Ісаі 62 разьдзел
Кніга прарока Ісаі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі
Дзеля Сыёну ня буду маўчаць, і дзеля Ерусаліму не супачыну, пакуль ня ўзыйдзе, як бляск [зараніцы], праведнасьць ягоная, і збаўленьне ягонае — як паходня, што палае.
Ня змоўкну дзеля Сіёна, і дзеля Ерусаліма не супакоюся, пакуль ня ўзыйдзе, як сьвятло, праўда яго, і збавеньне яго — як запаленая сьвяцільня.
І ўбачаць народы праведнасьць тваю, і ўсе валадары — славу тваю, і назавуць цябе імем новым, якое вызначаць вусны ГОСПАДА.
І ўбачаць народы праўду тваю і ўсе цары — славу тваю, і назавуць цябе новым імем, якое дадуць вусны Гасподнія.
І ты станеш каронай славы ў руцэ ГОСПАДА і дыядэмай валадарства ў далоні Бога твайго.
І будзеш вянком славы ў руцэ ў Госпада і царскаю дыядэмаю — на далоні Бога твайго.
І ня будуць больш казаць пра цябе “пакінутая”, і пра зямлю тваю ня будуць больш казаць “спустошаная”, бо назавуць цябе “Маё ўпадабаньне ў ёй”, а зямлю тваю — “замужняя”, бо ўпадабаў цябе ГОСПАД, і зямля твая будзе замужам.
Ня будуць ужо называць цябе «пакінутым», і зямлю тваю ня будуць называць «пустыняю», а будуць называць цябе: «Маё ўпадабаньне да яго», а зямлю тваю — «замужняю», бо Гасподзь упадабаў цябе, і зямля твая спалучаецца.
Бо як юнак жэніцца з дзяўчынаю, так Будаўнік твой ажэніцца з табою, і як жаніх цешыцца з нявесты, так будзе цешыцца з цябе Бог твой.
Як юнак спалучаецца зь дзяўчынаю, так спалучаюцца з табою сыны твае; і як жаніх радуецца за нявесту, так будзе радавацца за Цябе Бог твой.
На мурах тваіх, Ерусалім, Я паставіў вартаўнікоў, увесь дзень і ўсю ноч яны ніколі ня будуць маўчаць. Вы, якія нагадваеце пра ГОСПАДА, ня мейце супакою,
На сьценах тваіх, Ерусаліме, я паставіў вартаўнікоў, якія ня змоўкнуць ні ўдзень, ні ўначы. О вы, хто нагадвае пра Госпада! — не змаўкайце,
і Яму не давайце супакою, пакуль Ён не адновіць Ерусалім і пакуль ня зробіць яго хвалою на зямлі.
не змаўкайце перад Ім, пакуль Ён не адновіць і пакуль ня зробіць Ерусаліма славаю на зямлі.
Прысягнуў ГОСПАД правіцай Сваёй і рамяном моцы Сваёй: «Ня дам больш збожжа твайго ворагам тваім, і ня будуць піць сыны чужынцаў маладога віна твайго, над якім ты працаваў.
Гасподзь прысягнуў правіцаю Сваёю і моцнаю сілаю Сваёю: ня дам зерня твайго болей на ежу ворагам тваім, і сыны чужых ня піцьмуць віна твайго, над якім ты працаваў;
Бо тыя, якія зьбіраюць [збожжа], будуць есьці яго і будуць хваліць ГОСПАДА, і тыя, якія зьбіраюць [вінаград], будуць піць яго на панадворку сьвятыні Маёй».
але зборшчыкі яго будуць есьці яго і славіць Госпада, і зборшчыкі вінаграду будуць піць віно яго ў дварах сьвяцілішча Майго.
Праходзьце, праходзьце праз браму! Рыхтуйце шлях народу! Прастуйце, прастуйце гасьцінец, прыбярыце камяні! Падыміце сьцяг для народаў!
Праходзьце, праходзьце ў браму, рыхтуйце дарогу народу! Раўняйце, раўняйце дарогу, прымайце каменьне, падымайце сьцяг народам!
Вось, ГОСПАД абвяшчае аж да краю зямлі: «Скажыце дачцы Сыёну: “Вось, прыходзіць Збаўца твой, вось, плата Ягоная разам з Ім і нагарода Ягоная перад абліччам Ягоным”».
Вось, Гасподзь абвяшчае да краю зямлі: скажэце дачцэ Сіёна: ідзе Збаўца твой; узнагарода Яго зь Ім і дараваньне Ягонае — перад Ім.
І будуць называць іх народам сьвятым, адкупленымі ГОСПАДАМ, а цябе будуць клікаць “Пажаданая”, “Горад непакінуты”.
І назавуць іх народам сьвятым, адкупленым Госпадам, а цябе назавуць знойдзеным, горадам непакінутым.