Ісаі 66 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Гэта кажа ГОСПАД: «Неба — пасад Мой, а зямля — падножжа ног Маіх. Які [павінен быць] дом, што вы пабудуеце Мне, і якое месца супачынку Майго?»
 
Гэта кажа Госпад: «Неба — пасад Мой, а зямля — падножжа ног Маіх. Які ж дом пабудуеце Мне, — кажа Госпад, або якое месца для супачынку Майго?

Усё гэта зрабіла рука Мая, і ўсё гэта Маё, кажа ГОСПАД. Але Я гляджу на таго, хто бедны і прыгнечаны духам і хто трымціць перад словам Маім.
 
Ці ж не рука Мая ўчыніла ўсё гэта, ды ўсё гэта Маё, — кажа Госпад. — Але вось да каго Я буду прыглядацца: да беднага і прыгнечанага духам, і да таго, хто трымціць перад словамі Маімі.

[Ёсьць такі,] што забівае ў ахвяру вала і забівае чалавека; ахвяроўвае барана і скручвае галаву сабаку, складае ахвяру хлебную і ўжывае кроў сьвіньні, паліць кадзіла і шануе ідала. Як яны выбралі шляхі свае, і душа іхняя ўпадабала брыдоту,
 
Ёсць такі, што забівае на ахвяру вала і забівае чалавека; што забівае на ахвяру авечку і скручвае галаву сабаку; складае ахвяру з ежы і поруч з крыві парсюка, паліць кадзіла і дабраслаўляе ідала. Падобна, як тыя выбралі сабе дарогі і душы іх адчуваюць асалоду ад агіднасцей іх,

Я таксама выберу ім долю ліхую, і тое, чаго яны баяцца, навяду на іх, бо Я клікаў, і ніхто не адказваў, гаварыў, а яны ня слухалі, і чынілі ліхоту на вачах Маіх, і тое выбіралі, што не падабалася Мне.
 
так і Я выберу ім долю іх ліхую, і тое, чаго яны баяцца, напушчу на іх, бо Я клікаў — і не было каму адказаць, гаварыў — а не слухалі, і дапускаліся ліхоты на вачах Маіх, ды, што Мне не падабалася, выбралі».

Слухайце слова ГОСПАДА вы, якія трымціце перад словам Ягоным. Кажуць браты вашыя, якія ненавідзяць вас, якія выганяюць вас з прычыны імя Майго: «Няхай ГОСПАД зьявіць славу Сваю, каб мы ўбачылі радасьць вашую», але яны будуць асаромленыя.
 
Слухайце слова Госпада, якія трымціце перад словам Яго. Сказалі браты вашы, якія ненавідзяць вас і якія вас адганяюць дзеля Майго імя: «Хай Госпад пакажа Сваю славу, каб мы аглядалі вашу радасць», але яны пасаромеюцца.

Голас гоману з гораду, голас са Сьвятыні, [гэта] голас ГОСПАДА, Які дае адплату ворагам Сваім.
 
Голас крыку з горада, голас са святыні, голас Госпада, Які дае адплату непрыяцелям Сваім.

Перш, чым адчула боль радзінаў, нарадзіла [дзіця], перш, чым прыйшлі роды, нарадзіла хлопца.
 
Перш чым пакутавала родамі, нарадзіла дзіця, перш чым прыйшлі роды яе, нарадзіла хлопца.

Хто калі чуў пра такое? Хто бачыў падобнае? Ці нараджаецца зямля ў адзін дзень? Ці нараджаецца народ адным разам? Бо Сыён ледзь адчуў боль радзінаў і ўжо нарадзіў сыноў сваіх!
 
Хто калі чуў такія рэчы? Ды хто бачыў штосьці падобнае? Ці ж родзіцца зямля ў адзін дзень, ці ж народ родзіцца імгненна? Бо Сіён толькі пачаў пакутаваць родамі, ужо нарадзіў сваіх сыноў.

Ці Я давяду да ўлоньня і ня дам нарадзіць, кажа ГОСПАД? Ці Я, даючы моц нарадзіць, зачыню [ўлоньне], кажа Бог твой.
 
«Няўжо ж Я адчыняю ўлонне і не дам нарадзіць?» — кажа Госпад. «Ці ж Я, Які даю нарадзіць, зачыню ўлонне?» — кажа твой Бог.

Радуйцеся з Ерусалімам, весяліцеся ў ім усе, якія любіце яго. Цешцеся з ім радасьцю ўсе, якія смуткавалі дзеля яго,
 
Цешцеся разам з Ерузалімам, весяліцеся ў ім усе, якія шануеце яго; радуйцеся з ім радасцю ўсе, якія смуткавалі над ім,

каб вы смакталі і насыціліся з грудзей пацяшэньня ягонага, каб вы смакталі і насалоджваліся з грудзей славы ягонай.
 
каб ссаць маглі вы і насыціліся з грудзей яго пацехі, каб даілі і ў раскошы выплывалі з грудзей яго пахвалы.

Бо гэта кажа ГОСПАД: «Вось, Я накірую да яго мір, як раку, і славу народаў — як павадкавы ручай. На руках будуць насіць вас і на каленях будуць песьціць.
 
Бо гэта кажа Госпад: «Вось жа, Я накірую да яго супакой, як раку, і славу народаў, як паводкавы ручай. Будзеце ссаць, і будуць насіць вас на руках і на каленях будуць песціць вас.

Як маці суцяшае [дзіця], так Я суцешу вас, і ў Ерусаліме вы будзеце суцешаныя».
 
Як каго калі маці пацяшае, так Я пацешу вас, і ў Ерузаліме будзеце пацешаны».

І ўбачыце, і будзе радавацца сэрца вашае, і косткі вашыя расквітнеюць, як мурог, і рука ГОСПАДА выявіцца слугам Ягоным, а гнеў Ягоны — ворагам Ягоным.
 
Убачыце, і будзе радавацца сэрца ваша, і косці вашы набяруць свежасці, як мурог, ды рука Госпадава аб’явіцца на паслугачах Яго, а гнеў — на Яго ворагах.

Бо вось ГОСПАД прыйдзе ў агні, і калясьніца Ягоная — быццам віхура, каб выліць жар гневу Свайго і пагрозы Свае як полымя агню.
 
Бо, вось, Госпад прыйдзе ў агні і калясніцы Яго — быццам віхор, каб аддаць у абурэнні гневу Свайго, і пагрозай Сваёй у полымі агню;

Бо агнём і мячом Сваім ГОСПАД будзе судзіць усякае цела, і шмат будзе пабітых ГОСПАДАМ.
 
бо агнём Госпад судзіць будзе і мечам Сваім кожнае цела, і шмат будзе забітых Госпадам.

А тыя, якія асьвячаюць сябе і ачышчаюць у гаях, [ідучы] адзін за адным у сярэдзіну [іх], і ядуць мяса сьвіньні, і брыдоту, і мышэй, яны разам будуць зьнішчаны, кажа ГОСПАД.
 
«Тыя, якія пасвячаюцца і ачышчаюцца, каб увайсці ў сады за іншым, які стаіць у сярэдзіне, якія ядуць свіное мяса, і мярзоту, і мышэй, прападуць разам, — кажа Госпад. —

Я [ведаю] ўчынкі іхнія і думкі іхнія, і прыйду, каб сабраць усе народы і мовы; і прыйдуць яны, і ўбачаць славу Маю.
 
Я, вось, ведаючы дзейнасць іх і намеры іх, прыйду, каб сабраць усе народы і мовы; і прыйдуць і ўбачаць славу Маю.

І Я пастаўлю ім знак, і пашлю выратаваных спаміж іх да народаў, у Таршыш, Пул, Люд, Мэшэх, Кешэт, Туваль і Яван, на астравы далёкія, якія ня чулі весткі пра Мяне і ня бачылі славы Маёй. І яны абвесьцяць славу Маю паміж народамі.
 
І пастаўлю ў іх знак, і пашлю некаторых з іх, якія будуць збаўлены, да народаў у Тарсіс, Пут, Луд, Масок, Рос, Тубал і Яван, да астравоў далёкіх, да тых, якія не чулі пра Мяне і не бачылі Маёй славы. Яны абвясцяць Маю славу народам

І яны прывядуць усіх братоў вашых з усіх народаў як дар для ГОСПАДА на конях і на вазах, на насілах, і на мулах, і на вярблюдах на сьвятую гару Маю, у Ерусалім, кажа ГОСПАД, як сыны Ізраіля прыносяць дар у чыстых пасудзінах у Дом ГОСПАДА.
 
і прывядуць з усякіх народаў у ахвяру для Госпада ўсіх вашых братоў на конях, на калясніцах, на насілках, на мулах і на драмадэрах на святую Маю гару ў Ерузаліме, — кажа Госпад, — падобна, як сыны Ізраэля прыносяць ахвяры ў чыстым посудзе да дома Госпада.

І Я таксама вазьму з іх сьвятароў і лявітаў, кажа ГОСПАД.
 
І Я вазьму з іх некаторых у святары і ў левіты, — кажа Госпад.

Бо як новае неба і новая зямля, якія Я раблю, будуць стаяць перад абліччам Маім, кажа ГОСПАД, так будзе стаяць насеньне вашае і імя вашае.
 
Бо як нябёсы новыя і зямля новая, якія Я зраблю, будуць трываць перада Мною, — кажа Госпад, — так трываць будзе ваша патомства і ваша імя.

І станецца, што з маладзіка ў маладзік, з суботы ў суботу будзе прыходзіць кожнае цела, каб пакланіцца перад абліччам Маім, кажа ГОСПАД.
 
І будзе: пры кожным маладзіку і ў кожны шабат прыйдзе кожная жывая істота, каб пакланіцца перад абліччам Маім, — кажа Госпад. —

І яны выйдуць, і ўбачаць трупы людзей, якія адступіліся ад Мяне, бо чарвяк іхні не памрэ, і агонь іхні ня згасьне; і будуць яны брыдотай для ўсякага цела.
 
І выйдуць, і ўбачаць трупы людзей, якія ўзбунтаваліся супраць Мяне. Бо чарвяк іх не памрэ і агонь іх не згасне, і будуць яны агіднасцю для кожнай жывой істоты».