Ісаі 45 разьдзел
Кніга прарока Ісаі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі
Гэтак кажа СПАДАР памазанцу Свайму Кіру, каторага правіцу Я дзяржу, каб услышыць народы перад ім, і Я расьперажу сьцёгны каралёў, каб адчыніць перад ім дзьверы, і брамы ня будуць замкнёны:
Так кажа Гасподзь памазанцу Свайму Кіру: Я трымаю цябе за правую руку, каб упакорыць табе народы, і здыму паясы з пасьніц цароў, каб адчыніліся табе дзьверы і брама не зачынялася:
«Я пайду перад табою і зраўную ўзгоркі, паламлю мядзяныя дзьверы і парэжу зялезныя завалы.
Я пайду перад табою і горы зраўняю, медныя дзьверы патрушчу і завалы жалезныя паламаю;
Я аддам табе скарбы цямноты і схаваныя багацьце каб ты пазнаў, што Я СПАДАР, Каторы завець цябе на ймя, Бог Ізраеляў.
і аддам табе хаваныя ў цемры скарбы і схаваныя багацьці, каб ты ўведаў, што Я Гасподзь, Які называе цябе імем, — Бог Ізраілеў.
Дзеля Якава, слугі Свайго, і Ізраеля, абранага Свайго, Я назваў цябе імям тваім, дадаў табе імя, а ты Мяне ня знаеш,
Дзеля Якава, раба Майго, і Ізраіля, выбранага Майго, я назваў цябе імем, ушанаваў цябе, хоць ты ня ведаў Мяне.
Я СПАДАР, і няма іншага; апрача Мяне няма Бога: Я паперазаў цябе, дарма што ты Мяне ня знаеш,
Я — Гасподзь, і няма іншага; няма Бога, апрача Мяне; Я аперазаў цябе, хоць ты і ня ведаў Мяне,
Каб пазналі ад усходу сонца і ад захаду, што апрача Мяне няма, Я СПАДАР, і няма яшчэ нікога.
каб спазналі ад усходу сонца і ад захаду, што няма апрача Мяне; Я — Гасподзь, і няма іншага.
Я хармую сьвятліню і твару цемрадзь, раблю супакой і твару ліха; Я, СПАДАР, раблю ўсе гэта.
Я ўтвараю сьвятло і ствараю цемру, раблю мір і чыню беды; Я, Гасподзь, раблю ўсё гэта.
Капайце нябёсы зьверху, і няхай булакі ільлюць справядлівасьць; няхай адчыніцца зямля і няхай родзе спасеньне, і няхай справядлівасьць разам пушчае пагоны. Я, СПАДАР, стварыў гэта.
Крапеце, нябёсы, згары, і воблакі хай праліваюць праўду; хай разамкнецца зямля і прыносіць выратаваньне, і хай расьце разам праўда. Я, Гасподзь, твару гэта.
Бяда таму, хто сьперачаецца з тым, хто яго ўхармаваў, чэрап ізь земных чарапоў. Ці скажа гліна ганчару: "Што ты робіш?" альбо: "Чаму выраб твой ня мае рук?"
Гора таму, хто спрачаецца з Творцам сваім, чарапок з чарапкоў зямных! Ці скажа гліна ганчару: «што ты робіш?» і твая дзея ці скажа пра цябе: «у яго няма рук»?
Бяда таму, хто кажа айцу: "Што ты родзіш?" альбо жонцы: "Што ты труднішся родамі?"»
Гора таму, хто кажа бацьку: навошта ты спарадзіў мяне на сьвет, а маці: навошта ты нарадзіла мяне?
Гэтак СПАДАР, Сьвяты Ізраеляў, і Каторы яго ўхармаваў: «Вы пытаецеся ў Мяне праз будучыню, праз сыноў Маіх і праз справы рукі Мае, вы хочаце расказаваць Імне?
Так кажа Гасподзь, Сьвяты Ізраіля і Творца яго: вы пытаецеся ў Мяне пра будучыню сыноў Маіх і хочаце Мне ўказваць у дзеях рук Маіх?
Я ўчыніў зямлю і стварыў чалавека на ёй; Я рукою Сваёю расьцягнуў нябёсы і прызначыў усе войска іх.
Я зрабіў зямлю і стварыў на ёй чалавека; Я — Мае рукі і распасьцёрлі нябёсы, і ўсяму воінству іхняму даў закон Я.
Я пабудзіў яго ў справядлівасьці і ўсі дарогі ягоныя выпрастаю; ён пастанове места Мае й адашлець Маіх палоненікаў не за выкуп ані за лапан», — кажа СПАДАР войскаў.
Я ўзьвёў яго ў праўдзе і спрастую ўсе дарогі яго. Ён збудуе горад Мой і адпусьціць палонных Маіх, не за выкуп і не за дары, кажа Гасподзь Саваоф.
Гэтак кажа СПАДАР: «Гарапашнасьць Ягіпцян і тавары Ефіоплян а Савеан, мужоў самавітых, пярэйдуць да цябе і будуць твае; яны пойдуць за табою; у ланцугох яны пройдуць і табе паклоняцца, будуць маліць цябе: "Адно ў цябе Бог, і няма іншага Бога"».
Так кажа Гасподзь: працы Егіпцян і гандаль Эфіоплянаў, і Савэйцы, людзі рослыя, да цябе пяройдуць і будуць твае; яны пойдуць сьледам за табою, у ланцугах прыйдуць і ўпадуць перад табою, і будуць маліць цябе, кажучы: у цябе толькі Бог, і няма іншага Бога.
Запраўды Ты БОГ таямнічы, Бог Ізраеляў, Спас.
Сапраўды, Ты — Бог таямнічы, Бог Ізраілеў, Збаўца.
Яны будуць засаромлены а паганбены, усі зь іх; разам ізь імі зганьбяцца дзельнікі балваноў.
Усе яны будуць паганьбаваныя і пасаромленыя; разам зь імі ў сораме пойдуць і ўсе, хто робіць ідалаў.
Ізраель будзе спасёны вечным спасеньням у СПАДАРУ; але, вы ня будзеце паганбены а засаромлены на векі вякоў.
А Ізраіль будзе выратаваны ратункам вечным у Госпадзе; вы ня будзеце паганьбаваныя вавекі вякоў.
Бо гэтак кажа СПАДАР, Каторы стварыў нябёсы, Ён ё Бог: ухармаваў зямлю і ўчыніў яе; і ўладзіў яе; стварыў яе не на пустыню; ухармаваў яе, каб была заселена: «Я СПАДАР, і няма яшчэ іншага.
Бо так кажа Гасподзь, Які стварыў нябёсы, Ён — Бог, даў вобраз зямлі і зрабіў яе; Ён уцьвердзіў; не дарма стварыў яе, Ён зладзіў яе на жыхарства; Я — Гасподзь, і няма іншага.
Я не казаў патай, у цемным месцу зямлі; Я не сказаў насеньню Якававаму: "Дарма шукаеце Мяне". Я СПАДАР кажу справядлівасьць, агалашаю рэчы пасьцівыя.
Не таемнае Я гаварыў, ня ў цёмным месцы зямлі; не казаў Я племю Якава: дарма шукаеце Мяне. Я — Гасподзь, Які прамаўляе праўду, адкрывае ісьціну.
Зьбярыцеся й прыйдзіце, дабліжчася, уцеклыя народы. Ня маюць веданьня тыя, што носяць дзерва, выразаных балваноў сваіх, і моляцца богу, што ня можа спасьці.
Зьбярэцеся і прыйдзеце, наблізьцеся ўсе, хто ацалеў з народаў. Невукі тыя, якія носяць драўлянага свайго ідала і моляцца богу, які не ратуе.
Скажыце й дабліжчася, парадзьцеся разам: хто абясьціў із старавечнага часу, сказаў гэта здаўна? ці ня Я, СПАДАР? і няма іншага Бога апрача Мяне; Я Бог справядлівы й спасаючы; няма апрача Мяне.
Абвясьцеце і скажэце, параіўшыся паміж сабою: хто абвясьціў гэта са старадаўніх часоў, наперад сказаў гэта? Ці ня Я, Гасподзь? і няма іншага Бога акрамя Мяне, — Бога праведнага і ратавальнага няма, акрамя Мяне.
Зьвярніцеся да Мяне, і вы будзеце спасёныя; бо Я БОГ, і няма іншага.
Да Мяне зьвярнецеся і будзеце выратаваныя, усе канцы зямлі; бо Я — Бог, і няма іншага.
Самым Сабою Я прысягаў, слова справядлівасьці вышла з вуснаў Маіх, і ня зьвернецца, што Імне паклоніцца кажнае калена, прысягае кажны язык.
Мною прысягаю: з вуснаў Маіх сыходзіць праўда, слова нязьменнае, што перад Мною схіліцца кожнае племя, Мною будзе прысягаць кожны род.
Адно ў СПАДАРА, скажа ён Імне, справядлівасьці сіла; да Яго прыйдуць, і будуць засаромленыя ўсі, што ўзлаваліся на Яго.
Толькі ў Госпада, будуць казаць пра Мяне, праўда і сіла; да Яго прыйдуць і пасаромяцца ўсе, што варагавалі супроць Яго.
У СПАДАРА аправіцца а ўславіцца ўсе насеньне Ізраелявае».
Госпадам будзе апраўдана і праслаўлена ўсё племя Ізраілева.