Ісаі 61 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Дух Спадара СПАДАРА на Імне; бо СПАДАР памазаў Мяне агалашаць пакорным, паслаў Мяне завязаць раны патрышчаным сэрцам, абяшчаць свабоду палоненікам і адчыняць вязьніцу вязьням,
 
Дух Госпада Бога на Мне, бо Гасподзь памазаў Мяне зьвеставаць убогім, паслаў Мяне ацаляць зламаных сэрцам, прапаведаваць палонным вызваленьне і вязьням — адкрыцьцё цямніцы,

Агаласіць прыемны год СПАДАРОЎ і дзень помсты Бога нашага, пацешыць усіх, што ў жалобе,
 
прапаведаваць год Гасподні спрыяльны і дзень помсты Бога нашага; суцешыць усіх, хто бядуе,

Прызначыў пацеху маючым жалобу ў Сыёне, даць ім прыбор замест попелу, алей радасьці замест жалобы, адзецьці хвалы замест сьцісьненага духа, і будуць іх зваць дзервамі справядлівасьці, пасаджэньням СПАДАРОВЫМ, на славу.
 
абвясьціць тым, хто жаліцца на Сіён, што ім замест попелу дасца акраса, замест плачу — алей радасьці, замест заняпалага духу — слаўная вопратка; і назавуць іх моцнымі праўдаю, асалодаю Госпада ў славу Яго.

І адбудуюць спрадвечныя разбурэньні, былыя спустошаньні падыймуць і адновяць разбураныя месты, спустошаньні пакаленьняў а пакаленьняў.
 
І забудуюць пустыні спрадвечныя, адновяць старадаўнія руіны і адновяць гарады разбураныя, запусьцелыя з даўніх родаў.

І стануць чужаземцы, і будуць пасьціць драбны статак ваш, і сынове чужых будуць у вас ралейнікамі а віньнікамі.
 
І прыйдуць іншаземцы, і будуць пасьвіць статкі вашыя; і сыны чужаземцаў будуць вашымі ратаямі і вашымі вінаградарамі.

Але вы будзеце названы сьвятарамі СПАДАРОВЫМІ, — «служцы Бога нашага», скажуць на вас; вы будзеце жывіцца багацьцямі народаў і пачэсьцяй іхнай уславіцеся.
 
А вы будзеце называцца сьвятарамі Госпада, — службітамі Бога нашага называцьмуць вас; будзеце карыстацца здабыткамі народаў і славіцца славаю іхняю.

За сорам ваш адзяржыце ўдвая; замест ганьбы будзеце цешыцца із свае дзелі, бо будуць мець падвойны спадак у зямлі сваёй, будуць мець вечную радасьць.
 
За пасаромленьне вам будзе ўдвая; за паглумленьне яны будуць радавацца сваёй долі, бо ў зямлі сваёй удвая атрымаюць; весялосьць вечная будзе ў іх.

Бо Я СПАДАР люблю суд, ненавіджу глабаньне пры аброку, дам так, каб справы іхныя былі ў праўдзе, і вечную змову зраблю зь імі.
 
Бо Я, Гасподзь, люблю правасудзьдзе, ненавіджу рабункі з гвалтам, і дам узнагароду ім паводле ісьціны, і запавет вечны пастаўлю зь імі;

Насеньне іхнае будзе ведамнае меж народаў і пагон іхны сярод людаў; усі, што абачаць іх, пазнаюць іх, што яны насеньне, дабраславёнае СПАДАРОМ.
 
і будзе вядома між народамі семя іхняе, і нашчадкі іхнія — сярод плямёнаў; усе, хто бачыць іх, спазнаюць, што яны — насеньне, дабраславёнае Госпадам.

Я буду вельма цешыцца ў СПАДАРУ, душа мая будзе весяліцца ў Богу маім; бо Ён адзеў мяне адзецьцям спасеньня, ахілімам справядлівасьці акрыў мяне, як князя маладога, што ўбіраецца ўборамі, і як княгіню маладую, што прыбіраецца прыборамі сваімі;
 
Радасьцю буду радавацца ў Госпадзе, разьвесяліцца душа мая ў Богу маім: бо Ён апрануў мяне ў шаты ратаваньня, адзеньнем праўды ахінуў мяне, як на жаніха ўсклаў вянок і, як нявесту, аздобіў убранствам.

Бо як зямля выдаець пагоны свае, і як гарод расьціць сяўбу сваю, так Спадар СПАДАР вырасьце справядлівасьць а хвалу перад усімі народамі.
 
Бо — як зямля ўтварае расьліны свае, і як сад гадуе пасеянае ў ім, — так Гасподзь Бог выявіць праўду і славу перад усімі народамі.