Ісаі 33 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Бяда табе, каторы пустошыш, а цябе ня пустошаць, ізраджаеш, а цябе не ізраджаюць: як ты скончыш спустошаньне, будзеш спустошаны; як ты перастанеш ізраджаць, цябе ізрадзяць.
 
Гора табе, спакушальніку, якога не спакушалі, і рабаўніку, якога не рабавалі! Калі скончыш спусташаць, будзеш спустошаны й ты; калі спыніш рабаваць, зрабуюць і цябе.

СПАДАРУ! зьмілуйся над намі, на Цябе спадзяемся, будзь плячом іх кажнае раніцы і спасеньням нашым у часе немарасьці.
 
Госпадзе, памілуй нас, на Цябе спадзяёмся мы; будзь нашаю сілаю з раньняга рана і ратункам нашым у час уціску.

Ад гому сумятні люды ўцяклі; як Ты падняўся, народы рассыпаліся.
 
Ад грознага голасу Твайго пабягуць народы; калі паўстанеш, расьсеюцца плямёны,

І ваш здабытак будзе зьберты, як зьбіраюць вусень; як разьбягаюцца за шаранчою, разьбягуцца за ім.
 
і будуць зьбіраць здабычу вашую, як зьбірае вусень; кінуцца на яе, як кідаецца саранча.

Узьвялічаны СПАДАР, бо Ён, жывучы на вышыні, напоўніў Сыён судам а справядлівасьцю,
 
Высокі Гасподзь, Які жыве ў вышынях; Ён напоўніў Сіён судом і праўдаю.

І вернасьць часоў тваіх будзе сілаю спасеньня, мудрасьцю а ведаю; і боязьнь СПАДАРА будзе скарбам ягоным.
 
І настануць бясьпечныя часіны твае, надмернасьць ратунку, мудрасьці і веданьня; страх Гасподні будзе скарбам тваім.

Вось, дужыя іхныя будуць галасіць вонках места, паслове супакою будуць горка плакаць.
 
Вось, моцныя іхнія крычаць на вуліцах; пасланцы на згоду горасна плачуць.

Дарогі запусьцелі, перастаў хадзіць хадзяка; ён узрушыў змову, пагрэбаваў местамі, — за нішто меў людзіну.
 
Апусьцелі дарогі; ня стала падарожнікаў; ён парушыў дагавор, зруйнаваў гарады, — ані ў што ня ставіць людзей.

Зямля ў жалобе й спустошана; Лібан стаіць паганбены, вяне; Сарон падобны да пустыні, і з Вашану а Карнілу апала лісьцё.
 
Зямля бядуе, сохне; Ліван пасаромлены, завяў; Сарон падобны стаў на пустыню, і аголены ад лісьця свайго Васан і Карміл.

«Цяпер Я паўстану, — кажа СПАДАР, — цяпер Я вывышаны буду, цяпер Я ўзьняты буду.
 
Цяпер Я паўстану, кажа Гасподзь, цяпер падымуся, цяпер узьнясуся.

Вы, цяжарныя сенам, родзіце салому; ваш дых — цяпло, і зжарэць вас.
 
Вы цяжарныя сенам, разродзіцеся саломаю; дыханьне ваша — агонь, які зжарэ вас.

І люды будуць, як у вапенных печах, як цернь сьцяты, у цяпле ён будзе спалены».
 
І будуць народы, як палкая вапна, як сьсечаны ядловец, будуць спаленыя ў агні.

Чуеце вы, далёкія, што зрабіў Я; і пазнайце вы, блізкія, сілу Маю.
 
Слухайце, далёкія, што зраблю Я, і вы, блізкія, уведайце магутнасьць Маю.

Баяцца на Сыёне грэшнікі, дрыжыкі бяруць двудушшкаў: «Хто з нас можа жыць ля жаручага цяпла? хто з нас будзе жыць ля вечнага кайстра?»
 
Збаяліся грэшнікі на Сіёне; затрымцелі бязбожнікі: «хто з нас можа жыць пры агні пажыральным? хто з нас можа жыць пры вечным полымі?»

Хто ходзе справядліва і гукае пасьціва, грэбуе прыбыткам із глабаньня, атрасае рукі свае, каб не апірацца на лапан, затыкае вушы свае, каб ня чуць праз кроў, і зачыняе вочы свае, каб ня бачыць ліха;
 
Той, хто ходзіць у праўдзе і кажа ісьціну; хто пагарджае карысьлівасьцю ад уціску, стрымлівае рукі свае ад хабару, затыкае вушы свае, каб ня чуць пра кравапусты, і заплюшчвае вочы свае, каб ня бачыць ліха;

Тый будзе жыць на вышынях; гарады скалаў будуць яго абаронаю; хлеб будзе даны яму; вада ў яго будзе верная.
 
той будзе жыць на вышынях: прытулак яго — няпрыступныя скалы; хлеб яму дадзены будзе; вада ў яго ня высахне.

Вочы твае абачаць Караля ў харашыні Ягонай, абачаць зямлю далёкую.
 
Вочы твае ўбачаць Цара ў красе Ягонай, угледзяць зямлю далёкую;

Сэрца твае будзе ўспамінаць праз жахі: «Ідзе робячы сьпісаньне? ідзе важачы? ідзе робячы сьпісаньне вежаў?»
 
сэрца тваё будзе толькі згадваць пра жахі: «дзе той, што рабіў перапіс? дзе той, што важыў даніну? дзе той, што аглядае вежы»?

Люду неміласьціўнага не абачыш, люду глыбокае мовы не пачуеш, загіклівае мовы, незразумелае.
 
Ня ўбачыш больш народу лютага, народу з глухою, неўразумелаю гаворкаю, з моваю дзіўнаю, не зразумелаю.

Глянь на Сыён, вялікае места нашых прызначаных збораў; вочы твае абачаць Ерузалім, супакойную гасподу, непарушны будан; калы яго ня будуць перасунены на векі, ні водны зь яго паварозаў не адарвецца;
 
Зірні на Сіён, горад сьвяточных сходаў нашых; вочы твае ўбачаць Ерусалім, селішча мірнае, непахісную скінію; слупы яе ніколі ня вырвуцца, і ніводная вяроўка яе не парвецца.

Бо там будзе сіла СПАДАРОВА з намі, месца рэкаў, шырокіх цур’ёў; лодка зь вяслом ня ўвыйдзе туды, ані вялікі караб ня пройдзе там;
 
Таму ў вас вялікі Гасподзь будзе замест рэк, замест шырокіх каналаў; туды ня ўвойдзе ніводнае вясельнае судна, і ня пройдзе вялікі карабель.

Бо СПАДАР наш судзьдзя, СПАДАР наш правадаўца, СПАДАР наш кароль; Ён спасець нас.
 
Бо Гасподзь — судзьдзя наш: Гасподзь — заканадавец наш, Гасподзь — цар наш. Ён уратуе нас.

Паварозы твае скволелі: яны ня могуць умацаваць машты свае, дзяржаць вятрылы. Тады будзе падзелены прыбытак вялікага здабытку; нават кульгавыя пойдуць на глабаньне.
 
Аслаблі вяроўкі твае, ня могуць утрымаць мачты і напяць ветразі. Тады будзе вялікі падзел здабычы, так што і кульгавыя пойдуць на рабунак.

І жыхар ня скажа: «Я хворы»; люду, што жывець там, будзе даравана бяспраўе.
 
І ніводзін жыхар ня скажа: «я хворы»; народу, які там жыве, будуць дараваны грахі.