Ісаі 9 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

У часы мінулыя Ён адкінуў зямлю Завулёна і зямлю Нэфталі; але ў будучыні праславіць шлях да мора, другі бок Ярдану, Галілею паганскую.
 
Ранейшы час зьняцэніў зямлю Завулонавую і зямлю Нэфталімавую; а далейшы праславіць дарогу прыморскую, зямлю заярданскую, Галілею язычніцкую.

Народ, які ходзіць у цемры, убачыў сьвятло вялікае, над жыхарамі зямлі ценю сьмерці сьвятло зазьзяла.
 
Народ, які хадзіў у цемры, убачыць сьвятло вялікае; на жыхароў краіны ценю сьмяротнага сьвятло зазьзяе.

Ты памножыў народ і павялічыў радасьць. Яны будуць радавацца перад абліччам Тваім, як радуюцца ў [час] жніва, як цешацца, дзелячы здабычу.
 
Ты памножыш народ, павялічыш радасьць ягоную. Ён будзе весяліцца перад Табою, як весяляцца ў час жніва, як радуюцца пры падзеле здабычы.

Бо ярмо цяжару ягонага, кій, [які на] плячах ягоных, дубец крыўдзіцеля ягонага Ты зламаў як у дзень Мадыяну.
 
Бо ярмо, якое ўціскала яго, і жазло, якое біла яго, і кій прыгнятальніка — Ты паламаеш, як у дзень Мадыяма.

Бо кожны бот вайсковы, які шоргае гучна, і кожны плашч, заліты крывёю, будзе на спаленьне, на спажыву агню.
 
Бо ўсякі абутак воіна ў часе бітвы, і вопратка, залітая крывёю, будуць аддадзены на спаленьне, на ежу агню.

Бо Дзіця нарадзілася нам, Сын дадзены нам, улада на плячах Ягоных, і назавуць імя Ягонае: Цудоўны Дарадца, Бог Магутны, Бацька Вечнасьці, Князь Супакою.
 
Бо дзіця нарадзілася нам; Сын дадзены нам; уладарства на плячах у Яго, і дадуць імя Яму: Дзівосны, Дарадца, Бог Моцны, Бацька Вечнасьці, Князь Міру.

Вялікая будзе ўлада Ягоная, і супакою ня будзе канца на пасадзе Давіда і ў валадарстве Ягоным, якое Ён паставіць моцна і ўмацуе судом і праведнасьцю ад цяпер і на вякі. Рэўнасьць ГОСПАДА Магуцьцяў зробіць гэта.
 
Памнажэньню ўладарства Яго і міру няма краю на пасадзе Давідавым і ў царстве ў Яго, каб Яму сьцьвердзіць яго і ўмацаваць яго правасудзьдзем і праўдаю ад сёньня і давеку. Рупнасьць Госпада Саваофа зробіць гэта.

Слова паслаў Госпад на Якуба, і ўпала яно на Ізраіля,
 
Слова пасылае Гасподзь на Якава, і яно сыходзіць на Ізраіля,

і даведаецца яго ўвесь народ; Эфраім і жыхары Самарыі, якія з пыхаю і ганарлівасьцю сэрца кажуць:
 
каб ведаў увесь народ, Яфрэм і жыхары Самарыі, якія з пыхаю і пагардлівым сэрцам кажуць:

«Цэглы пападалі, а мы пабудуем з камянёў; сьсеклі сікаморы, мы заменім [іх] кедрамі!»
 
«цэглы пападалі, пабудуем з часанага каменю; сікаморы высечаны, заменім іх кедрамі».

І ГОСПАД падняў прыгнятальніка Рэцына на яго і ворагаў ягоных павярнуў [на яго],
 
І падыме Гасподзь супроць яго ворагаў Рэцына, і супастатаў ягоных узброіць:

Сірыю — з усходу, а Філістынцаў — з захаду, і яны жэрлі Ізраіля поўнай пашчай. Пры ўсім гэтым не адвярнуўся [ад іх] гнеў Ягоны, і яшчэ выцягнутая рука Ягоная.
 
Сірыянаў з усходу, а Філістымлянаў з захаду; і будуць яны жэрці Ізраіля на поўную пашчу. Пры гэтым не адкасьнецца гнеў Яго, і рука Яго яшчэ прасьцёртая.

Але народ не павярнуўся да Таго, Хто пабіў яго, і ГОСПАДА Магуцьцяў яны не шукалі.
 
Але народ не навяртаецца да Таго, Хто б’е яго, і да Госпада Саваофа не прыбягае.

І адрэзаў ГОСПАД у Ізраіля галаву і хвост, пальму і чарот у адзін дзень.
 
І адсячэ Гасподзь у Ізраіля галаву і хвост, пальму і трысьціну, у адзін дзень:

Стары і паважаны — гэта галава, а прарок, які вучыць хлусьні — гэта хвост.
 
старац і знакаміты, — гэта галава; а прарок-ілжэнастаўнік ёсьць хвост.

І сталася, што тыя, якія вядуць народ гэты, зводзяць яго, і тыя, якіх яны вядуць, гінуць.
 
І правадыры гэтага народа ўвядуць яго ў аблуду, і тыя, каго яны ўвядуць, загінуць.

Дзеля гэтага Госпад ня будзе радавацца дзеля юнакоў ягоных, і над сіротамі ягонымі і ўдовамі ягонымі ня зьлітуецца, бо ўсе — крывадушнікі і ліхотнікі, і ўсе вусны гавораць глупства. Пры ўсім гэтым не адвярнуўся [ад іх] гнеў Ягоны, і яшчэ выцягнутая рука Ягоная.
 
Таму за юнакоў яго не парадуецца Гасподзь, і сіротаў яго і ўдоваў не пашкадуе; бо ўсе яны — крывадушнікі і ліхадзеі, і вусны ўсіх гавораць зласьліва. Пры ўсім гэтым не адкасьнецца гнеў Ягоны, і рука Яго яшчэ прасьцёртая.

Бо разгарэлася бязбожнасьць, як агонь, зьядае церні і асот, і палае ў гушчары лесу, і ўзнімаюцца слупы дыму.
 
Бо беззаконьне, як агонь, разгарэлася; пажырае церне і калючы хмыз і палае ў нетрах лесу, — і шугаюць слупы дыму.

Ад гневу ГОСПАДА Магуцьцяў загарыцца зямля, і народ станецца спажывай агню, і не пашкадуе чалавек брата свайго.
 
Лютасьць Госпада Саваофа апаліць зямлю, і народ зробіцца спажывай агню; не ўмілажаліцца чалавек з брата свайго.

І будзе рэзаць з правага боку, і будзе галодны; і будзе есьці з левага боку, і не насыціцца; кожны будзе есьці цела рамяна свайго;
 
І будуць рэзаць з правага боку, і застануцца галодныя; і будуць есьці зь левага, і ня будуць сытыя; кожны будзе пажыраць плоць мышцы сваёй:

Манаса — Эфраіма, а Эфраім — Манасу, і абодва разам — Юду. Пры ўсім гэтым не адвярнуўся [ад іх] гнеў Ягоны, і яшчэ выцягнутая рука Ягоная.
 
Манасія — Яфрэма і Яфрэм — Манасію, абодва разам — Юду. Пры ўсім гэтым не адкасьнецца гнеў Яго, і рука Яго яшчэ прасьцёртая.