Ісаі 32 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Вось, кароль будзе караляваць справядліва, і князі будуць радзіць у судзе.
 
Вось, Цар будзе цараваць паводле праўды, і князі будуць кіраваць паводле закона;

І будзе муж як схоў ад ветру і як ўцёк ад буры, як цур’і водаў у сьцепе, як сьцень ад вялікае скалы на стамаванай зямлі.
 
і кожны зь іх будзе абаронай ад ветру і покрывам ад непагадзі, як крыніцы вады ў стэпе, як цень ад высокай скалы ў зямлі выснаджанай.

Вочы відучых ня будуць зачынены, і вушы чуючых будуць уважлівыя;
 
І вочы відушчых ня будуць заплюшчвацца, і вушы чуйных будуць слухаць.

І сэрца быстрых уцяме веду, і язык загіклівых будзе гукаць лёгка а выразьліва.
 
І сэрца легкадумных будзе ўмець разважаць; і гаркавыя будуць гаварыць выразна.

Ня будуць зваць дурня дабрародным ані жмінду ня будуць уважаць за шчодрага;
 
Невука ўжо не называцьмуць шаноўным, і пра падступнага ня скажуць, што ён сумленны.

Бо дурны гукае дурноту, і сэрца ягонае чыне бяспраўе, каб рабіць двудушша і казаць СПАДАРУ абмыльнае, морачы голадам душу галоднага і адыймаючы піцьцё ад усьмяглага.
 
Бо невук гаворыць дурное, і сэрца ягонае намышляе беззаконнае, каб рабіць крывадушна і вымаўляць агуду на Госпада, душу галоднага пазбаўляць хлеба і адбіраць пітво ў сасьмяглага.

У скупіндзі й снадзі благія; ён выдумляе нягодныя выдумкі, згубіць ўбогіх манлівымі словамі, нават калі патрабуючы добра кажа;
 
У падступнага і ўчынкі згубныя: ён намышляе ліхое, каб загубіць беднага хлусьнёю, хай той бедны і будзе слушны.

Але дабрародны задумляе дабрароднае і за дабрароднае паўстаець.
 
А сумленны і думае пра сумленнае і цьвёрды ва ўсім, што сумленнае.

Устаньце, бязрупатлівыя жанкі, слухайце ж голас мой; даверлівыя дачкі, слухайце словы мае.
 
Жанчыны неабачлівыя! устаньце, паслухайце голасу майго; дочкі бестурботныя, прыхілеце вушы да маіх слоў!

Дні а гады будзеце дрыжэць вы, даверлівыя; бо жніво будзе зьнішчана, і ня будзе зьбіраньня пладоў.
 
Яшчэ некалькі дзён звыш году, і жахнецеся, неабачлівыя! бо ня будзе збору вінаграду, і пара жніва не настане.

Здрыгайцеся, бязрупатлівыя, дрыжыце даверлівыя, разьдзеньцеся, агаліце сябе й паперажыце сьцёгны.
 
Скаланецеся, бястурботныя! жахнецеся, неабачлівыя! і аперажэце сьцёгны.

Будуць біцца ў грудзі праз прыемныя полі, праз плодныя вінішчы.
 
Будуць біць сябе ў грудзі за цудоўныя палі, за вінаградную лазу пладавітую.

Цернь а бадзючае кустоўе будуць расьці на зямлі люду Майго; але, на ўсіх дамох пацехі вясёлага места;
 
На зямлі народу майго будуць расьці церне і бадзякі, гэтак сама і на ўсіх дамах радасьці ў разьвяселеным горадзе;

Бо палацы будуць пакінены, груд места будзе кінены, сьцены а вартавыя вежы стануць пячорамі на векі, і радасьцяй дзікіх аслоў, і пасьцьбішчам стадам,
 
бо харомы будуць пакінутыя; шумны горад будзе пакінуты; Афэл і вежа заўсёды будуць служыць замест пячораў, прытулкам дзікім аслам і напасьвеным статкам,

Пакуль ня выльлецца на нас Дух з вышы, і ня будзе пустыня садам, і сад ня будуць мець за лес.
 
пакуль ня выльецца на нас Дух з высяў, і пустыня ня зробіцца садам, а сад ня будуць лічыць лесам.

І тады будзе жыць на пустыні суд, і справядлівасьць застанецца ў садзе.
 
Тады суд паселіцца ў гэтай пустыні, і правасудзьдзе будзе жыць на ўрадлівым полі.

І супакой будзе творам справядлівасьці, і справаю справядлівасьці будзе цішыня а пэўнасьць на векі.
 
І чынам ісьціны будзе мір, і плодам правасудзьдзя — спакайната і бясьпека вечная.

І люд Мой будзе жыць у гасподзе супакойнай, на сялібе бясьпечнай, у супакойных зацішках.
 
Тады народ мой жыцьме ў селішчы міру і ў селішчах бясьпечных і ў пакоях дабрашчасных.

І будзе йсьці град на схон лесу, і места спусьціцца на нізкое месца.
 
І град будзе падаць на лес, і горад апусьціцца долу.

Шчасьлівыя вы, што сееце ўсюдых ля водаў, пушчаеце ногі вала а асла.
 
Дабрашчасныя вы, што сееце каля ўсіх водаў і пасылаеце туды вала і асла.