Ісаі 9 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Але ня будзе такое стомы ёй, уцісьненай. Мінулы час паніжыў зямлю Завулонаву а зямлю Наффалімову; наступны ж ўславе ўзморскую дарогу, Заёрданскі край, Ґалілею паганскую.
 
Ранейшы час зьняцэніў зямлю Завулонавую і зямлю Нэфталімавую; а далейшы праславіць дарогу прыморскую, зямлю заярданскую, Галілею язычніцкую.

Люд, што хадзіў у цемні, абачыў вялікую сьвятліню; на тых, што жылі ў зямлі сьмяротнага сьценю, зазьзяла сьвятліня.
 
Народ, які хадзіў у цемры, убачыць сьвятло вялікае; на жыхароў краіны ценю сьмяротнага сьвятло зазьзяе.

Ты памножыў народ, павялічыў радасьць ягоную; яны радаваліся перад Табою, як радуюцца ў жніво, як вяселяцца ў часе падзелу здабытку;
 
Ты памножыш народ, павялічыш радасьць ягоную. Ён будзе весяліцца перад Табою, як весяляцца ў час жніва, як радуюцца пры падзеле здабычы.

Бо йго цяжару ягонага, кій на плячу ягоным, дубец уцісканьніка ягонага Ты зламіў, як у дзень Мідзянскі;
 
Бо ярмо, якое ўціскала яго, і жазло, якое біла яго, і кій прыгнятальніка — Ты паламаеш, як у дзень Мадыяма.

Бо кажны ваенны вобуй, што моцна шоргае, і адзецьце, што валялася ў крыві, будуць спалены — жыр цяплу;
 
Бо ўсякі абутак воіна ў часе бітвы, і вопратка, залітая крывёю, будуць аддадзены на спаленьне, на ежу агню.

Бо Дзяцё нарадзілася нам, Сын даны нам, і будзе ўлада на плячу Ягоным, і будзе названа імя Ягонае: Дзіўны, Райца, БОГ дужы, Айцец вечнасьці, Князь супакою.
 
Бо дзіця нарадзілася нам; Сын дадзены нам; уладарства на плячах у Яго, і дадуць імя Яму: Дзівосны, Дарадца, Бог Моцны, Бацька Вечнасьці, Князь Міру.

Павялічэньню ўлады а супакою ня будзе канца на пасадзе Давідавым і ў каралеўстве ягоным, аж пакуль іх уладзе і ўмацуе ў судзе а справядлівасьці адгэтуль аж на векі. Завісьць СПАДАРА войскаў учыне гэта.
 
Памнажэньню ўладарства Яго і міру няма краю на пасадзе Давідавым і ў царстве ў Яго, каб Яму сьцьвердзіць яго і ўмацаваць яго правасудзьдзем і праўдаю ад сёньня і давеку. Рупнасьць Госпада Саваофа зробіць гэта.

Слова паслаў Спадар Якаву, і яно пала ў Ізраелю.
 
Слова пасылае Гасподзь на Якава, і яно сыходзіць на Ізраіля,

І пазнае ўвесь люд, Яхрэм а жыхар Самары, што кажуць із гордасьцяй а з пыхатым сэрцам:
 
каб ведаў увесь народ, Яфрэм і жыхары Самарыі, якія з пыхаю і пагардлівым сэрцам кажуць:

«Цэгла звалілася, але мы пастановім із часаных камянёў; сыкаморы пасечаныя, але мы адменім кедрамі».
 
«цэглы пападалі, пабудуем з часанага каменю; сікаморы высечаны, заменім іх кедрамі».

Затым СПАДАР узьніме праціўнікаў Рэцынавых на яго і непрыяцеляў ягоных узруша,
 
І падыме Гасподзь супроць яго ворагаў Рэцына, і супастатаў ягоных узброіць:

Арамлян сьпераду і Пілішчан адзаду, і пажаруць Ізраеля поўным ротам. Пры ўсім гэтым гнеў Ягоны ня суймецца, і рука Ягоная яшчэ выцягненая;
 
Сірыянаў з усходу, а Філістымлянаў з захаду; і будуць яны жэрці Ізраіля на поўную пашчу. Пры гэтым не адкасьнецца гнеў Яго, і рука Яго яшчэ прасьцёртая.

Бо люд не наварачаецца да Тога, Хто разе яго, і СПАДАРА войскаў ня шукае.
 
Але народ не навяртаецца да Таго, Хто б’е яго, і да Госпада Саваофа не прыбягае.

І адатнець СПАДАР у Ізраеля галаву а хвост, вярхі пальмаў а трысьнік, за адзін дзень.
 
І адсячэ Гасподзь у Ізраіля галаву і хвост, пальму і трысьціну, у адзін дзень:

Стары а пачэсьлівы — гэта галава; прарока, што вуча маны — гэта хвост.
 
старац і знакаміты, — гэта галава; а прарок-ілжэнастаўнік ёсьць хвост.

І правадыры гэтага люду ўводзяць у поблуд, і воджаныя імі загінуць.
 
І правадыры гэтага народа ўвядуць яго ў аблуду, і тыя, каго яны ўвядуць, загінуць.

І затым із маладзёнаў Сваіх не пацешыцца Спадар, і сіротам а ўдовам Сваім не паспагадае; бо кажны двудушнік а ліхадзей, і кажнага вусны гукаюць дурноту. Пры ўсім гэтым гнеў Ягоны ня суймецца, і рука Ягоная яшчэ выцягненая;
 
Таму за юнакоў яго не парадуецца Гасподзь, і сіротаў яго і ўдоваў не пашкадуе; бо ўсе яны — крывадушнікі і ліхадзеі, і вусны ўсіх гавораць зласьліва. Пры ўсім гэтым не адкасьнецца гнеў Ягоны, і рука Яго яшчэ прасьцёртая.

Бо гарыць, як цяпло, нягоднасьць, жарэць бадзючае а церневае кустоўе, і палае ў лесавых гушчарох, і яны разьвяваюцца, як разьвяваецца дым.
 
Бо беззаконьне, як агонь, разгарэлася; пажырае церне і калючы хмыз і палае ў нетрах лесу, — і шугаюць слупы дыму.

Ад гневу СПАДАРА войскаў загарыцца зямля, і люд будзе жырам цяплу; ніхто брата свайго не пажалее.
 
Лютасьць Госпада Саваофа апаліць зямлю, і народ зробіцца спажывай агню; не ўмілажаліцца чалавек з брата свайго.

І будуць рэзаць з правага боку, і будуць галодныя; і будуць есьці зь левага боку, і не насыцяцца; кажная людзіна будзе есьці цела собскага пляча:
 
І будуць рэзаць з правага боку, і застануцца галодныя; і будуць есьці зь левага, і ня будуць сытыя; кожны будзе пажыраць плоць мышцы сваёй:

Манас Яхрэма, і Яхрэм Манаса, яны разам супроці Юды. Пры ўсім гэтым гнеў Ягоны ня суймецца, і рука Ягоная яшчэ выцягненая.
 
Манасія — Яфрэма і Яфрэм — Манасію, абодва разам — Юду. Пры ўсім гэтым не адкасьнецца гнеў Яго, і рука Яго яшчэ прасьцёртая.