Ісаі 31 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Гора тым, якія сыходзяць у Егіпет за дапамогай, спадзеючыся на коней, маючы надзею на павозкі, што іх многа, ды на коннікаў, што яны вельмі магутныя, ды не зважаюць на Святога Ізраэлева і Госпада не шукаюць.
 
Гора тым, што ідуць у Егіпет па дапамогу, спадзяюцца на коней і надзею кладуць на калясьніцы, бо іх багата, і на верхаўцоў, бо яны вельмі моцныя, а на Сьвятога Ізраілевага не глядзяць і Госпада ня шукаюць!

Аднак жа Ён Сам, мудры, выклікае ліхоту, а слова Свайго не адменіць. Паўстане супраць дому ліхотнікаў ды супраць тых, хто чыняць дапамогу злачынству.
 
Але мудры Ён; і навядзе бедства, і не адменіць слоў Сваіх; паўстане супроць дома бязбожных і супроць дапамогі беззаконьнікам.

Егіпцянін — чалавек, а не Бог: іх ногі — гэта цела, а не дух! І калі Госпад працягне руку, упадзе ўспаможца, і падзе той, каму даюць успамогу, і прападуць усе яны разам.
 
Егіпцяне — людзі, а ня Бог; і коні ў іх — плоць, а ня дух. І працягне руку Сваю Гасподзь, і спатыкнецца абаронца, і ўпадзе той, каго бароняць, і ўсе разам загінуць.

Бо вось што кажа Госпад да мяне: «Падобна як леў або львянятка мурчыць над сваёй здабычай, калі да яго збіраецца мноства пастухоў, ён не напалохаецца іх крыкаў, ані спужаецца іх мноства, так Госпад Магуццяў сыдзе да бою на гары Сіён і на яе ўзгорку.
 
Бо так сказаў мне Гасподзь: як леў, як ільвяня, што скавычуць над лупам сваім, хай бы хоць шмат пастухоў крычалі на яго, ад крыку іхняга не здрыганецца і мноству іх не саступіць, — так Гасподзь Саваоф сыдзе змагацца на гару Сіён і на пагорак яго.

Як птушкі, што лятаюць, так Госпад Магуццяў заслоніць Ерузалім, засланяючы і вызваляючы, шкадуючы і збаўляючы».
 
Як птушкі — птушанят, так Гасподзь Саваоф пакрые Ерусалім, абароніць і выбавіць, зьлітуецца і выратуе.

Дзеці Ізраэля, навярніцеся да Таго, ад Каго далёка адышліся!
 
Зьвярнецеся да Таго, ад Якога вы далёка адпаліся, сынове Ізраіля!

Сапраўды, у той дзень кожны адкіне сваіх ідалаў срэбраных і балванаў сваіх залатых, якіх зрабілі вам рукі вашы на грэх;
 
У той дзень адкіне кожны чалавек сваіх срэбных ідалаў і залатых сваіх ідалаў, зробленых рукамі вашымі вам на грэх.

і падзе Асірыя не ад меча людскога; і меч не чалавечы праглыне яе, і ўцячэ яна ад меча, і юнакі яе стануцца прыгоннымі.
 
І Асур упадзе не ад чалавечага меча, і не чалавечы меч заб’е яго, ён уцячэ ад меча, і юнакі ягоныя стануць падаткам.

І крэпасць яе падасца ад страху, а важакі яе спалохаюцца знака, сказаў Госпад, Які мае агонь на Сіёне, а печ Сваю ў Ерузаліме.
 
І ад страху пабяжыць міма крэпасьці сваёй; і князі яго будуць баяцца сьцяга, кажа Гасподзь, у Якога агонь на Сіёне і горан у Ерусаліме.