Ісаі 61 разьдзел
Кніга прарока Ісаі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі
Дух Госпада Бога нада мною, таму Госпад мяне намасціў, каб прапаведаваў добрую вестку ўбогім; паслаў мяне лячыць раны зламаным сэрцам, абвяшчаць палонным свабоду, а вязням — вызваленне,
Дух Госпада Бога на Мне, бо Гасподзь памазаў Мяне зьвеставаць убогім, паслаў Мяне ацаляць зламаных сэрцам, прапаведаваць палонным вызваленьне і вязьням — адкрыцьцё цямніцы,
абвяшчаць год спагадлівасці Госпада і дзень помсты для Бога нашага, каб пацешыць усіх засмучаных,
прапаведаваць год Гасподні спрыяльны і дзень помсты Бога нашага; суцешыць усіх, хто бядуе,
каб прызначыць [радасць] тым, хто плача на Сіёне, і даць ім вянок замест попелу і намашчэнне радасці замест смутку, плашч хвалы замест тужлівага духу. І назавуць іх тэрэбінітамі справядлівасці, насаджэннем Госпада дзеля ўслаўлення.
абвясьціць тым, хто жаліцца на Сіён, што ім замест попелу дасца акраса, замест плачу — алей радасьці, замест заняпалага духу — слаўная вопратка; і назавуць іх моцнымі праўдаю, асалодаю Госпада ў славу Яго.
І забудуюць адвечныя пустэчы, і руіны старадаўнія адновяць, і адбудуюць спустошаныя гарады, зруйнаваныя многімі пакаленнямі.
І забудуюць пустыні спрадвечныя, адновяць старадаўнія руіны і адновяць гарады разбураныя, запусьцелыя з даўніх родаў.
І стануць чужынцы, і будуць пасвіць вашу жывёлу, і сыны чужаземцаў стануць вашымі земляробамі і вінаградарамі.
І прыйдуць іншаземцы, і будуць пасьвіць статкі вашыя; і сыны чужаземцаў будуць вашымі ратаямі і вашымі вінаградарамі.
Вы ж будзеце называцца святарамі Госпада, зваць вас будуць слугамі Бога нашага. Скарыстайцеся з магутнасці народаў, і будзеце ганарыцца славай іх.
А вы будзеце называцца сьвятарамі Госпада, — службітамі Бога нашага называцьмуць вас; будзеце карыстацца здабыткамі народаў і славіцца славаю іхняю.
За падвоены іх сорам і знявагу пахваляць яны долю сваю; таму ў сваёй зямлі пяроймуць у спадчыну ўсё ўдвайне, і вечная радасць будзе ім.
За пасаромленьне вам будзе ўдвая; за паглумленьне яны будуць радавацца сваёй долі, бо ў зямлі сваёй удвая атрымаюць; весялосьць вечная будзе ў іх.
«Бо Я, Госпад, люблю законнасць, ненавіджу рабункі і беззаконне; і дам вынік іх па праўдзе, ды заключу з імі павяковае прымірэнне».
Бо Я, Гасподзь, люблю правасудзьдзе, ненавіджу рабункі з гвалтам, і дам узнагароду ім паводле ісьціны, і запавет вечны пастаўлю зь імі;
І будзе вядомым племя іх між народамі, і патомства іх — між людзьмі. Усе, хто іх убачаць, прызнаюць, што яны — племя, якое дабраславіў Госпад.
і будзе вядома між народамі семя іхняе, і нашчадкі іхнія — сярод плямёнаў; усе, хто бачыць іх, спазнаюць, што яны — насеньне, дабраславёнае Госпадам.
Буду радавацца радасцю ў Госпадзе, і ўзвесяліцца душа мая ў Богу маім, бо апрануў Ён мяне ў шаты збаўлення і агарнуў Ён мяне вопраткаю справядлівасці, як сужэнца, аздобленага вянцом, і як сужэнку, упрыгожаную каштоўнасцямі яе.
Радасьцю буду радавацца ў Госпадзе, разьвесяліцца душа мая ў Богу маім: бо Ён апрануў мяне ў шаты ратаваньня, адзеньнем праўды ахінуў мяне, як на жаніха ўсклаў вянок і, як нявесту, аздобіў убранствам.
Як бо зямля прыносіць сваю расліннасць ды як сад родзіць свае пасевы, так Госпад Бог народзіць справядлівасць і хвалу перад абліччам усіх народаў.
Бо — як зямля ўтварае расьліны свае, і як сад гадуе пасеянае ў ім, — так Гасподзь Бог выявіць праўду і славу перад усімі народамі.