Ісаі 29 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Гора табе, Арыэлю, Арыэлю, горад, які аперазаў мурам Давід! Дадайце год да года, урачыстасці хай бягуць!
 
Гора Арыілу, Арыілу, гораду, у якім жыў Давід! прыкладзеце год да года; няхай колюць ахвяры.

А Я вазьму ў аблогу Арыэль, і будзе смутак і жаль, і будзе ён мне, як Арыэль.
 
Але навяду ўціск на Арыіл, і будзе плач і бедаваньне; і ён будзе ў Мяне, як Арыіл.

І атачу цябе наўкола, быццам шар, і насыплю перад табою вал, і пастаўлю ўмацаванні для тваёй аблогі.
 
Я стану аблогай вакол цябе і абстаўлю цябе вартаю назіральнаю, і ўзьвяду супроць цябе ўмацаваньні.

Упакорышся, з зямлі гаварыць будзеш, і з пылу будуць ледзьве чутныя словы твае, і будзе голас твой, як бы піск з зямлі, і з бруду словы твае будуць гучаць мармытаннем.
 
І будзеш прыніжаны, зь зямлі гаварыцьмеш і глухая будзе мова твая з-пад пылу, і голас твой будзе, як голас духа з нутробы, а мова твая будзе, як шэпт.

І будзе, як пыл сыпкі, мноства тваіх ворагаў і, як рассыпаная мякіна, мноства крыўдзіцеляў.
 
Мноства ворагаў тваіх будзе, як дробны пыл, і безьліч тыранаў, як разьвеяная мякіна; і гэта станецца раптоўна, у адно імгненьне.

Станецца гэта раптам, неспадзявана, будзеш наведаны Госпадам Магуццяў, грымотамі, землятрусам, страшэнным грукатам, віхурай і навальніцай, і полымем агню знішчальнага.
 
Гасподзь Саваоф адведае цябе громам і землятрусам, і моцным голасам, бураю і віхураю, і полымем ўсёпажыральнага агню.

І будзе, як сон аб’яўлення начнога, мноства ўсіх народаў, якія супраць Арыэля выступаюць, ды ўсе, хто супраць яго ваююць, супраць умацаванняў яго, — і ёсць яго прыгнятальнікі.
 
І як сон, як начное сьненьне будзе мноства ўсіх народаў, што ваююць супроць Арыіла, і ўсіх, што выступаюць супроць яго і ўмацаваньняў ягоных і абложнікаў яго.

І, як галоднаму сніцца, што ён есць, але калі абудзіцца, то нутро яго пустое, ды як сніцца засмагламу, што п’е, а як толькі абудзіцца, гэтак сама пакутуе ад смагі, — так будзе з мноствам усялякіх народаў, якія выступаюць супраць гары Сіён.
 
І як галоднаму сьніцца, быццам ён есьць, але прачынаецца, і душа ў яго пустая; і як сасьмягламу сьніцца, быццам ён п’е, а прачнецца, і вось ён утохлы, і душа ў яго прагне: тое самае будзе і мноству народаў, якія ваююць супроць гары Сіёна.

Аслупянейце і задзівіцеся, аслепніце ды будзьце сляпымі, ап’янейце, але не ад віна, хістайцеся, але не ад ап’янення.
 
Зьдзіўляйцеся і дзіву давайцеся; яны асьляпілі іншых, і самі асьлеплі; яны п’яныя, але не ад віна, — хістаюцца, але не ад сікеры;

Бо напусціў на вас Госпад духа сну, заплюшчыў вочы вашы, а галовы вашы накрыў.
 
бо навёў на вас Гасподзь дух засынаньня, і зьмежыў вочы вашыя, прарокі, і затлуміў галовы вашыя, празарліўцы.

І будзе вам кожнае аб’яўленне, як словы запячаткаванай кнігі, якую далі б умеючаму чытаць, кажучы: «Чытай яе», адкажа: «Не магу, бо яна запячатана».
 
І любое прароцтва для вас тое самае, што слова ў запячатанай кнізе, якую падаюць таму, хто ўмее чытаць кнігу, і кажуць: «прачытай яе»; і той адказвае: «не магу, бо яна пад пячаткай».

І дадуць кнігу таму, хто не ўмее чытаць і скажуць яму: «Чытай!», а ён адкажа: «Не ўмею чытаць».
 
І падаюць кнігу таму, хто чытаць ня ўмее, і кажуць: «прачытай яе»; і той адказвае: «я ня ўмею чытаць».

І сказаў Госпад: «Таму, што народ гэты шануе Мяне толькі вуснамі ды славіць Мяне толькі языком, але сэрца іх далёка ад Мяне і страх іх адносна Мяне — як завучанае правіла людзей,
 
І сказаў Гасподзь: як што людзі гэтыя шануюць Мяне вуснамі сваімі, і языком сваім шануюць Мяне, а сэрца іхняе далёка адлягае ад Мяне, і багавейнасьць іх перад Мною ёсьць вывучэньне запаведзяў чалавечых;

таму, вось, Я яшчэ раз учыню здзіўленне гэтаму народу — цудам вялікім і дзівосным: загублю мудрасць мудрых, і кемлівасць разумных знішчу».
 
дык вось Я буду нязвыкла рабіць з гэтым народам, дзівосна і дзіўна, так што мудрасьць мудрацоў яго згіне, і розуму ў разумных яго не застанецца.

Гора тым, якія глыбока хаваюць намеры свае перад Госпадам, якіх справы схаваныя ў цемры, і якія кажуць: «Хто бачыць нас ды хто знае нас?»
 
Гора тым, якія схаваюцца ў глыбіню, каб намысел свой утоіць ад Госпада, якія дзеюць дзеі свае ў змроку і кажуць: хто ўбачыць нас? і хто пазнае нас?

Пераваротнае вашае думанне! Ці ж можа быць ганчар зраўняны з глінай, ці ж можа твор сказаць творцы свайму: «Не зрабіў ты мяне», а гаршок, можа, скажа ганчару свайму: «Не ўмееш»?
 
Якое безгалоўе! Хіба можна цаніць ганчара, як гліну? Ці скажа выраб пра вырабшчыка свайго: «ня ён зрабіў мяне?» і ці скажа твор пра мастака свайго: «ён не разумее?»

Ці ж ужо не ў кароткім і хуткім часе Лібан абернецца садам, а сад будуць лічыць пералескам?
 
Яшчэ крыху, зусім крыху, і ці не ператворыцца Ліван у сад, а сад ці ня будуць цаніць як лес?

І ў той дзень глухія пачуюць словы кнігі, а вочы сляпых з туману і цемры стануць бачыць.
 
І ў той дзень глухія пачуюць словы кнігі, і ўбачаць зь цемры і змроку вочы ў сьляпых.

І акажуць пакорныя радасць у Госпадзе, а найбяднейшыя з людзей будуць цешыцца ў Святым Ізраэлі;
 
І спрагненыя яшчэ больш будуць радавацца ў Госпадзе, і бедныя людзі цешыцца будуць за Сьвятога Ізраіля;

бо знік той, хто быў мацнейшы, звёўся насмешнік ды вынішчаны ўсе, хто ганяліся за ліхоццем,
 
бо ня будзе больш крыўдзіцеля, і агуднік зьнікне, і будуць вынішчаны ўсе паборцы няпраўды,

якія прымушалі людзей грашыць словам і ставілі падножку таму, хто патрабаваў суда ў браме, і справядлівага абкідвалі неадпаведнымі словамі.
 
якія блытаюць чалавека ў словах, і на таго, хто патрабуе суду каля брамы, ставяць сеткі, і адціраюць таго, чыя праўда.

Таму вось што кажа Госпад да дому Якуба, які адкупіў Абрагама: «А цяпер не засаромеецца Якуб і не зарумяніцца твар яго,
 
Пасьля так кажа пра дом Якава Гасподзь, Які адкупіў Абрагама: тады Якаў ня будзе ў сораме, і твар у яго больш не зьбялее,

але, калі ўбачыць творы рук Маіх, то ў асяроддзі сваім усвяціць імя Маё і ўсвяцяць Святога Якубава, і баяцца будуць Бога Ізраэля,
 
бо, калі ўбачыць у сябе дзяцей сваіх, дзею рук Маіх, дык яны сьвята будуць шанаваць імя Маё і сьвята шанаваць Сьвятога Якаўлевага і багавейна стаяць перад Богам Ізраілевым.

і збачэнцы духоўныя пазнаюць мудрасць, а непакорныя спазнаюць навуку».
 
Тады духаблукальнікі ўведаюць мудрасьць, і непакорлівыя навучацца паслушэнства.