, а можа, напалохаеш [каго].
 
Трымайся сваіх закляццяў і мноства злачынстваў сваіх, у якіх практыкавалася ад юнацтва свайго; можа, дапаможаш сабе, а можа, утрымаешся.

Ты стамілася ад мноства дарадцаў тваіх. Няхай стануць і ратуюць цябе тыя, якія мераюць неба і глядзяць за зоркамі, і прадказваюць на кожны месяц, што мае прыйсьці да цябе.
 
Змарнела ты ад мноства дараднікаў сваіх, хай стаяць і ратуюць цябе, якія разглядаюць неба і абвяшчаюць пры кожным маладзіку, што з табой будзе.

Вось, яны сталіся, як салома, агонь спаліць іх, і ня выратуюць яны душы сваёй ад рукі агню; бо гэта ня жар, якім грэюцца, гэта ня вогнішча, каб сядзець пры ім.
 
Вось жа, сталіся яны, як саломіны, агонь спаліў іх. Не вызваляць яны саміх сябе ад моцы агню; гэта не вуглі, якімі сагрэюцца, і гэта не вогнішча, каб сядзець пры ім.

Такімі стануць для цябе тыя, з якімі ты працавала, якія атачалі цябе ад юнацтва твайго. Кожны будзе блукаць у свой бок, і ніхто не ўратуе цябе.
 
Такімі робяцца для цябе твае чараўнікі, з якімі ты займалася ад юнацтва свайго; кожны блудзіць на дарозе сваёй, няма нікога, хто цябе ўратуе.