Ісаі 25 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

ГОСПАДЗЕ, Ты — Бог мой! Я буду ўзьвялічваць Цябе і хваліць імя Тваё, бо Ты ўчыніў цуды, выканаў намеры даўнейшыя, праўдзівыя.
 
Госпадзе! Ты Бог мой; услаўлю Цябе, усхвалю імя Тваё, бо Ты зьдзейсьніў дзівоснае; вызначэньні даўнія — у ісьціне, амін.

Ты ператварыў горад у купу [друзу], горад умацаваны — у руіны; палацу чужынцаў няма больш у горадзе, і ня будзе ён адбудаваны на вякі.
 
Ты ператварыў горад у груду каменьня, цьвёрдую крэпасьць у крушню; харомаў іншапляменцаў ня стала ўжо ў горадзе; вавек ня будзе ён адбудаваны.

Дзеля гэтага будзе славіць Цябе народ моцны, горад народаў гвалтоўных будзе баяцца Цябе.
 
Таму будуць славіць Цябе народы моцныя; гарады жорсткіх плямёнаў будуць баяцца Цябе;

Бо Ты стаўся цьвярдыняй для беднага, цьвярдыняй для ўбогага ў бядзе ягонай, прыстанішчам ад буры, ценем ад сьпёкі, бо подых моцных — як бура супраць сьцяны.
 
бо ты быў прытулкам беднаму, прытулкам убогаму падчас ягонага ўціску, абаронаю ад буры, ценем ад сьпёкі; бо гнеўнае дыханьне тыранаў было падобнае на буру супроць сьцяны.

Як сьпёку ў пустыні, гэтак чужынцаў Ты супакоіў; як сьпёку [спыняе] цень хмары, Ты спыніў песьню моцных.
 
Як сьпёка ў мясьціне бязводнай, Ты ўтаймаваў буянасьць ворагаў; як сьпёка ценем воблака, сунята радасьць прыгнятальнікаў.

І зробіць ГОСПАД Магуцьцяў на гары гэтай для ўсіх народаў гасьціну [са страваў] тлустых, гасьціну з вінаў адборных, з тлустым шпікам і адборнымі вінамі найвыдатнейшымі.
 
І зробіць Гасподзь Саваоф на гары гэтай усім народам гасьціну з сытнай ежы, гасьціну з чыстых вінаў, з тлушчу костнага і з самых чыстых вінаў;

І Ён зьнішчыць на гары гэтай заслону, якая закрывае ўсе плямёны, і пакрыцьцё, якое ляжыць на ўсіх народах.
 
і зьнішчыць на гары гэтай заслону, што закрывае ўсе народы, заслону, якая ляжыць на ўсіх плямёнах.

Будзе зьнішчана сьмерць назаўсёды, і вытра Госпад ГОСПАД сьлязу з кожнага аблічча, і ганьбу народу Свайго здыме Ён з усёй зямлі, бо ГОСПАД прамовіў [гэта].
 
Зьнішчана будзе сьмерць навекі, і вытра Гасподзь Бог сьлёзы з усіх твараў, і здыме ганьбу з народу Свайго на ўсёй зямлі; бо так кажа Гасподзь.

І скажуць у той дзень: «Вось, Бог наш, Той, на Якога мы спадзяваліся, і Ён збавіў нас! Гэта ГОСПАД, на Якога мы спадзяваліся, будзем цешыцца і радавацца ў збаўленьні Ягоным!»
 
І скажуць таго дня: вось Ён, Бог наш! на Яго мы спадзяваліся, і Ён выратаваў нас! Гэты ёсьць Гасподзь; на Яго спадзяваліся мы; парадуемся і ўзьвесялімся з выратаваньня Яго!

Бо супачыне рука ГОСПАДА на гары гэтай, а Мааў будзе стаптаны на месцы сваім, як топчуць салому ў гной.
 
Бо рука Госпада спачывае на гары гэтай, і Мааў будзе патаптаны на месцы сваім, як топчацца салома ў гнаішчы.

І выцягне ён пасярод [сябе] рукі свае, як выцягвае іх той, хто плыве, каб плысьці; і [Госпад] упакорыць пыху ягоную разам з намаганьнямі рук ягоных.
 
І хоць ён узьнясе сярод яго рукі свае, як плывец узносіць іх, каб плысьці; але Бог прынізіць гардзею ягоную разам з падступнасьцю рук ягоных.

І магутныя ўмацаваньні муроў тваіх Ён разваліць, пераверне і скіне на зямлю, аж у пыл.
 
І цьвярдыню высокіх муроў тваіх разваліць, аберне, долу кіне, у пыл.