Ісаі 20 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Яна Станкевіча → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

Таго году, калі Тартон прышоў да Ашдоду, як паслаў яго Сарґон, кароль Асырскі, і ваяваў з Ашдодам, і перамог яго,
 

У тым самым часе казаў СПАДАР Ісаям Амасёнкам, кажучы: «Ідзі й здыймі зрэбніну ізь сьцёгнаў сваіх, і разуй вобуй з ног сваіх». І ён зрабіў так, ходзячы голы а босы.
 

І сказаў СПАДАР: «Як слуга Мой Ісая хадзіў голы а босы тры гады на знак а чуда ўзглядам Ягіпту а Ефіопы,
 

Так кароль Асырскі павядзець вязьняў Ягіпцян і палоненікаў Ефіоплян, дзяцюкоў і старых, голых а босых, нават із аголенымі сьцёгнамі, на сорам Ягіпту.
 

І будуць баяцца а сароміцца за Ефіопу, спадзеву сваю, і за Ягіпет, славу сваю.
 

І таго дня скажуць жыхары таго ўзьбярэжжа: "Гля, такая наша спадзева, куды ўцякалі помачы на вывальненьне ад караля Асырскага; і як мы ўцячэм?"»