Ісаі 31 разьдзел
Кніга прарока Ісаі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі
Гора тым, якія зыходзяць у Эгіпет па дапамогу. Яны абапіраюцца на коней, спадзяюцца на калясьніцы, бо іх шмат, і на коньнікаў, бо яны вельмі моцныя, але не глядзяць на Сьвятога Ізраіля і ГОСПАДА не шукаюць.
Гора тым, што ідуць у Егіпет па дапамогу, спадзяюцца на коней і надзею кладуць на калясьніцы, бо іх багата, і на верхаўцоў, бо яны вельмі моцныя, а на Сьвятога Ізраілевага не глядзяць і Госпада ня шукаюць!
Але Ён у мудрасьці Сваёй прыводзіць ліха і слова Свайго не адменіць. І Ён паўстане супраць дому бязбожнікаў і супраць дапамогі тых, якія робяць беззаконьне.
Але мудры Ён; і навядзе бедства, і не адменіць слоў Сваіх; паўстане супроць дома бязбожных і супроць дапамогі беззаконьнікам.
Бо Эгіпет — чалавек, а ня Бог; і коні іхнія — гэта цела, а ня дух! І ГОСПАД узьніме руку Сваю, і спатыкнецца той, які дапамагае, і ўпадзе той, якому дапамагаюць, і ўсе яны разам загінуць.
Егіпцяне — людзі, а ня Бог; і коні ў іх — плоць, а ня дух. І працягне руку Сваю Гасподзь, і спатыкнецца абаронца, і ўпадзе той, каго бароняць, і ўсе разам загінуць.
Бо гэта сказаў ГОСПАД да мяне: «Як леў і львянятка вуркоча над здабычай сваёй, калі супраць яго зьбіраецца грамада пастухоў, і ён не палохаецца голасу іхняга, не пужаецца гармідару іхняга, так ГОСПАД Магуцьцяў зыйдзе, каб ваяваць на гары Сыён і на ўзгорку ейным.
Бо так сказаў мне Гасподзь: як леў, як ільвяня, што скавычуць над лупам сваім, хай бы хоць шмат пастухоў крычалі на яго, ад крыку іхняга не здрыганецца і мноству іх не саступіць, — так Гасподзь Саваоф сыдзе змагацца на гару Сіён і на пагорак яго.
Як птушкі, якія лётаюць [над гняздом], так ГОСПАД Магуцьцяў заслоніць Ерусалім, засланяючы яго, і вызваліць, і пашкадуе, і выратуе».
Як птушкі — птушанят, так Гасподзь Саваоф пакрые Ерусалім, абароніць і выбавіць, зьлітуецца і выратуе.
Вярніцеся да Таго, ад Каго вы далёка адыйшліся, сыны Ізраіля!
Зьвярнецеся да Таго, ад Якога вы далёка адпаліся, сынове Ізраіля!
Бо ў той дзень кожны адкіне ідалаў сваіх срэбных і ідалаў сваіх залатых, якіх зрабілі на грэх рукі вашыя.
У той дзень адкіне кожны чалавек сваіх срэбных ідалаў і залатых сваіх ідалаў, зробленых рукамі вашымі вам на грэх.
І ўпадзе Асірыя не ад мяча мужа, і ня меч чалавечы заб’е яе. І ўцячэ яна перад абліччам мяча, і юнакі ейныя стануцца нявольнікамі.
І Асур упадзе не ад чалавечага меча, і не чалавечы меч заб’е яго, ён уцячэ ад меча, і юнакі ягоныя стануць падаткам.
І скала ейная ад страху ўпадзе, і князі ейныя спалохаюцца знаку [пераможцы], кажа ГОСПАД, Які [мае] агонь на Сыёне, а печ — у Ерусаліме.
І ад страху пабяжыць міма крэпасьці сваёй; і князі яго будуць баяцца сьцяга, кажа Гасподзь, у Якога агонь на Сіёне і горан у Ерусаліме.