Ісаі 16 разьдзел
Кніга прарока Ісаі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
Пашліце ягнё дзяржаўцу зямлі із Сэлы на пустыні, на гару дачкі Сыёну;
Пашліце авечку кіраўніку краіны з Сэлі, што ў пустыні, на гару дачкі Сыёну!
Бо будзе: як выкіненая з гнязда птушка туляецца, будуць дачкі Моава на брадох Арнону:
І станецца, што як птушкі ганяныя, выкінутыя з гнязда, будуць дочкі Мааву каля бродаў праз Арнон.
«Зьбяры раду, рассудзі; зрабі серадня сьцень, як ночы, схавай выгнаных, ня ізрадзь таго, хто туляецца».
«Дай нам раду, выдай прысуд, палажы цень твой апоўдні нібыта ноччу, схавай выгнанцаў, не выдавай уцекачоў.
Няхай мае выгнаныя Моаўляне жывуць у цябе; будзь іх абаронаю ад глабаньніка, пакуль не перастануць уціскі, ня скончыцца ўсілства, ня шчэзьне ізь зямлі топчучы.
Няхай абжывуцца ў цябе выгнанцы Мааву; будзь ім сховішчам перад абліччам нішчыцеля». Бо спыніцца гвалт, скончыцца зьнішчэньне, зьнікне з зямлі той, які топча [яе].
І міласэрдзям устаноўлены пасад, і сядзіць на ім у праўдзе ў будане Давідавым, судзячы а шукаючы суду а сьпяшаючыся да справядлівасьці».
І будзе ўмацаваны пасад міласэрнасьцю, і сядзе на ім у праўдзе ў намёце Давіда судзьдзя, які будзе шукаць суду, і [будзе] спраўна [рабіць] тое, што праведна.
Мы чулі праз пыху Моававу, вельма горды, праз пыхатасьць ягоную а начэпнасьць, вялікую злосьць ягоную, хвальшывыя выдумкі ягоныя.
«Мы чулі пра пыхлівасьць Мааву, што ён вельмі ганарысты, і пра фанабэрыю ягоную, і пра пыху ягоную, і пра лютасьць ягоную, і пра няшчырасьць ягоную, і пра пустыя словы ягоныя».
Затым Моаў будзе выць па Моаву, кажны будзе выць; па подах Кір-Гарэсэфа будзеце плакаць, кажучы: «Напэўна зражаныя»;
Дзеля гэтага няхай галосіць Мааў, над Маавам няхай усе галосяць; дзеля аладак з разынкамі з Кір-Хэрэсэту няхай яны ўздыхаюць, маркотныя.
Бо полі гэшбонскія зьвялі, віно сыўмаскае; панове народаў зламілі галоўныя расьліны яго, яны дасяглі аж да Языра, расьлі па пустыні; голі яго выцягнуліся, пераходзілі за мора.
Бо змарнелі нівы Хешбону і вінаграднікі Сібмы. Гаспадары народаў панішчылі вінаградныя лозы іхнія, якія сягалі аж да Язэру, даходзілі да пустыні, галіны іхнія расцягнуліся, перайшлі праз мора.
Затым я буду плакаць плачам Языра па вінішчу сыўмаскім; напаю сьлязьмі цябе, Гэшбоне а Елеяла; бо ўпалі радасныя крыкі ў часе збору віна твайго і ў часе жніва твайго.
Дзеля гэтага заплачу, як плача Язэр, дзеля вінаграднікаў Сібмы. Залью цябе сьлязьмі маімі, Хешбон і Элеале, бо на жніво тваё і на збор [пладоў] тваіх прыйшоў гармідар ваенны.
І аднята радасьць а весялосьць ад плоднага поля; і ў вінішчах ня будзе ані весялосьці, ані крыкаў радасьці; і віна ў таўчэльнях ня будуць таўчы таўкучыя: Я суняў радасныя крыкі.
Спынілася радасьць і вясёласьць у садах, і ў вінаградніках ня радуюцца і не ўсклікаюць [вясёла]. Віно ў тоўчнях не выціскае выціскальшчык, Я спыніў гоман [радасьці].
Затым нутр Мой гучыць, як гарпа, па Моаву, і нутр Мой па Кір-Герэсе.
Дзеля таго ўнутранасьці мае стогнуць, як гусьлі, дзеля Маава, і нутро маё — дзеля Кір-Харэсу.
І станецца: як відавочна будзе, што стамаваўся Моаў на ўзвышшу, і ўвыйдзе ў сьвятыню сваю, каб памаліцца, ня ўзумее.
І станецца, што [нават] калі зьявіцца Мааў, і будзе зьнясілены на ўзгорках, і прыйдзе ў сьвятыню сваю, каб маліцца, нічога ў яго не атрымаецца.
Гэта слова, каторае вымавіў СПАДАР праз Моава здаўна.
Гэта слова, якое прамовіў некалі ГОСПАД супраць Мааву.
Цяпер жа СПАДАР кажа, кажучы: «За тры гады, роўныя гадом найміцкім, улегцы замеюць славу Моававу з усёй вялікай множасьцяй, і будзе астача вельма малая, драбная, нядужая».
А цяпер прамовіў ГОСПАД, кажучы: «Праз тры гады, лічачы гадамі найміта, будзе зьняважаная слава Мааву разам з усім мноствам [ягоным], а рэшта ягоная будзе вельмі малая, бясьсільная».