Да Габрэяў 1 разьдзел
Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Яна Станкевіча → Біблія Скарыны (Бразгуноў)
Бог, што шмат разоў і ўсялякімі спосабамі гукаў здаўна айцом прарокамі,
Апошнімі гэтымі днямі Сынам, Каторага ўстанавіў спадкаемцам усяго, пераз Каторага запраўды й вякі ўчыніў,
Каторы, будучы зьзяньням славы Ягонае і дакладным выразам істасьці Ягонае і дзержачы ўсе словам магутнасьці Свае, учыніў Сабою ачышчэньне грахоў, сеў па правіцы Вялікасьці на вышынях,
Стаўшы толькі пераходзячым ангілаў, колькі вышшае за іх спала Яму імя.
Бо катораму з ангілаў сказаў калі: «Ты Сын Мой, гэтага дня Я нарадзіў Цябе»? і ўзноў: «Я буду Яму Айцом, а Ён будзе Імне Сынам»?
І, як узноў уводзе Першароднага на зямлю, кажа: «І няхай паклоняцца Яму ўсі ангілы Божыя».
А ўзглядам ангілаў кажа: «Каторы чыне ангілаў Сваіх духамі і слугачых Сваіх палаючым агнём».
Але ўзглядам Сына: «Пасад Твой, Божа, на векі вякоў, і ськіпэтра справядлівасьці ё ськіпэтра гаспадарства Твайго.
Ты ўлюбіў справядлівасьць і зьненавідзіў бяспраўе; затым памазаў Цябе, Божа, Бог Твой алеям весялосьці над сяброў Тваіх».
І: «На пачатку Ты, Спадару, заклаў зямлю, і работа рук Тваіх нябёсы.
Яны загінуць, але Ты застаешся; і ўсі, як адзецьце, застарэюць,
І, як ахілім, скруціш іх, і, як адзецьце, зьменяцца; але Ты тый самы, і гады Твае ня скончацца».
А ўзглядам каторага з ангілаў сказаў калі: «Сядзі паправе Мяне, пакуль пакладу непрыяцеляў Тваіх казулькаю пад ногі Твае»?
Ці ня ўсі яны паслугуючыя духі, пасыланыя на паслугу тым, каторым спадзець спасеньне?