Ісаі 2 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Здарэньне, каторае відзеў Ісая Амасёнак узглядам Юдэі а Ерузаліму.
 
Слова, якое было ва ўяве Ісаю, сыну Амосаваму, пра Юдэю і Ерусалім.

І станецца апошніх дзён: будзе ўстаноўлена гара дому СПАДАРОВАГА на чале гораў, і падыймецца над узгоркі, і пацякуць да яе ўсі народы.
 
І будзе ў апошнія дні гара дома Гасподняга, будзе пастаўлена на чале гор, і ўзвысіцца над пагоркамі, і пацякуць да яе ўсе народы.

І пойдуць шмат якія люды, і скажуць: «Хадзіце і ўзыйдзіма на гару СПАДАРОВУ, да дому Бога Якававага, і Ён навуча нас дарогаў Сваіх, і мы пойдзем дарогамі Ягонымі»; бо із Сыёну выйдзе права і слова СПАДАРОВА зь Ерузаліму.
 
І пойдуць многія народы, і скажуць: прыйдзеце, і ўзыйдзем на гару Гасподнюю, у дом Бога Якаўлевага, і навучыць Ён нас Сваім шляхам; і хадзіцьмем па сьцежках Ягоных. Бо ад Сіёна выйдзе закон, і слова Гасподняе — зь Ерусаліма.

І будзе судзіць меж народаў і згане шмат якія люды; і перакуюць мячы свае на нарогі, і дзіды свае на сярпы; не падыйме народ на народ мяча, і наперад ня будуць вучыцца ваяваць.
 
І будзе Ён судзіць народы, і выкрые многія плямёны; і перакуюць мячы свае на аралы, і дзіды свае — на сярпы; не падыме народ на народ меча, і ня будуць болей вучыцца ваяваць.

Доме Якаваў! Прыйдзіце й пайдзіма ў сьвятліні СПАДАРОВАЙ!
 
О, доме Якава! Прыйдзеце, і будзем хадзіць у сьвятле Гасподнім.

Але, Ты пакінуў люд Свой, дом Якаваў; бо яны шмат перанялі з усходу, і варажбіты, як Пілішчане, і даюць рукі дзяцём чужаземцаў.
 
Але Ты адкінуў народ Твой, доме Якава, бо яны шмат перанялі ад усходу: і чарадзеі ў іх, як у Філістымлянаў, і з сынамі чужымі яны ў згодзе.

І напоўнілася зямля ягоная срэбрам а золатам, і няма канца скарбам ягоным; і напоўнілася зямля ягоная коньмі, і няма канца цялежкам ягоным;
 
І напоўнілася зямля яго срэбрам і золатам, і ліку няма скарбам ягоным; і напоўнілася зямля яго конямі, і ліку няма калясьніцам ягоным;

І напоўнілася зямля ягоная балванамі; вырабу рук сваіх яны кланяюцца, таму, што зрабілі палцы іхныя.
 
і напоўнілася зямля ягоная ідаламі; яны пакланяюцца творам рук сваіх, таму, што зрабілі пальцы іхнія.

І загбаўся чалавек, і паніжыўся мужчына; і не даруй ім.
 
І пакланіўся чалавек, і прынізіўся мужчына; і Ты не даруеш ім.

Ідзі на скалу й схавайся ў зямлі ад страху СПАДАРОВАГА і ад славы вялічча Ягонага.
 
Ідзі ў скалу, і схавайся ў зямлю ад страху Госпада і ад славы велічы Ягонай.

Гордыя вочы чалавека будуць паніжаны, і высакосьць людзёў будзе паніжана, і будзе ўзьвялічаны СПАДАР адзін таго дня;
 
Панікнуць гордыя вочы чалавека, і высокае людское прынізіцца; і адзін Гасподзь будзе высокі ў той дзень.

Бо дзень СПАДАРА войскаў на кажнага гордага а высокага а на кажнага павышанага, і ён будзе паніжаны,
 
Бо ідзе дзень Госпада Саваофа на ўсё ганарыстае і пыхлівае і на ўсё ўзьнесенае, — і яно будзе прыніжана,

І на ўсі кедры лібанскія, высокія а вывышаныя, і на ўсі дубы вашанскія,
 
і на ўсе кедры Ліванскія, высокія і выносныя, і на ўсе дубы Васанскія,

І на ўсі высокія горы, і на ўсі ўзвышаныя ўзгоркі,
 
і на ўсе высокія горы, і на ўсе пагоркі, якія ўзвышаюцца,

І на кажную высокую вежу, і на кажную ўмацаваную сьцяну,
 
і на ўсякую вежу высокую, і на ўсякі моцны мур,

І на ўсі караблі таршыскія, і на ўсі іх жаданыя мастацтвы.
 
і на ўсе караблі Тарсіскія, і на ўсе панадныя акрасы іхнія.

І будзе паніжана гордасьць людзіны, і пыхатасьць людзёў спадзець, і будзе ўзьвялічаны СПАДАР адзін таго дня.
 
І ўпадзе чалавечая веліч, і высокае людское прынізіцца; і адзін Гасподзь будзе высокі ў той дзень.

І балваны чыста шчэзнуць.
 
І ідалы зьнікнуць зусім.

І пойдуць яны да пячораў скалаў а раськепінаў зямлі ад страху СПАДАРОВАГА і ад славы вялічча Ягонага, як Ён паўстане, каб затрэсьці зямлю.
 
І ўвойдуць людзі ў расколіны скал і ў прорвы зямлі ад страху Госпада і ад славы велічы Яго, калі Ён паўстане сьцерці зямлю.

Таго дня кіне чалавек кратом а кажаном свае срэбныя балваны, што зрабіў сабе кланяцца,
 
У той дзень чалавек кіне кратам і кажанам сваіх срэбраных і залатых сваіх ідалаў, якіх зрабіў сабе на пакланеньне ім,

Каб увыйсьці ў вадтуліны скал а ў раськепіны скал ад страху СПАДАРОВАГА і ад славы вялічча Ягонага, як Ён паўстане, затрэсьці зямлю.
 
каб увайсьці ў цясьніны скал і ў расколіны гор ад страху Госпада і ад славы велічы Яго, калі Ён паўстане сьцерці зямлю.

Адкасьніцеся ад людзіны, каторае дых у ноздрах ейных, бо за каго яна мае быць уважана?
 
Перастаньце вы спадзявацца на чалавека, чыё дыханьне ў ноздрах у яго: бо што ён значыць?