Ісаі 50 разьдзел
Кніга прарока Ісаі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі
Гэта кажа ГОСПАД: «Дзе ліст разводны маці вашай, з якім Я адаслаў яе? Або хто пазыкадавец Мой, якому Я прадаў вас? Вось, за правіны вашыя былі вы прададзеныя, і за злачынствы вашыя адасланая маці вашая.
Так кажа Гасподзь: дзе разводны ліст вашай маці, зь якім Я адпусьціў яе? альбо якому з маіх пазыкоўцаў Я прадаў вас? Вось, вы прададзены за грахі вашыя, і за злачынствы вашыя адпушчана маці вашая.
Чаму, калі Я прыйшоў, не было нікога? Я клікаў, і ніхто не адказваў? Ці ж кароткай стала рука Мая, каб вызваляць? Ці ж ня маю Я сілы, каб выратоўваць? Вось, пагрозай Маёй Я высушваю мора, перамяняю рэкі ў пустыню, і гніюць рыбы іхнія без вады, і дохнуць ад смагі.
Чаму, калі Я прыходзіў, нікога ня было, і калі Я клікаў, ніхто не азываўся? Хіба рука Мая кароткая стала, каб выбаўляць, альбо няма сілы ўва Мне, каб ратаваць? Вось, грозьбаю Маёю Я высушваю мора, ператвараю рэкі ў пустыню; рыбы ў іх гніюць ад нястачы вады і паміраюць ад смагі.
Я апранаю ў цемру неба і зрэбніцу раблю пакрыцьцём ягоным».
Я апранаю нябёсы ў морак, і вярэту раблю покрывам іхнім.
Госпад ГОСПАД даў Мне язык вучня, каб Я ведаў, як падтрымаць зьняможанага словам бадзёрым. Кожную раніцу Ён абуджае вуха Маё, каб Я слухаў Яго, як вучань.
Гасподзь Бог даў Мне язык мудрых, каб Я мог словам мацаваць зьнямоглага: кожнае раніцы Ён будзіць, будзіць вуха Маё, каб Я чуў, быццам вучань.
Госпад ГОСПАД адкрыў Мне вуха, і Я не супрацівіўся, не адступіўся назад.
Гасподзь Бог адкрыў Мне вуха, і Я не ўсупрацівіўся, не адступіў назад.
Сьпіну Маю Я падставіў тым, якія б’юць, і шчокі Мае — тым, якія ўдараюць. Аблічча Маё Я не схаваў ад ганьбы і пляваньня.
Я аддаў хрыбет Мой тым, што б’юць, і шчокі Мае — пабойцам; твару Майго не засланяў ад кляцьбы і апляваньня.
Але Госпад ГОСПАД дапаможа Мне, таму Я не саромеюся, таму Я зрабіў аблічча Маё як крэмень, і ведаю, што ня буду ў ганьбе.
І Гасподзь Бог дапамагае Мне: таму Я не саромеюся, таму Я трымаю твар Мой, як крэмень, і ведаю, што не застануся ў ганьбе.
Блізка Той, Які апраўдвае мяне. Хто будзе спрачацца са Мною? Станьма [насупраць] разам! Хто абвінаваўца ў судзе Маім? Няхай падыйдзе да Мяне.
Блізкі Апраўдальнік Мой; хто хоча спаборнічаць са Мною? станем разам. Хто хоча судзіцца са Мною? хай падыдзе да Мяне.
Вось, Госпад ГОСПАД дапаможа Мне. Хто будзе вінаваціць Мяне? Вось, усе яны спарахнеюць, як адзеньне, і моль зьесьць іх.
Вось, Гасподзь Бог дапамагае Мне: хто асудзіць Мяне? Вось, усе яны як вопратка зьлядашчацца; моль зьесьць іх.
Хто з вас баіцца ГОСПАДА, няхай слухае голас Слугі Ягонага! Хто ходзіць у цемры і няма яму сьвятла, няхай спадзяецца на імя ГОСПАДА і няхай абапіраецца на Бога свайго.
Хто з вас баіцца Госпада, слухаецца голасу Раба Ягонага? Хто ходзіць у мораку, безь сьвятла, хай спадзяецца на імя Госпада і хай мацуецца ў Богу сваім.
Вось, вы ўсе, якія распальваеце агонь, узбройваецеся стрэламі вогненнымі, ідзіце ў полымя агню вашага, сярод стрэлаў вогненных, якія вы распалілі. Гэта рука Мая зрабіла вам, і вы будзеце качацца ў пакутах.
Вось, усе вы, што разводзіце агонь, запасеныя запальнымі стрэламі, ідзеце ў полымя агню вашага і стрэлаў, распаленых вамі! Гэта будзе вам ад рукі Маёй: у пакутах сканаеце.