Ісаі 65 разьдзел
Кніга прарока Ісаі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча
Я адкрыўся тым, якія не пыталіся пра Мяне, Я знойдзены тымі, якія не шукалі Мяне. Я казаў: «Вось Я, вось Я!» да народу, які ня клікаў імя Маё.
Я даўся вышукаць тым, каторыя ня пыталіся Мяне, даўся знайсьці тым, што ніколі ня шукалі Мяне; Я сказаў: «Тут Я! тут Я!» народу, што ня зваўся імям Маім.
Увесь дзень Я выцягваў рукі Мае да народу бунтаўнічага, які ходзіць па шляху нядобрым, паводле намераў сваіх,
Выцягаў Я рукі Свае ўвесь дзень да люду ўпорлівага, што ходзе па нядобрай дарозе, подле думак сваіх,
да народу, які гнявіць Мяне перад абліччам Маім заўсёды, які складае ахвяры ў гаях і паліць кадзіла на цэглах.
Да люду, каторы кажначасна гнявіць Мяне перад відам Маім, абракае ў гародах і кадзе кадзіла на цэглах;
Яны сядзяць у магілах, начуюць у заканурках, ядуць сьвіное мяса, і стравы нячыстыя ў пасудзінах іхніх,
Каторы сядзіць на грабох і начуе ў патайных пячорах, есьць сьвіное мяса, і агідная страва ў судзьдзю іхным;
яны кажуць: «Адыйдзіся! Не набліжайся да мяне, бо я — сьвяты для цябе». Яны [выклікаюць] дым у ноздрах Маіх, агонь, які палае ўвесь дзень.
Каторы кажа: «Стой асобна, ня бліжся да мяне, бо я сьвятшы за цябе». Гэтыя — дым у нос Мой і цяпло, што гарыць увесь дзень.
Вось, напісана перад абліччам Маім. Ня буду маўчаць, пакуль не аднагароджу, і не аднагароджу ва ўлоньне іхняе.
Глянь, гэта напісана перад Імною: «Я ня змоўкну, але адплачу, навет адплачу ў заўлоньне іхнае.
За беззаконьні вашыя і за беззаконьні бацькоў вашых, кажа ГОСПАД, што вы кадзілі на гарах і на ўзгорках зьневажалі Мяне, Я адмераю ім плату ва ўлоньне іхняе за ўчынкі старадаўнія.
Бяспраўі вашыя й разам бяспраўі бацькоў вашых, — кажа СПАДАР, — каторыя кадзілі на горах, і на ўзгорках блявузґалі Імне; затым Я адмераю бытую работу іхную ў грудзі іхныя».
Гэта кажа ГОСПАД: «Калі знаходзіцца сок у гронках вінаградных і кажуць: “Ня нішчыце іх, бо ў іх дабраславенства”, так і Я зраблю дзеля слугаў Маіх, каб ня нішчыць усяго.
Гэтак кажа СПАДАР: «Калі новае віно знойдзеце ў гранцы, тады кажуць: "Ня псуй яе, бо ў ёй дабраславенства"; так зраблю Я дзеля слугаў Сваіх, каб не загубіць іх усіх.
І Я выведу з Якуба насеньне, а з Юды — спадкаемца гор Маіх, і выбранцы Мае ўспадкаемяць [зямлю], і слугі Мае будуць жыць там.
Я вывяду насеньне зь Якава і спадкаемцу гор Маіх — зь Юды, і спадуць яны абраным Маім, і слугі Мае будуць жыць там.
І стане Шарон пашаю для авечак, а даліна Ахор — выганам для быдла для народу Майго, які шукае Мяне.
І будзе Шарон пасьцьбішчам драбному статку і даліна Ахор — месцам супачынку буйному статку люду Майго, што шукаў Мяне.
А вы пакінулі ГОСПАДА і забыліся пра сьвятую гару Маю, і накрываеце стол у гонар Гада і напаўняеце [келіхі] віном мяшаным у гонар Мэні.
А вы, што пакінулі СПАДАРА й забыліся сьвятую гару Маю, што спраўляеце чэсьць Гаду і напаўняеце ўзьліваньне Мэні, —
І Я прызначаю [вас] пад меч, і ўсе вы пойдзеце на зарэз, бо Я клікаў вас, а вы не адказвалі, гаварыў, а вы ня слухалі, і чынілі ліхоту на вачах Маіх, і выбралі сабе тое, што Мне не падабалася».
Вас залічу пад меч, і ўсі вы ўклякнеце на зарэз за тое, што Я гукаў вас — і вы не адказалі, казаў вам — і вы ня слухалі, рабілі ліха ў ваччу Маім і абіралі сабе тое, што ня любе Імне».
Дзеля гэтага так кажа Госпад ГОСПАД: «Вось, слугі Мае будуць есьці, а вы будзеце галадаць; слугі Мае будуць піць, а вы будзеце смагнуць; слугі Мае будуць радавацца, а вы будзеце асаромленыя.
Затым гэтак кажа Спадар СПАДАР: «Вось, слугі Мае будуць есьці, але вы будзеце галадаваць; вось, слугі Мае будуць піць, але вы будзеце сьмягці; вось, слугі Мае будуць цешыцца, але вы будзеце асарамочаны;
Вось, слугі Мае будуць сьпяваць з радасьцю сэрца, а вы будзеце крычаць з болем сэрца, будзеце галасіць з прыгнечаным духам.
Вось, слугі Мае будуць пяяць з радасьці сэрца, але вы будзеце крычэць із болю сэрца і будзеце выць ад патрышчаньня духа.
І вы пакінеце імя вашае выбранцам Маім на праклён, [які кажа]: “Няхай заб’е цябе Госпад ГОСПАД”, а слугі Мае будуць названыя іншым імем,
І пакінеце імя вашае абраным Маім на праклён; і зробе сьмерць табе Спадар Бог, і назавець слугаў Сваіх імям іншым,
якім хто будзе дабраслаўляць на зямлі, будзе дабраслаўлёны Богам верным, а хто будзе прысягаць на зямлі, будзе прысягаць Богам верным, бо ўціскі даўнейшыя забудуцца і будуць закрытыя перад вачыма Маімі».
Так што тый, каторы дабраславіцца на зямлі, дабраславіцца Богам вернасьці; і хто прысягае на зямлі, прысягае Богам верным; бо будуць забыты былыя клопаты і схаваны ад аччу Маіх;
Бо вось, Я ствару новае неба і новую зямлю, і ня будуць узгадваць даўнейшае, і яно ня прыйдзе на сэрца.
Бо вось, Я ствару новыя нябёсы й новую зямлю, і бытыя ня будуць успамінаны і ня прыйдуць удум.
А вы будзеце цешыцца і весяліцца вечна з таго, што Я ствару, бо вось, Я ствару Ерусалім дзеля вясёласьці, а народ ягоны — дзеля ўцехі.
А вы будзеце весяліцца а цешыцца на векі з тога, што Я ствару; бо вось, Я ўчыню Ерузалім радасьцяй і люд яго весялосьцяй,
І Я буду радавацца з Ерусаліму, і буду цешыцца з народу Майго, і ня будзе больш чуваць у ім голас плачу і голас нараканьня.
І буду цешыцца зь Ерузаліму і радавацца зь люду Свайго; і наперад голасу плачу а голасу галашэньня ня будзе чуць у ім.
І ня будзе з таго часу ў ім малога днямі і старога, які б не дапоўніў дзён сваіх, бо юнак памрэ стогадовым, а стогадовы грэшнік будзе пракляты.
І ня будзе там ужо сысуна й старога, што ня выпаўніў бы дзён сваіх; бо людзіна сту год будзе паміраць як маладзён; а грэшнік, хоць сту год, будзе праклінаны.
І пабудуюць дамы, і будуць жыць [у іх], і пасадзяць вінаграднікі, і будуць есьці плады іхнія.
Яны будуць станавіць дамы й жыць; пасадзяць вінішчы й будуць есьці плады іх.
Ня будуць будаваць, каб хто іншы [ў іх] жыў, і ня будуць садзіць, каб хто іншы еў. Бо як дні дрэва [будуць] дні народу Майго, і выбранцы Мае будуць карыстацца зробленым рукамі іхнімі.
Яны ня будуць станавіць, а іншыя жыць; ня будуць садзіць, а іншыя есьці; бо, як дні дзерва, дні люду Майго, і працу рук сваіх зужывуць абраныя Мае.
Ня будуць працаваць надарма, і ня будуць нараджаць [дзяцей] на загубу, бо яны — насеньне, дабраслаўлёнае ГОСПАДАМ, і нашчадкі іхнія разам з імі.
Яны ня будуць працаваць задарма й ня будуць радзіць на страх сабе; бо яны насеньне, дабраславёнае СПАДАРОМ, і патомства іхнае зь імі.
І станецца, што перш, чым яны паклічуць, Я адкажу ім, і калі яшчэ будуць гаварыць, Я ўжо выслухаю [іх].
І будзе, што ўперад, чымся яны пагукаюць, Я адкажу ім; пакуль яны будуць яшчэ мовіць, Я ўжо пачую іх.
Воўк і ягня будуць пасьвіцца разам, і леў, як вол, будзе есьці салому, а зьмей будзе жывіцца парахном [зямлі]. І ня будуць чыніць зла, і ня будуць чыніць загубы на ўсёй гары Маёй сьвятой, кажа ГОСПАД.
Воўк і ягнё будуць пасьціцца разам, і леў, як буйны статак, будзе есьці салому, і гадзіне пыл будзе ежаю. Яны ня будуць шкодзіць ані нішчыць на ўсёй сьвятой гары маёй», — кажа СПАДАР.