Ісаі 56 разьдзел
Кніга прарока Ісаі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі
Гэтак кажа СПАДАР: «Заховуйце суд і чыніце справядлівасьць, бо блізка спасеньне Мае, каб прыйсьці, і справядлівасьць Мая, каб аб’явіцца.
Так кажа Гасподзь: захоўвайце суд і кіруйцеся праўдаю; бо блізка збавеньне Маё і адкрыцьцё праўды Маёй.
Шчасьлівы муж, што робе гэта, і сын людзкі, што дзяржыць гэта, каторы заховуе сыботу ад будзененьня і ўзьдзержуе руку сваю ад чыненьня якога ліха».
Шчасны муж, які робіць гэта, і сын чалавечы, які моцна трымаецца гэтага, які захоўвае суботу ад апаганьваньня і стрымлівае руку сваю, каб не зрабіць ніякага ліха.
І хай ня кажа сын чужаземцаў, што прылучыўся да СПАДАРА, кажучы: «Аддзяліў, аддзяліў мяне СПАДАР ад люду Свайго»; і легчанец хай ня кажа: «Вось, я сухое дзерва»;
Хай ня кажа сын іншапляменца, які далучыўся да Госпада: «Гасподзь зусім адлучыў мяне ад Свайго народа», і хай ня кажа еўнух: «вось, я сухое дрэва».
Бо гэтак кажа СПАДАР празь легчанцоў: «Тым, што заховуюць сыботы Мае і абіраюць волю Маю, моцна дзяржаць Змову Маю,
Бо Гасподзь так кажа пра еўнухаў: хто шануе Мае суботы і выбірае заўгоднае Мне і моцна трымаецца запавету Майго,
Дам ім Я ў доме Сваім і ў сьцянах Сваіх месца а імя лепшае, чымся сыном а дачкам: імя вечнае дам яму, што ня будзе адцята.
тым дам Я ў доме Маім і ў сьценах Маіх месца і імя лепшае, чым сынам і дочкам: дам ім вечнае імя, якое ня вынішчыцца.
А сыноў чужаземцаў, што прылучыліся да СПАДАРА, каб служыць Яму і любіць імя СПАДАРОВА, быць слугамі Ягонымі, кажнага, што заховуе сыботу ад будзененьня яе, дзяржыць моцна змову Маю,
І сыноў іншапляменцаў, якія далучыліся да Госпада, каб служыць Яму і любіць імя Госпада, быць рабамі Яго, — усіх, хто захоўвае суботу ад апаганьваньня і цьвёрда трымаецца запавету Майго,
Я прывяду іх на сьвятую гару Сваю, пацешу іх у Сваім доме малітвы; усепаленьні іхныя і аброкі іхныя прыемныя будуць на аброчніку Маім; бо дом Мой домам малітвы будзе названы ўсім людам».
Я прывяду на сьвятую гару Маю і парадую іх у Маім доме малітвы; цэласпаленьні іхнія і ахвяры іхнія будуць на ахвярніку Маім, бо дом Мой называецца домам малітвы для ўсіх народаў.
Прагалашае Спадар СПАДАР, што зьбірае разагнаных Ізраялян: «Да зьбертых у яго Я зьбяру яшчэ іншых».
Гасподзь Бог, Які зьбірае расьсеяных Ізраільцянаў, кажа: да сабраных у яго Я буду яшчэ зьбіраць іншых.
Усі зьвяры палявыя, прыйдзіце есьці, усі зьвяры лесавыя.
Усе зьвяры польныя, усе зьвяры лясныя, ідзеце есьці!
Вартаўнікі ягоныя нявісныя ўсі, яны ня ведаюць; усі яны немыя сабакі, яны ня могуць брахаць, лятуцяць ляжаць, любяць дрымаць;
Вартаўнікі ў іх сьляпыя ўсе і невукі: усе яны нямыя сабакі, якія ня ўмеюць брахаць, пазяхаюць лежачы, любяць спаць.
І жэрлівыя сабакі, ім ніколі не даволі; і яны пастухі, што ня могуць уцяміць; кажны зьвярнуўся на дарогу сваю, кажны із свайго боку шукае карысьці свае.
І гэта — сабакі, прагныя душою, ня ведаюць сытасьці; і гэта — пастухі бесталковыя: усе глядзяць на сваю дарогу, кожны да апошняга, на сваю радасьць;
«Прыйдзіце, я вазьму віна, і нап’емся хмельнага напітку; і заўтра будзе, як сядні, адно шмат болей».
прыходзьце, кажуць, я дастану віна, і мы нап’емся сікеры; і заўтра тое самае будзе, што сёньня, ды яшчэ і болей.