Ісаі 66 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Гэтак кажа СПАДАР: «Неба — пасад Мой, а зямля — казулька пад ногі Мае; ідзе вы пастановіце дом Імне, і йдзе месца супачынку Майго?
 
Так кажа Гасподзь: неба — трон Мой, а зямля — падножжа ног Маіх; дзе ж набудзеце вы дом Мне, і дзе месца спакою Майго?

Усе гэта ўчыніла рука Мая, і сталася ўсе гэта, — агалашае СПАДАР. — І на гэтага Я буду глядзець: на ўбогага а патрышчанага духам а на дрыжачага на слова Мае.
 
Бо ўсё гэта зрабіла рука Мая, і ўсё гэта было, кажа Гасподзь. А вось, на каго Я пагляджу: на ўпакоранага і зламанага духам і на таго, хто трымціць перад словам Маім.

Хто рэжа вала — забівае людзіну, абракае авечку — ломе завыек сабаку, абракае хлебны аброк — сьвіную кроў, кадзе кадзіла — дабраславе бяспраўе. Але як яны абралі дарогі свае, і душа іхная любуе агіды іхныя, —
 
А хто коле вала — тое самае, што і забівае чалавека; ахвяравальнік ягняці — тое самае, што гіцаль; ахвяравальнік ежы — тое самае, што ахвяравальнік сьвіное крыві; кадзільнік фіміяму — тое самае, што мольбіт ідалу; і як яны выбралі свае шляхі, і душа іх знаходзіць асалоду ў мярзотах іхніх,

Дык і Я абяру пасьмехі іхныя; чаго яны баяцца, прывяду на іх; бо Я гукаў, — ніхто не адказаваў, і Я казаў — яны ня слухалі, рабілі ліха ў ваччу Маім і абралі, што нялюба Імне».
 
так і я ўжыву іхнюю панаду і навяду на іх жахлівае для іх; бо Я клікаў — і ня было адказьніка, казаў — і яны ня слухалі, а рабілі ліхое ў вачах Маіх і выбіралі тое, што не даспадобы Мне.

Слухайце слова СПАДАРОВА, вы, што дрыжыце на слова Ягонае: «Казалі браты вашы, што ненавідзілі вас, што адпіхаюць вас за імя Мае: "Няхай СПАДАР уславіцца, і абачым радасьць вашу". Але яны будуць паганбены.
 
Выслухайце слова Госпада, хто трымціць перад словам Яго: вашы браты, што ненавідзяць вас і выганяюць вас за імя Маё, кажуць: «няхай явіць Сябе ў славе Гасподзь, і мы паглядзім на весялосьць вашу». Але яны будуць пасаромленыя.

Грымучы голас ізь места, голас із палацу, голас СПАДАРОЎ, Каторы плаце непрыяцелям Сваім.
 
Вось, шум з горада, голас з храма, голас Госпада, Які помсьціцца ворагам Сваім.

Перш, чымся труднілася, радзіла; уперад чымся прышлі болі ёй, яна абрадзілася сынам.
 
Яшчэ ня мучылася родамі, а нарадзіла; перш чым насталі болі яе, нарадзіла сына.

Хто чуваў гэта? хто бачыў падобнае да гэтага? ці родзе зямля за адзін дзень? ці радзіўся народ адразу; бо як пачала трудніцца, так і радзіла сваіх сыноў маці Сыёну.
 
Хто чуў такое? хто бачыў падобнае на гэта? ці ўзьнікла краіна ў адзін дзень? ці нараджаўся народ за адзін раз, як Сіён, ледзь толькі пачаўшы родамі мучыцца — нарадзіў сыноў сваіх.

Нягож Я, адчыняючы ўлоньне дзеля нараджэньня, ня дам абрадзіцца? — кажа СПАДАР. — Нягож Я, даючы Сілу радзіць, запыню? — кажа Бог твой.
 
Ці давяду Я да родаў, і ці ня дам радзіць? кажа Гасподзь. Альбо, даючы сілу радзіць, ці зачыню нутробу? кажа Бог твой.

Цешчася зь Ерузалімам і весяліцеся ў ім, усі, што любіце яго; цешчася з радасьці зь ім, усі, што ў жалобе па ім;
 
Весялецеся зь Ерусалімам і радуйцеся за яго, усе, хто любіць яго! парадуйцеся зь ім радасьцю ўсе, хто скардзіўся на яго,

Бо вы будзеце ссаць і насыціцеся зь пелькаў пацехаў яго, бо вы можаце любаваць яснасьць славы яго».
 
каб вам карміцца і насычацца ад саскоў суцяшэньняў ягоных, упівацца і мець асалоду ад лішку славы Ягонай.

Бо гэтак кажа СПАДАР: «Вось, Я расьцягну да яго супакой, як раку, і, як цурэй, што разьліўся, чэсьць народаў; тады вы будзеце ссаць, будзеце ношаны на сьцёгнах і кукоблены на ўлоньнях.
 
Бо так кажа Гасподзь: вось, Я пасылаю да яго спакой, як раку, і багацьце народаў — як паток, што разьліваецца, для асалоды вашай; на руках насіцьмуць вас і на каленях будуць песьціць.

Як людзіну цеша маці ягоная, так Я буду цешыць вас, і вы ў Ерузаліме будзеце пацешаны.
 
Як суцяшае каго-небудзь маці яго, так суцешу вас Я, і вы будзеце суцешаныя ў Ерусаліме.

І абачыце, і пацешыцца сэрца вашае, і косьці вашы, як зяленіва, расквіцяць, і ведамная будзе рука СПАДАРОВА слугам Ягоным, і абурэньне — непрыяцелям Ягоным;
 
І ўбачыце гэта, і парадуецца сэрца ваша, і косьці вашыя расьцьвітуць, як маладая зеляніна, і растуліцца рука Госпада рабам Яго, а на ворагаў Сваіх Ён разгневаецца.

Бо вось, СПАДАР у цяпле прыйдзе, і цялежкі Ягоныя, — як віхор, каб аднавіць гнеў Свой палкім гневам і ганеньне Свае ў полымянях цяпла;
 
Бо вось, прыйдзе Гасподзь у агні і калясьніцы Яго — як віхура, каб выліць гнеў Свой зь лютасьцю і дараваньне Сваё з палаючым агнём.

Бо цяплом Сваім СПАДАР будзе судзіць суд і мячом кажнае цела, і шмат будзе забітых СПАДАРОМ.
 
Бо Гасподзь у агні і мечам Сваім учыніць суд над усякаю плоцьцю, і многа будзе пабітых Госпадам.

Тыя, што пасьвячаюцца а чысьцяцца ў гародах, адзін за адным па сярэдзіне, ядучы сьвіное мяса а агіду а мышы, — загінуць разам, — агалашае СПАДАР. —
 
Тыя, якія асьвячаюць і ачышчаюць сябе ў гаях, адзін за адным, ядуць сьвіное мяса і мярзоту і мышэй, — усе загінуць, кажа Гасподзь.

Бо Я ведаю ўчынкі іхныя й думкі іхныя; прыходзе пара, зьберці ўсі народы а мовы, і яны прыйдуць і абачаць славу Маю.
 
Бо Я ведаю ўчынкі іхнія і думкі іхнія; і вось, прыйду сабраць усе народы і роды, і яны прыйдуць і ўбачаць славу Маю.

І палажу знак на іх, і пашлю ўцеклых да народаў, да Таршышу, Пулу а Луду, што напінаюць лук, да Тувалу а Явану, на далёкія абтокі, каторыя ня чулі галасоў празь Мяне й ня бачылі славы Мае; і яны будуць агалашаць народам славу Маю.
 
І пакладу на іх азнаку, і пашлю з выратаваных ад іх да народаў: у Тарсіс, у Пулу і Луду, да тых, што напінаюць лук, у Тубалу і Явану, на далёкія астравы, якія ня чулі пра Мяне і ня бачылі славы Маёй; і яны абвесьцяць народам славу Маю

І прывядуць усіх братоў вашых із усіх народаў на аброк СПАДАРУ конна а на цялежках а на нашулках а на мулах а на вярблюдзіцах, — на сьвятую гару Маю Ерузалім, — кажа СПАДАР, — падобна да тога, як сынове Ізраелявы абракаюць у чыстай судзіне ў доме СПАДАРОВЫМ.
 
і прадставяць усіх братоў вашых ад усіх народаў у дарунак Госпаду на конях і калясьніцах, і на насілках і на мулах і на борздых вярблюдах, — на сьвятую гару Маю, у Ерусалім, кажа Гасподзь, — падобна на тое, як сыны Ізраілевыя прыносяць дарунак у дом Госпада ў чыстай пасудзіне.

І таксама зь іх Я вазьму сьвятароў а Левітаў, — кажа СПАДАР;
 
Зь іх буду браць таксама ў сьвяшчэньнікі і лявіты, кажа Гасподзь.

Бо, як тыя новыя нябёсы й новая зямля, каторыя ўчыню Я, стануць перад Імною, — агалашае СПАДАР, — так насеньне ваша а імя ваша застануцца.
 
Бо, як новае неба і новая зямля, якія я ствару, заўсёды будуць перад абліччам Маім, кажа Гасподзь, так будзе і насеньне ваша і імя ваша.

І станецца, што ад маладзіка да маладзіка, і ад сыботы да сыботы будзе прыходзіць кажнае цела пакланіцца перад відам Маім, — кажа СПАДАР.
 
Тады зь месяца ў месяц і з суботы ў суботу будзе прыходзіць усякая плоць перад аблічча Маё на пакланеньне, кажа Гасподзь.

І выйдуць, і абачаць трупы людзёў, што выступ зрабілі супроці Мяне; бо чарвяк іхны не памрэць, і цяпло іхнае ня згасьне; і яны будуць агідаю кажнаму целу».
 
І будуць выходзіць, і ўбачаць трупы людзей, што адступіліся ад Мяне: бо чарвяк іх не памрэ, і агонь іх не пагасьне; і будуць яны мярзотаю для ўсякай плоці.