Ісаі 57 разьдзел
Кніга прарока Ісаі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі
Справядлівы гіне, і ніхто не бярэць гэтага да сэрца; і міласэрных людзёў забіраюць, ніхто ня цяме, што справядлівы ўзяты ад ліха.
Праведнік памірае, і ніхто не бярэ гэтага да сэрца; і мужоў пабожных забіраюць зь зямлі, і ніхто не падумае, што праведніка забіраюць ад ліха.
Ён пераходзе да супакою: будуць супачываць на ложках сваіх ходзячыя простаю дарогаю сваёю.
Ён адыходзіць да спакою; тыя, што ходзяць простаю дарогаю, будуць пакоіцца на ложках сваіх.
«А вы дабліжчася сюды, сынове чарадзейкі, патомкі чужаложніка й бязулі!
Але падыдзеце сюды, вы, сыны чарадзейкі, семя пералюбніка і распусьніцы.
З каго вы зьдзекуецеся? на каго зяваеце, высуваючы язык? ці ня вы дзеці выступу, насеньне брахні,
З каго вы глум чыніце? супроць каго разьзяўляеце рот, высалопваеце язык? ці ня дзеці вы злачынства, семя падману?
Распаляныя пад дубам і пад кажным зялёным дзервам, нават рэжучыя дзеці ў далінах і пад раськепінамі скалаў?
распаляныя пажадаю да ідалаў пад кожным галінастым дрэвам, гартавальнікі дзяцей каля ручаёў, у расколінах скал?
Памеж гладкіх рэчаў цур’ёў дзель ваша; яны, але, яны доля ваша; ім вы выліваеце ўзьліваньні свае, узносіце дары: ці з гэтага Імне цешыцца?
У гладкіх камянях ручаёў доля твая; яны, яны — доля твая; ім ты робіш паліваньні і прыносіш ахвяры: ці ж магу Я быць задаволены гэтым?
На высокай а ўзьнятай гары ты пастанавіла ложак свой і нават туды ты ўзыходзіла, каб абракаць аброк;
На высокай і выноснай гары ты ставіш ложак твой і туды ўзыходзіш прыносіць ахвяру.
І за дзьвярмі, і за вушакамі ты пастанавіла памяткі свае; бо ад Мяне ты, адкрыўшыся, узышла, пашырыла ложак свой, учыніла зь імі змову; ты любіш пасьцелю іхную, ідзе-колечы месца абачыш.
За дзьвярыма і за вушакамі ставіш помнікі твае, бо: адвярнуўшыся ад Мяне, ты агаляешся і ўзыходзіш; расхінаеш ложак твой і дамаўляешся з тымі зь іх, зь якімі любіш ляжаць, — вышукваеш месца.
І ходзіш да караля з алеям, і павялічыла пархумы, далёка паслала паслоў сваіх, і паніжалася аж да шэолю.
Ты хадзіла таксама да цара з пахучаю масьцю і памнажала масьці твае, і далёка пасылала паслоў тваіх і прыніжалася да апраметнай.
Ты здарожылася ў множасьці дарогаў сваіх, не сказала: "Дарма ўсе!" жыцьцявую сілу ты знайшла ў руццэ сваёй, і затым ты ня кволела.
Ад доўгай дарогі тваёй стамлялася, але не казала «надзея страчана!», усё яшчэ знаходзіла жывасьць у руцэ тваёй і таму не адчувала паслабкі.
І каго ж ты спалохалася а баялася, што ты Імне збрахала, і ня помнела Мяне, і не дзяржала ў сябе на сэрцу? ці не затым, што Я маўчаў, ды здаўна, не баялася Мяне?
Каго ж ты спалохалася і збаялася, што зрабілася нявернаю і Мяне перастала памятаць і захоўваць у тваім сэрцы? ці не таму, што Я маўчаў, і пры тым доўга, ты перастала баяцца Мяне?
Я паведамлю справядлівасьць тваю і ўчынкі твае, і яны ня будуць карысныя табе.
Я пакажу праўду тваю і ўчынкі твае, — і яны будуць не на карысьць табе.
Як ты будзеш галасіць, ці могуць спасьці цябе збойцы твае? І ўсіх іх панясець вецер, і схопе марнасьць; а таму, што спадзяецца на Мяне, спадзець зямля, і будзе ён дзяржаць сьвятую гару Маю».
Калі ты будзеш галасіць, ці ўратуе цябе зборня твая? — усіх іх зьнясе вецер, разьнясе подых; і хто спадзяецца на Мяне, той успадкуе зямлю, і будзе валодаць сьвятою гарою Маёю.
І сказаў Ён: «Раўнуйце, адкідайце, гатуйце дарогу, падыйміце спатыкненьні з дарогі люду Майго».
І сказаў: падымайце, падымайце, раўняйце дарогу, прымайце перашкоды са шляху народа Майго.
Бо гэтак кажа Навышні а ўзьняты, вечна Жывучы, — Сьвяты імя Ягонае: «Я жыву на вышыні, у сьвятыні і ля патрышчанага а пакорнага духам, каб пажвавіць дух пакорных і пажвавіць сэрца ўцісьненых;
Бо так кажа Высокі і Ўзьнесены, вечна Жывы, — Сьвяты імя Яго: Я жыву на вышыні нябёсаў і ў сьвяцілішчы, і гэтак сама з уціснутымі і ўпакоранымі духам, каб ажыўляць дух упакораных і ажыўляць сэрцы ўціснутых.
Бо ня вечна Я буду абурацца і не заўсёды Я буду гневацца, бо дух скволее перад Імною і душы, Імною ўчыненыя.
Бо ня вечна буду Я весьці цяжбіну і не да канца гневацца; інакш зьняможацца перада Мною дух і ўсякае дыханьне, Мною створанае.
Я гневаюся за грахі прагавітасьці ягонае і зразіў яго, адвярнуўся й абураўся; але ён упорліва йшоў па дарозе сэрца свайго.
За грэх карысталюбнасьці яго Я гневаўся і пабіваў яго, хаваў твар і абураўся; але ён адвярнуўшыся пайшоў па дарозе свайго сэрца.
Дарогі ягоныя Я бачыў, і ўздараўлю яго, і буду вадзіць яго, і дам пацеху яму і плачучым па ім.
Я бачыў шляхі яго і ацалю яго, і буду вадзіць яго і суцяшаць яго і гаротнікаў ягоных.
Ствару плод вуснаў: супакой, супакой далёкім і блізкім, — кажа СПАДАР, — і ўздараўлю яго».
Я стрымаю слова: спакой, спакой далёкаму і блізкаму, кажа Гасподзь, і ацалю яго.
Але нягодныя — як усхваляванае мора, як яно ня можа сьціхнуць, і як воды яго выкідаюць бузу а балота.
А бязбожныя — як мора ўсхваляванае, якое ня можа супакоіцца, і воды якога выкідаюць глей і бруд.
«Няма супакою нягодным», — кажа Бог мой.
Няма спакою бязбожным, кажа Бог мой.