Ісаі 33 разьдзел
Кніга прарока Ісаі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
Бяда табе, каторы пустошыш, а цябе ня пустошаць, ізраджаеш, а цябе не ізраджаюць: як ты скончыш спустошаньне, будзеш спустошаны; як ты перастанеш ізраджаць, цябе ізрадзяць.
Гора табе, спусташальнік, хоць ты ня быў спустошаны; і табе, рабаўнік, хоць ты ня быў абрабаваны. Калі скончыш пустошыць, цябе спустошаць, калі скончыш рабаваць, цябе абрабуюць.
СПАДАРУ! зьмілуйся над намі, на Цябе спадзяемся, будзь плячом іх кажнае раніцы і спасеньням нашым у часе немарасьці.
ГОСПАДЗЕ, зьлітуйся над намі, мы на Цябе спадзяемся. Будзь рамяном нашым шторанку і збаўленьнем нашым у час уціску.
Ад гому сумятні люды ўцяклі; як Ты падняўся, народы рассыпаліся.
На голас пагрозы [Тваёй] уцякаюць плямёны, ад вывышэньня Твайго рассыпаюцца народы.
І ваш здабытак будзе зьберты, як зьбіраюць вусень; як разьбягаюцца за шаранчою, разьбягуцца за ім.
Будуць зьбіраць здабычу, як зьбіраюць вусеняў, кінуцца на яе, як кідаецца саранча.
Узьвялічаны СПАДАР, бо Ён, жывучы на вышыні, напоўніў Сыён судам а справядлівасьцю,
Узвышаны ГОСПАД, бо жыве на вышынях, Ён напоўніць Сыён судом і праведнасьцю.
І вернасьць часоў тваіх будзе сілаю спасеньня, мудрасьцю а ведаю; і боязьнь СПАДАРА будзе скарбам ягоным.
І будзе бясьпечны час твой, багацьцем збаўленьня [будзе] мудрасьць і веданьне. Страх ГОСПАДАЎ будзе скарбам ягоным.
Вось, дужыя іхныя будуць галасіць вонках места, паслове супакою будуць горка плакаць.
Вось, ваяры крычаць на вуліцы, паслы міру плачуць горка.
Дарогі запусьцелі, перастаў хадзіць хадзяка; ён узрушыў змову, пагрэбаваў местамі, — за нішто меў людзіну.
Апусьцелі гасьцінцы, няма падарожных на шляхах, [вораг] зламаў запавет, зьняважыў гарады, не зважае на чалавека.
Зямля ў жалобе й спустошана; Лібан стаіць паганбены, вяне; Сарон падобны да пустыні, і з Вашану а Карнілу апала лісьцё.
Сумуе, марнее зямля, Лібан асаромлены і зьвяў, Шарон стаўся як стэп, Башан і Кармэль павысыхалі.
«Цяпер Я паўстану, — кажа СПАДАР, — цяпер Я вывышаны буду, цяпер Я ўзьняты буду.
«Цяпер Я паўстану, кажа ГОСПАД, цяпер узьнімуся, цяпер буду ўзьнесены высока.
Вы, цяжарныя сенам, родзіце салому; ваш дых — цяпло, і зжарэць вас.
Вы зачнеце сена, народзіце салому; подых ваш як агонь паглыне вас.
І люды будуць, як у вапенных печах, як цернь сьцяты, у цяпле ён будзе спалены».
І стануцца народы як паленая вапна, і як сьцятая цярніна будуць спалены ў агні.
Чуеце вы, далёкія, што зрабіў Я; і пазнайце вы, блізкія, сілу Маю.
Паслухайце тыя, што далёка, што Я зрабіў, і пазнайце тыя, што блізка, моц Маю!»
Баяцца на Сыёне грэшнікі, дрыжыкі бяруць двудушшкаў: «Хто з нас можа жыць ля жаручага цяпла? хто з нас будзе жыць ля вечнага кайстра?»
Спалохаліся грэшнікі на Сыёне, ахапіў жах крывадушнікаў: «Хто з нас вытрывае пры агні, які [ўсё] зьядае? Хто з нас вытрывае ў полымі вечным?»
Хто ходзе справядліва і гукае пасьціва, грэбуе прыбыткам із глабаньня, атрасае рукі свае, каб не апірацца на лапан, затыкае вушы свае, каб ня чуць праз кроў, і зачыняе вочы свае, каб ня бачыць ліха;
Хто ходзіць у праведнасьці і гаворыць праўдзіва, хто брыдзіцца прыбыткам з рабаваньня, хто стрымлівае далоні свае, каб прымаць хабар, хто затыкае вушы свае, каб ня чуць пра [праліцьцё] крыві, і заплюшчвае вочы, каб не глядзець на зло,
Тый будзе жыць на вышынях; гарады скалаў будуць яго абаронаю; хлеб будзе даны яму; вада ў яго будзе верная.
той будзе жыць на вышынях, і ўмацаваньні на скалах [будуць] сховішчам ягоным, будзе дадзены яму хлеб ягоны і вада ягоная [будзе] ў яго напэўна.
Вочы твае абачаць Караля ў харашыні Ягонай, абачаць зямлю далёкую.
Валадара ў прыгажосьці Ягонай убачаць вочы твае, ты будзеш глядзець на зямлю далёкую.
Сэрца твае будзе ўспамінаць праз жахі: «Ідзе робячы сьпісаньне? ідзе важачы? ідзе робячы сьпісаньне вежаў?»
Сэрца тваё будзе ўзгадваць пра страх: «Дзе той, які лічыў? Дзе той, які важыў? Дзе той, які аглядаў вежы?»
Люду неміласьціўнага не абачыш, люду глыбокае мовы не пачуеш, загіклівае мовы, незразумелае.
Ты больш ня ўбачыш народу нахабнага, народу з невыразнай гаворкай, якую [цяжка] слухаць, з мовай насьмешлівай, якую [цяжка] зразумець.
Глянь на Сыён, вялікае места нашых прызначаных збораў; вочы твае абачаць Ерузалім, супакойную гасподу, непарушны будан; калы яго ня будуць перасунены на векі, ні водны зь яго паварозаў не адарвецца;
Паглядзі на Сыён, горад урачыстасьцяў нашых! Вочы твае будуць бачыць Ерусалім, сялібу бясьпечную, намёт, які не пахісьнецца, калкі якога ня зрушацца і вяроўкі якога не парвуцца.
Бо там будзе сіла СПАДАРОВА з намі, месца рэкаў, шырокіх цур’ёў; лодка зь вяслом ня ўвыйдзе туды, ані вялікі караб ня пройдзе там;
Бо там у нас — велічны ГОСПАД замест рэкаў і каналаў шырокіх. Не плыве на іх човен на вёслах, і вялізны карабель не праплыве.
Бо СПАДАР наш судзьдзя, СПАДАР наш правадаўца, СПАДАР наш кароль; Ён спасець нас.
Бо ГОСПАД — Судзьдзя наш, ГОСПАД — Заканадаўца наш, ГОСПАД — Валадар наш; Ён збавіць нас.
Паварозы твае скволелі: яны ня могуць умацаваць машты свае, дзяржаць вятрылы. Тады будзе падзелены прыбытак вялікага здабытку; нават кульгавыя пойдуць на глабаньне.
Расьцягнуліся вяроўкі твае, ня могуць трымаць мачту, не напінаюць ветразя. Тады падзеляць здабычу вялікую, кульгавыя будуць рабаваць нарабаванае.
І жыхар ня скажа: «Я хворы»; люду, што жывець там, будзе даравана бяспраўе.
І [ніводзін] жыхар ня скажа: «Я хворы». Народу, які жыве там, будуць адпушчаны беззаконьні.