Ісаі 60 разьдзел
Кніга прарока Ісаі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
«Паўстань, сьвяці, бо прышла сьвятліня твая, і чэсьць СПАДАРОВА зазьзяла над табою.
Устань, сьвяціся, [Ерусалім], бо прыйшло сьвятло тваё, і слава ГОСПАДА заясьнела над табою.
Бо вось, цямнота пакрые зямлю і хмара — люды; але над табою зазьзяе СПАДАР, і чэсьць Ягоная будзе бачана на табе.
Бо вось, цемра ахутае зямлю, і змрок — народы, а над табою заясьнее ГОСПАД, і слава Ягоная зьявіцца над табою.
І народы пойдуць да сьвятліні твае, і каралі да касулькаў золку твайго.
І прыйдуць народы да сьвятла твайго, і валадары — да зьзяньня бляску твайго.
Узьнімі навокал вочы свае й глянь: усі яны зьбіраюцца і йдуць да цябе; сынове твае прыйдуць здалеку, і дачкі твае ля боку твайго будуць выгадаваны.
Падымі вочы твае навакол і паглядзі, усе яны зьбіраюцца і ідуць да цябе. Сыны твае прыходзяць здалёк, і дочак тваіх нясуць на плячах.
І тады ты абачыш, і зазьзяеш, і затрапечацца, і расшырыцца сэрца твае; бо множасьць мора зьвернецца да цябе, маемасьць народаў прыйдзе да цябе.
Тады ўбачыш і зазьзяеш, і затрапеча і пашырыцца сэрца тваё, бо зьвернецца да цябе багацьце мора, і багацьце народаў прыйдзе да цябе.
Множасьць вярблюдоў укрые цябе, маладыя вярблюды зь Мідзяну а Ефы, усі яны із Шэвы прыйдуць, прынясуць золата а кадзіла і хвалу СПАДАРОВУ будуць абяшчаць.
Мноства вярблюдаў пакрые цябе, драмадэры з Мадыяну і з Эфы, усе яны з Шэвы прыйдуць, яны нясуць золата і кадзіла, хвалу ГОСПАДУ абвяшчаюць.
Усі стады кідарскія будуць зьбертыя да цябе, бараны неваёфскія будуць служыць табе; яны зычліва будуць прыняты на аброчніку Маім, і дом пазору Свайго Я прыбяру.
Усе авечкі Кедару зьбяруцца да цябе, бараны Нэбаёту паслужаць табе, яны ўзыйдуць на ахвярнік Мой як [ахвяра] ўпадабаная, і Я ўслаўлю дом красы Маёй.
Хто гэта ляціць, як булак і як галубы да акон сваіх?
Хто гэта, што лятуць як аблокі, як галубы да галубятняў сваіх?
Але, гэта абтокі спадзяюцца Мяне і іх таршыскія караблі здаўна, каб прывезьці сыноў тваіх здалеку і срэбра а золата іхнае зь імі, у імя СПАДАРА, Бога твайго, і Сьвятога Ізраелявага, бо Ён ўславе цябе.
Бо на Мяне чакаюць астравы, і першымі [плывуць] караблі Таршышу, каб прывезьці сыноў тваіх здалёк, срэбра іхняе і золата іхняе з імі дзеля імя ГОСПАДА, Бога твайго, і дзеля Сьвятога Ізраіля, бо Ён уславіў цябе.
Тады сынове чужаземцаў збудуюць сьцены твае, і каралі іхныя будуць служыць табе, бо ў гневе Сваім Я біў цябе, але ў зычлівасьці Сваёй Я буду спагадаць табе.
Сыны чужынцаў адбудуюць муры твае, а валадары іхнія будуць служыць табе, бо ў гневе Маім Я ўдарыў цябе, але ў ласкавасьці Маёй зьлітуюся над табою.
І кажнага часу будуць адчынены брамы твае, і ня будуць замыкацца ані ўдзень, ані ночы, каб прыведзены былі табе скарбы народаў, і каралі іхныя былі прыводжаны.
Брамы твае будуць адчыненыя заўсёды, удзень і ўначы ня будуць замыкацца, каб прыносілі да цябе багацьці народаў і валадароў іхніх прыводзілі [да цябе].
Бо народ і каралеўства, што ня будуць служыць табе, загінуць; але, гэткія народы супоўна будуць выгублены.
Бо народ і валадарства, якія не захочуць служыць табе, прападуць, і народы будуць цалкам выгублены.
Слава Лібанў прыйдзе да цябе, кіпрыс, ель а бук злучацца, каб прыбраць месца Сьвятыні Мае, — і месца ног Сваіх Я ўслаўлю.
Слава Лібану прыйдзе да цябе, [з ёй] разам кіпарысы, вязы і букі, каб упрыгожыць месца Маё сьвятое, і Я праслаўлю месца, дзе [стаяць] ногі Мае.
І прыйдуць да цябе, угбаўшыся, сынове ўцісканьнікаў тваіх, і паклоняцца да ступаў ног тваіх усі, што грэбавалі табою, і назавуць цябе местам СПАДАРОВЫМ, Сыёнам Сьвятога Ізраелявага.
І прыйдуць да цябе з паклонам сыны крыўдзіцеляў тваіх, і ўпадуць да стопаў ног тваіх усе, якія пагарджалі табою, і назавуць цябе Горадам ГОСПАДА і Сыёнам Сьвятога Ізраіля.
Замест тога, каб ты быў пакінены а ненавіджаны, і ня было праходзячага, я абярну цябе ў вечнае вялічча, радасьць пакаленьняў а пакаленьняў.
За тое, што ты быў пакінуты і зьненавіджаны, і ніхто не хадзіў [праз цябе], Я зраблю цябе славай вечнай, радасьцю з пакаленьня ў пакаленьне.
Ты будзеш ссаць тук народаў, і пелькі каралёў будзеш ссаць, і пазнаеш, што Я СПАДАР, Спас твой а Адкупіцель твой, Дужы Якаваў.
І будзеш ты смактаць малако народаў, і грудзі валадароў будзеш смактаць, і даведаешся, што Я — ГОСПАД, Збаўца твой і Адкупіцель твой, Моцны Якуба.
Замест медзі Я буду прыносіць золата, і замест зялеза буду прыносіць срэбра, і замест дзерваў — бронзу, і замест каменьня — зялеза; Я зраблю ўраднікам тваім мір і дзяржаўцамі тваімі — справядлівасьць.
Замест медзі Я прынясу золата, і замест жалеза прынясу срэбра, замест дрэва — медзь, і замест камянёў — жалеза. І Я пастаўлю мір вартаўніком тваім, а праведнасьць — начальнікам тваім.
І ня будзе чуць болей ўсілства ў зямлі Тваёй, спустошаньня а разбурэньня ў граніцах тваіх; і ты будзеш зваць сьцены спасеньням сваім і брамы свае — хвалою.
Ня будзе больш чуваць у зямлі тваёй пра гвалт, пра спусташэньне і зьнішчэньне ў межах тваіх. І ты назавеш муры твае збаўленьнем, а брамы твае — хвалою.
Сонца ўжо ня будзе сьвятлом тваім ўдзень, і бліск месяцу ня будзе сьвяціць табе, але СПАДАР будзе вечным сьвятлом тваім, і Бог твой — пазорам тваім.
Ня будзе ўжо сонца сьвяціць табе днём, і бляск месяца ня будзе асьвятляць цябе, але ГОСПАД будзе для цябе сьвятлом вечным, і Бог твой — аздобай тваёй.
Сонца твае ўжо ня зойдзе, і месяц твой не схаваецца, бо СПАДАР будзе табе сьвятлом вечным, і дні смутку твайго скончацца.
Ня будзе больш заходзіць сонца тваё, і месяц твой не схаваецца, бо ГОСПАД будзе для цябе сьвятлом вечным, і скончацца дні жалобы тваёй.
І люду твайму, усім справядлівым, на векі спадзець зямля; гэта пагон, што Я пасадзіў і работа рук Маіх да ўслаўленьня.
І ўвесь народ твой будзе праведным, яны возьмуць зямлю ў спадчыну на вякі. Яны — парасткі насаджэньня Майго, твор рукі Маёй, каб Я праславіўся.
Найменшы будзе як тысяча, і малады станецца народам дужым. Я, СПАДАР, упару пабаржджу».
З найменшага станецца тысяча, а са слабога — народ магутны. Я, ГОСПАД, пасьпяшаюся [зрабіць] гэта ў свой час.