Ісаі 23 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Прадказанне Тыру. Галасіце, караблі Тарсіса, бо знішчана прыстанішча ваша. Калі вярталіся яны з краю Кітым, аб’яўлена ім гэта.
 
Прароцтва пра Тыр. — Галасеце, караблі Тарсіса, бо ён разбураны: няма дамоў, і няма каму заходзіць у дамы. Так ім абвешчана зь зямлі Кітыйскай.

Дзівіцеся, жыхары вострава, купцы з Сідона, якія, перапраўляючыся праз мора, запоўнілі цябе.
 
Замоўкніце, насельнікі вострава, які напаўнялі купцы Сідонскія, што плаваюць морам.

На вялікіх водах насенне Ніла, жніво ракі — плод яго; і зрабіўся ён прадметам гандлю народаў.
 
Па вялікіх водах прывозілі ў яго насеньне Сіхора, ужынак вялікай ракі, і быў ён торжышчам народаў.

Засаромейся, Сідоне, бо прамовіла мора, крэпасць марская, кажучы: «Не пакутавала я родамі і не нарадзіла, і не ўзгадавала юнакоў ані выхавала дзяўчат».
 
Пасаромейся, Сідоне; бо вось што кажа мора, крэпасьць марская: як ня мучылася родамі і не раджала, і ня выхоўвала юнакоў, не гадавала дзяўчат.

Калі пачуюць пра гэта ў Егіпце, гараваць будуць, калі пачуюць пра Тыр.
 
Калі вестка дойдзе да Егіпцянаў, здрыгануцца яны, пачуўшы пра Тыр.

Перапраўцеся ў Тарсіс, галасіце, жыхары вострава.
 
Перасяляйцеся ў Тарсіс, галасеце, насельнікі вострава!

Ці не ваш гэты горад, які радуецца? Пачаткі яго — з даўніх часоў. Ногі яго неслі яго далёка, на вандраванне.
 
Ці гэта ваш узьвяселены горад, якога пачатак ёсьць ад дзён старадаўніх? Ногі ягоныя нясуць яго бадзяцца ў краіне далёкай.

Хто ж задумаў гэта для Тыра, увянчанага калісьці, купцы якога — князі, а дробныя гандляры яго — знакамітыя зямлі?
 
Хто вызначыў гэта Тыру, які раздаваў вянкі, купцы якога былі князі, гандляры — знакамітасьці зямлі?

Госпад Магуццяў задумаў гэта, каб прынізіць пыху любой славы і зрабіць сціплымі ўсіх знакамітых зямлі.
 
Гасподзь Саваоф вызначыў гэта, каб пасароміць пыхлівасьць усялякай славы, каб прынізіць усе знакамітасьці зямлі.

Абрабляй зямлю сваю, як бераг Ніла, дачка Тарсіса, порта ўжо няма.
 
Хадзі па зямлі тваёй, дачка Тарсісава, як рака: няма болей завады.

Руку сваю працягнуў над морам, затрос валадарствамі. Госпад загадаў адносна Ханаана, каб разбурыць яго ўмацаванні.
 
Ён прасьцёр руку сваю на мора, скалануў царствы; Гасподзь даў наказ пра Ханаан — разбурыць крэпасьці ягоныя.

Ён сказаў: «Не будзеш ты болей выхваляцца, зганьбаваная дзяўчына, дачка Сідона; падыміся, перапраўся ў Кітым: там таксама не будзе табе супакою».
 
І сказаў: ты ня будзеш больш радавацца, пасаромленая дзяўчына, дачка Сідона! Уставай, ідзі ў Кітым, але і там ня будзе табе спакою.

Вось, зямля халдэяў. Такога народа не было. Асірыя заснавала яго сярод дзікіх звяроў. Яны збудавалі вежы свае; падкапалі іх дамы, ператварылі яго ў руіны.
 
Вось зямля Халдэяў. Гэтага народу раней ня было; Асур даў яму пачатак з насельнікаў пустыняў. Яны ставяць вежы свае, разбураюць харомы яго, ператвараюць яго ў руіны.

Галасіце, караблі Тарсіса, бо цвярдыня ваша спустошана.
 
Галасеце, караблі Тарсіскія! бо цьвярдыня ваша спустошана.

І будзе ў той дзень: у забыцці будзе Тыр семдзесят гадоў, як дні аднаго цара. Пасля сямідзесяці гадоў станецца Тыру, як распусніцы ў песні:
 
І будзе таго дня, забудуць Тыр на семдзесят гадоў, на меру дзён аднаго цараваньня. А празь семдзесят гадоў з Тырам станецца тое, як у песьні пра блудадзейку:

«Вазьмі цытру, абыдзі горад кругом, распусніца, аддадзеная забыццю; зайграй гожа, памнажай песні, каб успомнілі пра цябе!»
 
«вазьмі цытру, хадзі па горадзе, забытая блудадзейка! Іграй складна, сьпявай многа песьняў, каб пра цябе ўспаміналі».

І будзе: праз семдзесят гадоў Госпад наведае Тыр, ён жа вернецца да сваіх заробкаў і зноў кінецца ў распусту з усімі валадарствамі свету на зямлі.
 
І будзе празь семдзесят гадоў, Гасподзь наверне Тыр; і ён зноў пачне браць прыбытак свой, і будзе блудадзейнічаць з усімі царствамі зямнымі па ўсім сьвеце.

Але яго заробак і яго нажытак пасвячоны Госпаду, і не збяруць іх і не адкладуць, бо яго заробак будзе для тых, якія з’яўляюцца ў прысутнасць Госпада, каб яны елі дасыта і апраналіся пышна.
 
Але гандаль яго і прыбытак ягоны прысьвячаюцца Госпаду; ня будуць замкнутыя і пакладзеныя ў каморы, бо да тых, што жывуць перад абліччам Госпада, будзе пераходзіць прыбытак ад гандлю ягонага, каб яны елі да сытасьці і мелі вопратку моцную.