Ісаі 56 разьдзел
Кніга прарока Ісаі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі
Гэта кажа ГОСПАД: «Захоўвайце суд і чыніце праведнасьць, бо неўзабаве прыйдзе збаўленьне Маё, і праведнасьць Мая аб’явіцца».
Так кажа Гасподзь: захоўвайце суд і кіруйцеся праўдаю; бо блізка збавеньне Маё і адкрыцьцё праўды Маёй.
Шчаслівы чалавек, які так робіць, і сын чалавечы, які трымаецца гэтага, які захоўвае суботу, каб не паганіць яе, і захоўвае руку сваю, каб не рабіць ніякага зла.
Шчасны муж, які робіць гэта, і сын чалавечы, які моцна трымаецца гэтага, які захоўвае суботу ад апаганьваньня і стрымлівае руку сваю, каб не зрабіць ніякага ліха.
Няхай ня кажа сын чужынца, які далучыўся да ГОСПАДА, кажучы: «Адлучаючы, адлучыць мяне ГОСПАД ад народу Свайго». Няхай ня кажа эўнух: «Вось, я — дрэва сухое».
Хай ня кажа сын іншапляменца, які далучыўся да Госпада: «Гасподзь зусім адлучыў мяне ад Свайго народа», і хай ня кажа еўнух: «вось, я сухое дрэва».
Бо гэта кажа ГОСПАД пра эўнухаў, якія захоўваюць суботы Мае і выбіраюць тое, што падабаецца Мне, і трымаюцца моцна запавету Майго:
Бо Гасподзь так кажа пра еўнухаў: хто шануе Мае суботы і выбірае заўгоднае Мне і моцна трымаецца запавету Майго,
«Я дам ім у доме Маім і ў мурах Маіх памяць і імя лепшае, чым у сыноў і дачок, дам ім імя вечнае, якое ня будзе зьнішчана».
тым дам Я ў доме Маім і ў сьценах Маіх месца і імя лепшае, чым сынам і дочкам: дам ім вечнае імя, якое ня вынішчыцца.
А сыноў чужынцаў, якія далучыліся да ГОСПАДА, каб служыць Яму і любіць імя ГОСПАДА, і быць для Яго слугамі, усіх, хто захоўвае суботу, каб не паганіць яе, і хто трымаецца моцна запавету Майго,
І сыноў іншапляменцаў, якія далучыліся да Госпада, каб служыць Яму і любіць імя Госпада, быць рабамі Яго, — усіх, хто захоўвае суботу ад апаганьваньня і цьвёрда трымаецца запавету Майго,
Я завяду на гару сьвятасьці Маёй і ўзрадую іх у доме малітвы Маім. Цэласпаленьні іхнія і ахвяры іхнія будуць даспадобы [Мне] на ахвярніку Маім, бо дом Мой будзе названы домам малітвы для ўсіх народаў.
Я прывяду на сьвятую гару Маю і парадую іх у Маім доме малітвы; цэласпаленьні іхнія і ахвяры іхнія будуць на ахвярніку Маім, бо дом Мой называецца домам малітвы для ўсіх народаў.
Кажа Госпад ГОСПАД, Які зьбірае выгнанцаў Ізраіля: «Яшчэ Я зьбяру [іншых] да яго, акрамя тых, якія ўжо сабраныя».
Гасподзь Бог, Які зьбірае расьсеяных Ізраільцянаў, кажа: да сабраных у яго Я буду яшчэ зьбіраць іншых.
Усе зьвяры палявыя, прыходзьце, і ешце, усе зьвяры лясныя.
Усе зьвяры польныя, усе зьвяры лясныя, ідзеце есьці!
Вартаўнікі іхнія ўсе сьляпыя, нічога ня ведаюць. Усе яны — сабакі нямыя, якія ня могуць брахаць, дрэмлюць, вылежваюцца, любяць спаць.
Вартаўнікі ў іх сьляпыя ўсе і невукі: усе яны нямыя сабакі, якія ня ўмеюць брахаць, пазяхаюць лежачы, любяць спаць.
І гэта сабакі ненажэрныя, якія ня ведаюць сытасьці! Гэта пастыры, якія ня маюць разуменьня, усе яны завярнулі на шлях свой, кожны [шукае] карысьці сваёй і ня маюць канца [ў гэтым],
І гэта — сабакі, прагныя душою, ня ведаюць сытасьці; і гэта — пастухі бесталковыя: усе глядзяць на сваю дарогу, кожны да апошняга, на сваю радасьць;
[кажучы]: «Прыходзьце, я вазьму віна, і нап’емся сікеры, і заўтра будзе як сёньня, хіба нават лепш».
прыходзьце, кажуць, я дастану віна, і мы нап’емся сікеры; і заўтра тое самае будзе, што сёньня, ды яшчэ і болей.