Ісаі 14 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Бо СПАДАР паспагадае Якаву, і ўзноў выбяра Ізраеля, і аселе іх на зямлі іхнай. І чужаземцы злучацца зь імі, і прылучацца да дому Якававага.
 
І блізкі час яго, і не запаволяцца дні ягоныя. Бо памілуе Гасподзь Якава, і зноў палюбіць Ізраіля; і паселіць іх на зямлі іхняй, і далучацца да іх іншаземцы, і прылепяцца да дома Якава.

І люды возьмуць іх, і прывядуць іх на месца іхнае; і дому Ізраеляваму спадуць яны на зямлі СПАДАРОВАЙ за слугаў а нявольніцы. Яны зробяць палоненікамі тых, што апаланялі іх, і будуць панаваць над уцісканьнікамі сваімі.
 
І возьмуць іх народы, і прывядуць на іхняе месца, і дом Ізраіля прыме іх на зямлі Гасподняй рабамі і возьме ў палон тых, што паланілі яго, і запануе над прыгнятальнікамі сваімі.

І станецца таго дня, што СПАДАР супакое цябе ад смутку а ад дрыжэньня а ад цяжкое работы, каторую ты мусіў рабіць,
 
І станецца ў той дзень: калі Гасподзь дасьць табе адпачынак ад скрухі тваёй і ад страху і ад цяжкай няволі, якой ты аддадзены быў,

Ты вымавіш прыказь гэтую праз караля Бабілёнскага і скажаш: «Як мінуўся ўцісканьнік, мінуліся вымагаючыя золата!
 
і ты запяеш пераможную песьню на цара Вавілонскага, і скажаш: як ня стала катавальніка — спынілася рабаўніцтва!

СПАДАР зламіў кій нягодных, ськіпетру дзяржаўцаў;
 
Зламаў Гасподзь кій бязбожных, жазло ўладыкаў,

Тый, што біў люды ў гневе кажначасным біцьцём, тый, што радзіў народы ў гневе, ё перасьледаваны, і ніхто не задзержуе.
 
што пабівала народы ў лютасьці ўдарамі няўхільнымі, у гневе ўладарыў над плямёнамі зь бязьлітаснымі ганеньнямі.

Уся зямля супачывае й ціхая, але прарвалася пяцьцём.
 
Уся зямля адпачывае, пакоіцца, усклікае ад радасьці.

Нават кіпрысы цешацца зь цябе, і кедры лібанскія: "Адгэнуль, як ты ляжыш, не падыймаўся сякач над намі".
 
І кіпарысы радуюцца за цябе, і кедры ліванскія, кажучы: з таго часу, як ты заснуў, ніхто ня прыходзіць сячы нас.

І шэоль падыспадам дрыжыць дзеля цябе, каб сустрэць прыход твой; дзеля цябе прачхнуліся ўсі сьмяротныя сьцені, усі правадыры зямлі, падняў з пасадаў усіх каралёў народаў.
 
Пекла апраметнае ўзрушылася дзеля цябе, каб цябе сустрэць, калі прыйдзеш; разбудзіў дзеля цябе Рэфаімаў, усіх правадыроў зямлі; падняў усіх цароў язычніцкіх з тронаў іхніх.

Усі яны адказалі й сказалі табе гэтак: "І ты стаў кволы, як мы, з намі ты зраўнаўся!"
 
Усе яны будуць казаць табе: і ты зьнясілеў, як мы! і ты стаў падобны да нас!

Да шэолю ськінена пыха твая, гук гусьляў тваіх; чарвяк пасьцеля твая, і чырва накрыцьце твае.
 
У апраметную скінута ганарыстасьць твая з усім шумам тваім; пад табой падсьцілаецца чарвяк, і чэрві — покрыва тваё.

Як зваліўся ты зь неба, дзяньніца, сыну раньня, разьбіўся воб зямлю ты, што кволіў народы!
 
Як упаў ты зь неба, дзяньніца, сыне зары! разьбіўся аб зямлю той, хто таптаў народы.

Ты сказаў у сэрцу сваім: "Узыйду на неба, вышэй гвездаў Божых падыйму пасад свой і сяду на гары збору, на старанах поўначы;
 
А казаў у сэрцы сваім: узыду на неба, вышэй за зоркі Божыя, узьнясу трон мой і сяду на гары ў гурце багоў, на краі поўначы;

Узыйду на вышыню булакоў, буду Падобны да Навышняга".
 
узыду на вышыні хмарныя, буду падобны на Ўсявышняга.

Ты, адылі, ськінены будзеш далоў да шэолю, да бакоў ямы!
 
Але ты скінуты ў пекла, у глыбіні апраметнай.

Бачачыя цябе ўцямяцца ў цябе, ўважліва будуць глядзець на цябе: "Ці гэта муж, што прысіліў дрыжэць зямлю, трэсьці каралеўствы,
 
Тыя, хто цябе бачыць, углядаюцца ў цябе, разважаюць пра цябе: ці той гэта чалавек, які хістаў зямлю, патрасаў царствы,

Што абярнуў сьвет у пустыню і разбурыў месты яго, што ня пушчаў двору вязьняў сваіх?"
 
сусьвет зрабіў пустыняю і разбурыў гарады яго, палонных сваіх не адпускаў дадому?

Усі каралёве народаў, усі яны супачываюць у славе, кажны ў доме сваім;
 
Усе цары народаў, усе ляжаць ганарова, кожны ў сваёй усыпальніцы;

Але ты выкінены з гробу, як агідны пагон, пакрыты забітымі, прабітымі мячом, апушчанымі меж каменьня ямы, як труп таптаны.
 
а ты пакінуты за магільніцай сваёй, як пагарджаная галіна, як вопратка забітых, працятых мечам, якіх апускаюць у каменны дол, ты, як здрасаваны труп,

Ты ня злучышся зь імі ў магіле, бо ты спустошыў зямлю сваю, забіў люд свой; ніколі ня будзе менавана насеньне ліхадзеяў.
 
не зьяднаешся зь імі ў магіле; бо ты зьнішчыў зямлю тваю, забіў народ твой; навекі ня ўспомніцца племя ліхадзеяў.

Прыгатуй зарэз сыном ягоным за бяспраўе айцоў іхных, каб яны не паўсталі, ня спала ім зямля, і не напоўнілі віду сьвету местамі».
 
Рыхтуйце разьню сынам ягоным за беззаконьне бацькі іхняга, каб не паўсталі і не завалодалі зямлёю і не напоўнілі сусьвету супастатамі.

«І Я паўстану на іх, — агалашае СПАДАР войскаў, — і адатну імя Бабілёну, і астачу, і сына, і ўнука», агалашае СПАДАР;
 
І паўстану на іх, кажа Гасподзь Саваоф, і вынішчу імя Вавілона і ўсю рэшту — і сына і ўнука, кажа Гасподзь.

«І зраблю таксама яго дзяржаваю ежыкаў і воднаю багнаю, і зьмяту яго мятлою зьнішчэньня», — агалашае СПАДАР войскаў.
 
І зраблю яго аселінай вожыкаў і балотам, і вымяту яго памялом зьнішчальным, кажа Гасподзь Саваоф.

Прысягаў СПАДАР войскаў, кажучы: «Напэўна, як Я думаў, так будзе; і як Я плянаваў, так станецца,
 
Прысягаючы, кажа Гасподзь Саваоф: як Я намысьліў, так і станецца; як Я вызначыў, так і спраўдзіцца,

Каб зламіць Асыра ў зямлі Маёй і патаптаць яго на горах Маіх; тады йго ягонае будзе зьнята зь іх, і цяжар здыймецца з плеч іхных».
 
каб сьцерці Асура зь зямлі Маёй і растаптаць яго на горах Маіх; і ападзе зь іх ярмо яго, і здымецца цяжар яго з плячэй іхніх.

Гэта рассудак да ўсяе зямлі, і гэта рука, выцягненая на ўсі народы;
 
Такая пастанова, прынятая для ўсёй зямлі, і вось рука, узьнесеная над усімі народамі;

Бо СПАДАР войскаў замерыў, і хто ўзруша? і рука Ягоная выцягнена, і хто адверне Яе?
 
бо Гасподзь Саваоф пастанавіў, і хто можа адмяніць гэта? рука Яго ўзьнесена, — і хто адвядзе яе?

Году сьмерці караля Агаза быў гэт’кі цяжар:
 
У год сьмерці цара Ахаза было такое прарочае слова:

«Ня цешся ўся Піліста, што зломлены прут б’ючага цябе, бо ад гадавага караня выйдзе базылішк, і плодам ягоным — агняны лятучы смок.
 
ня радуйся зямля Філістымская, што зламана жазло, якое біла цябе; бо з кораня зьмяінага выпаўзе асьпід, і плодам яго будзе лятучы дракон.

І будуць пасьвіцца першакі галечаў, і бедныя будуць супачываць у бясьпечнасьці; і Я заб’ю карэнь твой галадоўю, і яна заб’ець астачу тваю.
 
Тады бедныя будуць накормлены, і ўбогія будуць пакоіцца ў бясьпецы; а той корань вымару голадам, і ён даб’е рэшту тваю.

Вый, брама, крычы, места, уся таючая Піліста; бо пойдзе дым з поўначы, і няма ні воднага ў збору іх».
 
Галасі, брама! вый голасам, горадзе! Распадзешся ты, уся зямля Філістымская; бо з поўначы дым ідзе, і няма адсталага ў полчышчах іхніх.

І што тады адкажуць паслове народу? — што СПАДАР заклаў Сыён, і ў ім схаваюцца бедныя зь люду Ягонага.
 
Што ж скажуць весьнікі народныя? — Тое, што Гасподзь заснаваў Сіён, і ў ім знойдуць бедныя з народу Яго.