Ісаі 42 разьдзел
Кніга прарока Ісаі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі
Вось, Слуга Мой, Якога Я трымаю, выбраны Мой, у Якім мае ўпадабаньне душа Мая. Я ўсклаў Дух Мой на Яго, і Ён дасьць суд народам.
Вось, Юнак мой, Якога Я трымаю за руку, выбраны Мой, Якому спрыяе душа Мая. Пакладу дух Мой на Яго, і абвесьціць народам суд;
Ён ня будзе крычаць і ня ўзьніме [голас], і ня будзе чуцён голас Ягоны на вуліцах.
не залямантуе і ня ўзвысіць голасу Свайго, і ня дасьць пачуць яго на вуліцах;
Трысьціны надламанай ня зломіць, і лёну, які дыміцца, не патушыць. Ён прынясе суд у праўдзе.
трысьціны надламанай ня зломіць, і лёну, які тлее, не атушыць; суд чыніцьме паводле ісьціны;
Ён ня стоміцца і не зьняможацца, аж пакуль не ўстановіць на зямлі суд, і на Закон Ягоны чакаюць астравы.
не аслабне і не зьняможацца, пакуль на зямлі не ўсталюе суду, і на закон Яго будуць класьці надзею выспы.
Гэта кажа Бог, ГОСПАД, Які стварыў неба і расьцягнуў яго, Які ўмацаваў зямлю і тое, што вырастае з яе, Які даў дыханьне людзям на ёй і духа [ўсім] тым, якія ходзяць па ёй.
Так кажа Гасподзь Бог, Які стварыў нябёсы і прастору іх, распрасьцёр зямлю з утворамі яе, дае дыханьне народу на ёй і дух тым, што ходзяць па ёй.
Я, ГОСПАД, паклікаў Цябе ў праведнасьці, і Я буду трымаць Цябе за руку Тваю і ахоўваць Цябе, і Я пастаўлю Цябе як запавет для народу, як сьвятло для паганаў,
Я, Гасподзь, паклікаў Цябе ў праўду, і буду трымаць Цябе за руку і ахоўваць Цябе, і пастаўлю цябе запаветам народу, сьвятлом язычнікам,
каб адкрыць вочы сьляпым, і вывесьці з няволі вязьняў і з вязьніцы тых, якія сядзяць у цемры.
каб разамкнуць вочы сьляпым, каб вязьняў вывесьці зь вязьніцы і тых, што сядзяць у цемры, — зь цямніцы.
Я — ГОСПАД, гэта імя Маё; і славы Маёй Я не аддам іншаму, і хвалы Маёй — ідалам.
Я Гасподзь, гэта — Маё імя, і ня дам славы Маёй іншаму і хвалы Маёй балванам.
Вось, [прадказаныя] раней [падзеі] прыйшлі, і новыя Я паведамлю; перш, чым яны зьдзейсьняцца, Я дам пачуць вам [пра іх].
Вось, прадказанае раней збылося, і новае Я абвяшчу; перш чым яно адбудзецца, Я абвяшчу вам.
Сьпявайце ГОСПАДУ сьпеў новы, хвалу Ягоную — з канцоў зямлі. Няхай шуміць мора і ўсё, што ў ім, астравы і жыхары іхнія.
Сьпявайце Госпаду новую песьню, хвалу Яму ад краёў зямлі, вы, хто плавае па моры, і ўсе, хто напаўняе яго, выспы і хто жыве на іх.
Няхай радуецца пустыня і гарады ейныя, паселішчы, у якіх жыве Кедар! Няхай гамоняць радасна жыхары Сэлі, з вяршыняў гор няхай усклікаюць.
Хай узвысіць голас пустыня і гарады яе, селішчы, дзе жыве Кідар; хай трыумфуюць насельнікі скал, хай аказваюцца голасам зь вяршыняў гор.
Няхай аддаюць славу ГОСПАДУ і хвалу Ягоную абвяшчаюць на астравах!
Хай аддадуць Госпаду славу, і хвалу Яго хай абвесьцяць на выспах.
ГОСПАД прыходзіць, як волат і як ваяр, выклікае на бой, узьнімае кліч, гукае пераможна над ворагамі Сваімі.
Гасподзь выйдзе, як волат, як муж бітваў абудзіць рэўнасьць; закліча і падыме воінскі крык, і пакажа Сябе моцным супроць ворагаў Сваіх.
Я маўчаў ад вякоў, стрымліваўся, цярпеў; [цяпер] буду крычаць, як тая, якая нараджае, буду стагнаць і глытаць паветра.
Доўга маўчаў Я, трываў, стрымліваўся; цяпер буду крычаць, як парадзіха, буду разбураць і паглынаць усё;
Спустошу горы і ўзгоркі, і высушу ўсю зеляніну іхнюю, і перамяню рэкі ў астравы, а азёры высушу.
спустошу горы і пагоркі, і ўсю траву іх высушу; і рэкі зраблю выспамі, і асушу азёры.
І Я павяду сьляпых па шляху, якога ня ведаюць, і па сьцежках, якіх ня ведаюць, дам ім хадзіць. І перамяню цемру перад абліччам іхнім у сьвятло, і крывыя шляхі выпрастую. Гэтыя ўсе словы Я споўню і не пакіну іх.
І павяду сьляпых дарогаю, якое яны ня ведаюць, невядомымі шляхамі буду весьці іх; змрок зраблю сьвятлом перад імі, і крывыя шляхі — простымі: вось, што Я зраблю ім і не пакіну іх.
Павернуцца назад і засаромяцца сорамам тыя, якія спадзяваліся на ідалаў, якія казалі балванам: «Вы — богі нашыя».
Тады адступяцца і вялікім сорамам пакрыюцца тыя, што спадзяюцца на ідалаў, што кажуць балванам: «вы — нашыя багі».
Глухія, слухайце, і вы, сьляпыя, углядайцеся, каб бачыць!
Слухайце, глухія, і глядзеце сьляпыя, каб бачыць.
Хто так сьляпы, як слуга Мой, і так глухі, як пасланец Мой, якога Я пасылаю? Хто сьляпы, як дасканалы [Мой]? І хто сьляпы, як слуга ГОСПАДА?
Хто так сьляпы, як раб Мой, і глухі, як вястун Мой, Мною пасланы? Хто так сьляпы, як закаханы, так сьляпы, як раб Госпада?
Ты бачыў шмат, але не зважаў; меў адкрытыя вушы, але ня чуў.
Ты бачыў многае, але не заўважаў; вушы былі растуленыя, але ня чуў.
ГОСПАД захацеў дзеля праведнасьці Сваёй узьвялічыць Закон і праславіць [яго].
Госпаду заўгодна было дзеля праўды Сваёй узвысіць і праславіць закон.
Але гэты народ абрабаваны і спустошаны, усе яны ў пячорах зьвязаныя і ў вязьніцах замкнёныя; сталіся здабычай, і няма каму выратаваць; яны спустошаныя, і няма каму сказаць: «Аддай!»
Але гэта народ зруйнаваны і абрабаваны: усе яны зьвязаныя ў сутарэньнях і схаваныя ў цямніцах; зрабіліся здабычаю, і няма збаўцы, абрабаваныя, і ніхто ня скажа: «аддай назад»!
Хто з вас паслухае гэта, зьверне на гэта ўвагу і пачуе пра будучыню?
Хто з вас прыхіліў да гэтага вуха, увайшоў і выслухаў гэта дзеля будучыні?
Хто аддаў Якуба на рабаваньне, і Ізраіль — на спусташэньне? Хіба ня ГОСПАД, супраць Якога мы грашылі, і не хацелі хадзіць шляхамі Ягонымі, і ня слухалі Закону Ягонага?
Хто выдаў Якава на спусташэньне і Ізраіля рабаўнікам? Ці не Гасподзь, супроць Якога мы грашылі? не хацелі яны хадзіць шляхамі Яго, і ня слухалі закону Яго.
І Ён выліў на яго жар гневу Свайго і жахі вайны; і палала вакол яго, але ён не пазнаў [гэтага]; і паліла яго, але ён ня браў [гэтага] да сэрца.
І Ён выліў на іх шал гневу Свайго і лютасьць вайны: яна атачыла іх полымем з усіх бакоў, але яны не заўважалі; і гарэла ў іх, але яны не ўразумелі гэтага сэрцам.