Ісаі 41 разьдзел
Кніга прарока Ісаі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі
Маўчыце перада Мною, астравы! Няхай народы адновяць сілы свае. Няхай наблізяцца і прамовяць: «Станем разам на суд!»
Змоўкніце перада Мною, выспы, і народы хай абновяць сваю сілу; няхай яны наблізяцца і скажуць: «станьма разам на суд».
Хто абудзіў праведніка з усходу, паклікаў ногі ягоныя [ісьці], перад абліччам ягоным перамог народы і падпарадкаваў валадароў? Меч ягоны сьцірае іх у парахно, лук ягоны разносіць іх, як салому.
Хто абудзіў з усходу мужа праўды, заклікаў яго ісьці сьледам за сабою, аддаў яму народы і ўпакорыў цароў? Ён абярнуў іх мечам ягоным у пыл, лукам ягоным у салому, якую разносіць вецер.
Ён гоніць іх, ідзе спакойна дарогаю, па якой ніколі не хадзілі ногі ягоныя.
Ён гоніць іх, ідзе спакойна дарогаю, па якой ніколі не хадзіў нагамі сваімі.
Хто ўчыніў і зьдзейсьніў гэта? Той, Які кліча пакаленьні здаўна. Я, ГОСПАД, — першы, і сярод апошніх Я такі Самы.
Хто зрабіў і зьдзейсьніў гэта? Той, Хто ад пачатку выклікае роды; Я — Гасподзь першы, і ў апошніх — Я такі самы.
Убачылі астравы і спалохаліся, і канцы зямлі затрымцелі. Яны набліжаюцца і прыходзяць.
Убачылі выспы і жахнуліся, канцы зямлі затрымцелі. Яны зьблізіліся і сышліся;
Кожны дапамагае бліжняму свайму і кажа брату свайму: «Будзь моцны!»
кожны дапамагае свайму прыяцелю і кажа свайму брату: «мацуйся!»
І ўмацоўвае майстар залатара, той, які б’е молатам, — таго, які куе на кавадле, і кажа пра злучэньне: «Добрае яно», і ўмацоўвае цьвікамі, каб не хісталася.
Каваль падбадзёрвае гутніка, кляпальшчык — таго, хто куе на кавадле, кажучы пра спайку: «добрая»; і мацуе цьвікамі, каб было цьвёрда.
А ты, Ізраіль, слуга Мой, Якуб, якога Я выбраў, насеньне Абрагама, сябра Майго,
А ты, Ізраіле, рабе Мой, Якаве, якога Я выбраў, насеньне Абрагама, сябра Майго,
ты, якога Я ўзяў з канцоў зямлі, і з ускраін ейных паклікаў цябе, і сказаў табе: «Ты — слуга Мой, Я выбраў цябе і не адкінуў цябе».
ты, каго Я ўзяў ад канцоў зямлі, і паклікаў ад краёў яе, і сказаў табе: ты — Мой раб, Я выбраў цябе і не адкінуў цябе,
Ня бойся, бо Я з табою, не азірайся [па баках], бо Я — Бог твой! Я ўмацую цябе і дапамагу табе, і падтрымаю цябе правіцай праведнасьці Маёй.
ня бойся, бо Я — з табою; не бянтэжся, бо Я — Бог твой; Я ўмацую цябе і дапамагу табе, і падтрымаю цябе правіцаю праўды Маёй.
Вось, асаромяцца і будуць у ганьбе ўсе, якія злуюцца на цябе, і стануцца як нішто, і загінуць усе, якія спрачаюцца з табою.
Вось, у сораме і ганьбе застануцца ўсе, угневаныя на цябе, — будуць як нішто, і загінуць тыя, што спрачаюцца з табою.
Будзеш шукаць іх і ня знойдзеш тых, якія варагуюць з табою, і стануцца як нішто і загінуць тыя, якія ваююць з табою.
Будзеш іх шукаць — і ня знойдзеш іх, што варагуюць з табою; змаганцы супроць цябе будуць як нішто, зусім нішто;
Бо Я — ГОСПАД, Бог твой, Які трымае цябе за правую руку тваю і кажа табе: «Ня бойся, Я дапамагаю табе.
бо Я — Гасподзь Бог твой; трымаю цябе за правую руку тваю; кажу табе: «ня бойся, Я пасабляю табе».
Ня бойся, чарвяк Якуб, жменька Ізраіль. Я дапамагаю табе, кажа ГОСПАД, і Адкупіцель твой — Сьвяты Ізраіля».
Ня бойся, чарвяк Якаў, малалюдны Ізраіле, — Я пасабляў табе, кажа Гасподзь і Адкупнік твой, Сьвяты Ізраілеў.
Вось, Я перамяню цябе ў малатарню новую, вострую, зубчастую, і будзеш ты малаціць і трушчыць горы, і ўзгоркі сатрэш у мякіну.
Вось, Я зрабіў цябе спраўнаю малатарняю, новаю, зубчатаю; ты будзеш малаціць і пераціраць горы, і пагоркі зробіш, як мякіну.
Ты перасееш іх, і вецер разгоніць іх, і віхура разьвее іх, а ты будзеш радавацца ў ГОСПАДЗЕ і будзеш хваліцца Сьвятым Ізраіля.
Ты будзеш веяць іх, і вецер разьнясе іх, і віхура разьвее іх; а ты зарадуешся ў Госпадзе, будзеш хваліцца Сьвятым Ізраілевым.
Бедныя і ўбогія шукаюць вады, але няма яе, і язык іхні высах ад смагі. Я, ГОСПАД, выслухаю іх, і [Я], Бог Ізраіля, не пакіну іх!
Бедныя і ўбогія шукаюць вады, і няма яе; язык іх сохне ад смагі; Я, Гасподзь, пачую іх, Я, Бог Ізраілеў, не пакіну іх.
Я адкрыю на голых скалах рэкі і пасярод далінаў — жаролы [вады]; і перамяню пустыню ў возера водаў, а сухую зямлю — у крыніцы водныя.
Адчыню на горах рэкі і сярод далінаў крыніцы; пустыню зраблю возерам і сухую зямлю — крыніцамі вады;
І Я пасаджу ў пустыні кедры, акацыі, мірты і дрэвы аліўныя, і пастаўлю ў стэпе разам кіпарыс, явар і бук,
пасаджу ў пустыні кедр, сітым і мірту і масьліну; пасаджу ў стэпе кіпарыс, явар і бук разам,
каб убачылі і даведаліся, разгледзелі і зразумелі, што рука ГОСПАДА зрабіла ўсё гэта, і Сьвяты Ізраіля стварыў гэта.
каб убачылі і пазналі, і разгледзелі і ўразумелі, што рука Гасподняя ўчыніла гэта, і Сьвяты Ізраілеў стварыў гэта.
Прадстаўце судовую справу вашую, кажа ГОСПАД. Прывядзіце доказы свае, кажа Валадар Якуба.
Пакажэце дзею вашую, кажа Гасподзь; прывядзеце вашыя доказы, кажа Цар Якава.
Няхай наблізяцца і паведамяць Нам, што будзе. Распавядзіце пра мінуўшчыну, якая яна была, і Мы возьмем [гэта] да сэрца Нашага, і пазнаем канец ейны, альбо [распавядзіце] пра будучыню, каб Мы пачулі.
Хай яны пакажуць і скажуць вам, што адбудзецца; хай абвесьцяць што-небудзь раней, чым яно адбылося, і мы ўвойдзем розумам сваім і ўведаем, чым яно скончылася, альбо хай наперад абвесьцяць нам пра будучыню.
Распавядзіце, што мае стацца ў будучыні, і Мы зразумеем, ці вы — богі. Зрабіце добрае або зрабіце ліхое, каб Мы зьдзівіліся і ўбачылі [ўсе] разам.
Скажэце, што адбудзецца ў прыйшласьці, і мы будзем ведаць, што вы багі, альбо зрабеце што-небудзь, хай яно добрае, хай благое, каб мы дзіву даліся і разам з вамі пабачылі.
Вось, вы — нішто, і праца вашая — нішто; гідота — той, хто вас выбірае.
Але вы — нішто, і дзея вашая — нікчэмная; мярзота — той, хто выбірае вас.
Я пабудзіў [мужа] з поўначы, і ён прыйшоў з усходу сонца, і ён будзе клікаць імя Маё і будзе таптаць магнатаў як балота, як ганчар месіць гліну.
Я ўзьнёс яго з поўначы, і ён прыйдзе; з усходу сонца будзе заклікаць імя Маё і таптаць уладыкаў, як бруд, і мясіць як ганчар гліну.
Хто паведаміў [гэта] ад пачатку, каб мы ведалі, і [паведаміў] раней, каб мы сказалі: «Слушна»? Але ніхто не паведаміў, ніхто не абвяшчаў, ніхто ня чуў словаў вашых.
Хто абвясьціў пра гэта спачатку, каб нам ведаць, і задоўга да таго, каб нам можна было сказаць: «праўда?», але ніхто не сказаў, ніхто не абвясьціў, ніхто ня чуў слоў вашых.
Я ад пачатку [сказаў] Сыёну: «Вось яно», і для Ерусаліму даў дабравесьніка.
Я першы сказаў Сіёну: вось яно! і даў Ерусаліму дабравесьніка.
І Я глядзеў, і не было нікога, нікога, здатнага да рады, каб спытаць іх і атрымаць слова.
Дык вось, Я глядзеў, і ня было нікога, і сярод іх не знайшлося дарадцы, каб Я мог спытацца ў іх, і яны далі адказ.
Вось, усе яны — падман, і ўчынкі іхнія — марнасьць, і ідалы іхнія — вецер і пустэча.
Вось, усе яны — нішто, нікчэмныя і дзеі іхнія; вецер і пустата — балваны іхнія.