Ісаі 65 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Я адкрыўся тым, якія не пыталіся пра Мяне, Я знойдзены тымі, якія не шукалі Мяне. Я казаў: «Вось Я, вось Я!» да народу, які ня клікаў імя Маё.
 
Я адкрыўся ня тым, што пыталіся пра Мяне; Мяне знайшлі ня тыя, што штурхалі Мяне: «вось Я! вось Я!» казаў Я народу, які не называўся імем Маім.

Увесь дзень Я выцягваў рукі Мае да народу бунтаўнічага, які ходзіць па шляху нядобрым, паводле намераў сваіх,
 
Кожны дзень працягваў Я рукі Мае народу непакорліваму, што хадзіў шляхам нядобрым, паводле сваіх намыслаў,

да народу, які гнявіць Мяне перад абліччам Маім заўсёды, які складае ахвяры ў гаях і паліць кадзіла на цэглах.
 
народу, які пастаянна зьневажае Мяне ў твар, прыносіць ахвяры ў гаях і паліць фіміям на цэглах,

Яны сядзяць у магілах, начуюць у заканурках, ядуць сьвіное мяса, і стравы нячыстыя ў пасудзінах іхніх,
 
сядзіць у магілах і начуе ў пячорах; есьць сьвіное мяса, і агіднае варыва ў посудзе ягоным;

яны кажуць: «Адыйдзіся! Не набліжайся да мяне, бо я — сьвяты для цябе». Яны [выклікаюць] дым у ноздрах Маіх, агонь, які палае ўвесь дзень.
 
які кажа: «спыніся: не падыходзь да мяне, бо я сьвяты для цябе». Яны — дым у нос Мой, — агонь, што гарыць кожны дзень.

Вось, напісана перад абліччам Маім. Ня буду маўчаць, пакуль не аднагароджу, і не аднагароджу ва ўлоньне іхняе.
 
Вось што напісана перад абліччам Маім: ня змоўчу, а аддам, аддам у нетры іх,

За беззаконьні вашыя і за беззаконьні бацькоў вашых, кажа ГОСПАД, што вы кадзілі на гарах і на ўзгорках зьневажалі Мяне, Я адмераю ім плату ва ўлоньне іхняе за ўчынкі старадаўнія.
 
беззаконьні вашыя, кажа Гасподзь, і разам беззаконьні бацькоў вашых, якія палілі фіміям на горах, і на пагорках ганілі Мяне; і адмераю ў нутробу іхнюю ранейшыя ўчынкі іх.

Гэта кажа ГОСПАД: «Калі знаходзіцца сок у гронках вінаградных і кажуць: “Ня нішчыце іх, бо ў іх дабраславенства”, так і Я зраблю дзеля слугаў Маіх, каб ня нішчыць усяго.
 
Так кажа Гасподзь: калі ў вінаграднай гронцы ёсьць сок, тады кажуць: не пашкодзь яе, бо ў ёй добрае слаўленьне; тое самае зраблю Я і дзеля рабоў Маіх, каб ня ўсіх загубіць.

І Я выведу з Якуба насеньне, а з Юды — спадкаемца гор Маіх, і выбранцы Мае ўспадкаемяць [зямлю], і слугі Мае будуць жыць там.
 
Я ўтвару ад Якава семя, і ад Юды — спадкаемца гор Маіх, і ўспадкуюць гэта выбранцы Мае, і рабы Мае будуць жыць там.

І стане Шарон пашаю для авечак, а даліна Ахор — выганам для быдла для народу Майго, які шукае Мяне.
 
І будзе Сарон пашаю авечкам і даліна Ахор — месцам адпачынку валам народу Майго, які знайшоў Мяне.

А вы пакінулі ГОСПАДА і забыліся пра сьвятую гару Маю, і накрываеце стол у гонар Гада і напаўняеце [келіхі] віном мяшаным у гонар Мэні.
 
А вас, якія пакінулі Госпада, забылі сьвятую гару Маю, гатуеце трапезу Гаду і распускаеце поўную чару Мне,

І Я прызначаю [вас] пад меч, і ўсе вы пойдзеце на зарэз, бо Я клікаў вас, а вы не адказвалі, гаварыў, а вы ня слухалі, і чынілі ліхоту на вачах Маіх, і выбралі сабе тое, што Мне не падабалася».
 
вас асуджаю Я пад меч, і ўсе вы схіліцеся на закол, бо Я клікаў — і вы не адказвалі, казаў — і вы ня слухалі, а рабілі ліхое ў вачах Маіх і выбіралі тое, што было не даспадобы Мне.

Дзеля гэтага так кажа Госпад ГОСПАД: «Вось, слугі Мае будуць есьці, а вы будзеце галадаць; слугі Мае будуць піць, а вы будзеце смагнуць; слугі Мае будуць радавацца, а вы будзеце асаромленыя.
 
Таму так кажа Гасподзь Бог: вось, рабы Мае будуць есьці, а вы будзеце галадаць; рабы мае будуць піць, а вы зьнемагацьмеце ад смагі;

Вось, слугі Мае будуць сьпяваць з радасьцю сэрца, а вы будзеце крычаць з болем сэрца, будзеце галасіць з прыгнечаным духам.
 
рабы Мае будуць весяліцца, а вы будзеце ў сораме; рабы Мае сьпявацьмуць ад сардэчнай радасьці, а вы будзеце крычаць ад сардэчнай скрухі і галасіць ад заняпаду духу.

І вы пакінеце імя вашае выбранцам Маім на праклён, [які кажа]: “Няхай заб’е цябе Госпад ГОСПАД”, а слугі Мае будуць названыя іншым імем,
 
І пакінеце імя ваша выбраным Маім на пракляцьце; і заб’е цябе Гасподзь Бог, а рабоў Сваіх назаве іншым імем,

якім хто будзе дабраслаўляць на зямлі, будзе дабраслаўлёны Богам верным, а хто будзе прысягаць на зямлі, будзе прысягаць Богам верным, бо ўціскі даўнейшыя забудуцца і будуць закрытыя перад вачыма Маімі».
 
якім хто будзе дабраслаўляць сябе на зямлі, будзе дабраслаўляцца Богам ісьціны; і хто будзе прысягацца на зямлі, будзе прысягаць Богам ісьціны, — бо ранейшыя смуткі будуць забытыя і схаваныя ад вачэй Маіх.

Бо вось, Я ствару новае неба і новую зямлю, і ня будуць узгадваць даўнейшае, і яно ня прыйдзе на сэрца.
 
Бо вось, Я ствараю новае неба і новую зямлю, і ранейшыя ўжо ня будуць успамінацца і ня прыйдуць на сэрца.

А вы будзеце цешыцца і весяліцца вечна з таго, што Я ствару, бо вось, Я ствару Ерусалім дзеля вясёласьці, а народ ягоны — дзеля ўцехі.
 
А вы будзеце весяліцца і радавацца вавекі з таго, што Я ствараю: бо вось, Я ствараю Ерусалім весялосьцю і народ яго радасьцю.

І Я буду радавацца з Ерусаліму, і буду цешыцца з народу Майго, і ня будзе больш чуваць у ім голас плачу і голас нараканьня.
 
І буду радавацца за Ерусалім і весяліцца за народ Мой, і не пачуецца ў ім болей голасу плачу і голасу ляманту.

І ня будзе з таго часу ў ім малога днямі і старога, які б не дапоўніў дзён сваіх, бо юнак памрэ стогадовым, а стогадовы грэшнік будзе пракляты.
 
Там ня будзе болей малалетняга і старога, які не дасягнуў бы паўнаты дзён сваіх; бо стогадовы памірацьме юнаком, але стогадовы грэшнік будзе праклінацца.

І пабудуюць дамы, і будуць жыць [у іх], і пасадзяць вінаграднікі, і будуць есьці плады іхнія.
 
І будуць будаваць дамы і жыць у іх, і садзіць вінаграднікі і есьці плады іх.

Ня будуць будаваць, каб хто іншы [ў іх] жыў, і ня будуць садзіць, каб хто іншы еў. Бо як дні дрэва [будуць] дні народу Майго, і выбранцы Мае будуць карыстацца зробленым рукамі іхнімі.
 
Ня будуць будаваць, каб іншы жыў, ня будуць садзіць, каб іншы еў; бо дні народа Майго будуць, як дні дрэва, і выбранцы Мае доўга будуць карыстацца вырабам рук сваіх.

Ня будуць працаваць надарма, і ня будуць нараджаць [дзяцей] на загубу, бо яны — насеньне, дабраслаўлёнае ГОСПАДАМ, і нашчадкі іхнія разам з імі.
 
Ня будуць працаваць марна і нараджаць дзяцей на гора; бо будуць насеньнем, дабраславёным ад Госпада, і нашчадкі іхнія зь імі.

І станецца, што перш, чым яны паклічуць, Я адкажу ім, і калі яшчэ будуць гаварыць, Я ўжо выслухаю [іх].
 
І станецца, што раней чым яны паклічуць, Я адкажу; яны яшчэ будуць гаварыць, і Я ўжо пачую.

Воўк і ягня будуць пасьвіцца разам, і леў, як вол, будзе есьці салому, а зьмей будзе жывіцца парахном [зямлі]. І ня будуць чыніць зла, і ня будуць чыніць загубы на ўсёй гары Маёй сьвятой, кажа ГОСПАД.
 
Воўк і ягня будуць пасьвіцца разам, і леў, як вол, будзе есьці салому, а зьмяі пыл будзе ежаю; яны ня будуць учыняць ліха і шкоды на ўсёй сьвятой гары Маёй, кажа Гасподзь.