Ісаі 3 разьдзел
Кніга прарока Ісаі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі
Вось Госпад, ГОСПАД Магуцьцяў, забярэ ў Ерусаліма і ў Юды моц і падпору, усю падпору хлеба і ўсю падпору вады,
Вось, Гасподзь, Гасподзь Саваоф, адбярэ ў Ерусаліма і ў Юды посах і кій, усякае сілкаваньне хлебам і ўсякае сілкаваньне вадою,
волата і ваяра, судзьдзю і прарока, прадказальніка і старосту,
адважнага правадыра і ваяра, судзьдзю і прарока, і празорцу і старца,
пяцідзясятніка і магната, радніка і мудрага ў мастацтве, і здольнага ў загаворваньні.
пяцідзясяцкага, і заможніка, і радцу, і мудрага мастака, і майстра ў слове.
І дам ім за князёў юнакоў, і хлапчукі будуць панаваць над імі.
І дам ім хлапцоў у начальнікі, і дзеці будуць валадарыць над імі.
І ў народзе адзін будзе ўціскаць другога, і кожны — бліжняга свайго; юнак будзе зьневажаць старога, і нікчэмны — паважанага.
І ў народзе адзін будзе прыгнятацца другім, і кожны блізкім сваім; малады будзе нахабна заносіцца над старым, і прасталюднік над заможнікам.
Тады схопіць чалавек брата свайго ў доме бацькі свайго [і скажа:] «Ты маеш адзеньне, дык будзь кіраўніком нашым, і няхай будуць руіны гэтыя пад рукой тваёй».
Тады ўхопіцца чалавек за брата свайго, у сям’і бацькі свайго, і скажа: «у цябе ёсьць адзеньне, будзь нашым правадыром, і хай будуць гэтыя руіны пад рукою тваёю».
[А той] падымецца ў дзень той, кажучы: «Не магу перавязаць раны, і ў доме маім няма ані хлеба, ані адзеньня. Ня стаўце мяне кіраўніком народу».
А ён з прысягаю скажа: «не магу загоіць ранаў грамадства; і ў маім доме няма ні хлеба, ні вопраткі; не рабеце мяне правадыром народу».
Бо спатыкаецца Ерусалім, і Юда падае, бо язык іхні і ўчынкі іхнія — супраць ГОСПАДА, яны бунтуюцца ў вачах славы Ягонай.
Так рухнуў Ерусалім, і ўпаў Юда, бо язык іх і дзеі іхнія — супроць Госпада, абразьлівыя вачам славы Ягонай.
Выраз аблічча іхняга сьведчыць супраць іх, як Садом выяўляюць яны грэх свой і не хаваюць [яго]. Гора душы іхняй, бо яны самі сабе рыхтуюць зло.
Выраз іх твараў сьведчыць супроць іх, і пра грэх свой яны расказваюць адкрыта, як Садомляне, не хаваюць: гора душы іхняй! бо самі на сябе наклікаюць ліха.
Скажыце праведніку, што будзе добра яму, бо ён будзе спажываць плод учынкаў сваіх.
Скажэце праведніку, што добра яму: бо ён будзе есьці плады ўчынкаў сваіх;
А ліхотніку — гора, бо ён [атрымае] ліха, бо адплата яму будзе паводле [ўчынкаў] рук ягоных.
а беззаконьніку гора: бо будзе яму адплата за дзеі рук ягоных.
Народзе Мой, немаўля цябе крыўдзіць, а жанчыны над табой пануюць. Народзе Мой, правадыры твае ашукваюць цябе і шлях сьцежкі тваёй блытаюць.
Прыгнятальнікі народу Майго — дзеці, і жанчыны валадараць над ім. Народзе Мой! правадыры твае ўводзяць цябе ў аблуду, і дарогу сьцежак тваіх папсавалі.
Падняўся ГОСПАД, каб праводзіць суд, і стаіць, каб судзіць народы.
Паўстаў Гасподзь на суд — і стаіць, каб судзіць народы.
ГОСПАД ідзе на суд старшыняў народу Свайго і князёў ягоных: «Гэта вы спустошылі вінаграднікі, і зрабаванае ў беднага — у дамах вашых.
Гасподзь уступае ў суд са старэйшынамі народу Свайго і з князямі яго: вы спустошылі вінаграднік; нарабаванае ў беднага — у вашых дамах.
Якім правам вы ўціскаеце народ Мой і засмучаеце абліччы ўбогіх? — кажа Госпад, ГОСПАД Магуцьцяў».
Навошта ўціскаеце люд Мой і прыгнятаеце бедных? кажа Гасподзь, Гасподзь Саваоф.
І сказаў ГОСПАД: «За тое, што дочкі Сыёну заганарыліся і, выцягваючы, выцягваюць шыю, і міргаюць вачыма, крочаць дробнымі крокамі і зьвіняць бранзалетамі на нагах сваіх,
І сказаў Гасподзь: за тое, што пышаюцца дочкі Сіёна, і ганарыста ходзяць, падняўшы шыю, і спакушаюць вачыма, і выступаюць гардзейскай хадою, і брынчаць ланцужкі на іхніх нагах,
Госпад зробіць, што лысымі стануць галовы дачок Сыёну, і ГОСПАД аголіць сорам іхні.
сьпляшывіць Гасподзь цемя дочкам Сіёна, і адкрые Гасподзь сарамату іхнюю.
У той дзень паскідае Госпад аздобу бранзалетаў, і зорачкі, і паўмесяцы,
У той дзень адбярэ Гасподзь аздобы: прыгожыя ланцужкі на нагах і спражкі, і зорачкі, і дыядэмы,
кольцы, нараменьнікі і вэлюмы,
завушніцы, і пацеркі, і наплечнікі, і вяслы і бранзалеткі, і паясы, і пляшачкі з пахошчамі, і падвескі чароўныя,
дыядэмы і ланцужкі на нагах, і стужкі, і бутэлечкі з пахошчамі, і амулеты,
пярсьцёнкі і колцы ў нос,
пярсьцёнкі і колцы для носу,
вопратку і сподняе, і хусткі, і кашалькі,
выкшталцоныя сукенкі і накідкі, шалі і торбачкі,
сьветлыя шаты і вэлюмы, і павязкі, і покрывы.
і люстэркі, і ценькую бялізну, абвіцьці і лёгкія сукенкі.
І будзе замест пахошчаў смурод, і замест пояса будзе вяроўка, і замест кудзерак плешына, і замест багатае шаты вярэта цесная, замест хараства кляймо ганьбы.
І станецца замест прыемных пахаў — смурод, замест поясу — вяроўка, замест учасаных валасоў — лысіна, замест багатай вопраткі — цесны мяшок, замест красы — ганьба.
Мужчыны твае загінуць ад меча, і адважнікі твае — на вайне.
Мужчыны твае пагінуць ад мяча, і рыцары твае — на вайне.
І будуць енчыць і плакаць брамы сталіцы, і будзе яна сядзець на зямлі спусташэньня.
І загалосяць, і жалобай апрануцца брамы ейныя, і будзе яна спустошаная, і сядзе на зямлі.