Ісаі 20 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Таго году, калі Тартон прышоў да Ашдоду, як паслаў яго Сарґон, кароль Асырскі, і ваяваў з Ашдодам, і перамог яго,
 
І ў год, калі Тартан прыйшоў у Азот, пасланы ад Саргона, цара Асірыйскага, і ваяваў супроць Азота і ўзяў яго, —

У тым самым часе казаў СПАДАР Ісаям Амасёнкам, кажучы: «Ідзі й здыймі зрэбніну ізь сьцёгнаў сваіх, і разуй вобуй з ног сваіх». І ён зрабіў так, ходзячы голы а босы.
 
у той самы час Гасподзь сказаў Ісаю, сыну Амосаваму, так: ідзі і здымі вярэту са сьцёгнаў тваіх, і скінь сандалі твае з ног тваіх. Ён так і зрабіў: хадзіў разьдзеты і босы.

І сказаў СПАДАР: «Як слуга Мой Ісая хадзіў голы а босы тры гады на знак а чуда ўзглядам Ягіпту а Ефіопы,
 
І сказаў Гасподзь: як раб Мой Ісая ходзіць разьдзеты і босы тры гады, на знак і прадказаньне пра Егіпет і Эфіопію, —

Так кароль Асырскі павядзець вязьняў Ягіпцян і палоненікаў Ефіоплян, дзяцюкоў і старых, голых а босых, нават із аголенымі сьцёгнамі, на сорам Ягіпту.
 
так павядзе цар Асірыйскі палонных зь Егіпта і перасяленцаў з Эфіопіі, маладых і старых, разьдзетых і босых і з аголенымі сьцёгнамі, на сорам Егіпту.

І будуць баяцца а сароміцца за Ефіопу, спадзеву сваю, і за Ягіпет, славу сваю.
 
Тады жахнуцца і пасаромеюцца за Эфіопію, надзею сваю, і за Егіпет, якім хваліліся.

І таго дня скажуць жыхары таго ўзьбярэжжа: "Гля, такая наша спадзева, куды ўцякалі помачы на вывальненьне ад караля Асырскага; і як мы ўцячэм?"»
 
І скажуць у той дзень жыхары гэтай краіны: вось якія яны, на каго мы спадзяваліся і да якіх прыходзілі па дапамогу, каб уратавацца ад цара Асірыйскага! і як уратаваліся б мы?