Ісаі 40 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Цешча, цешча люд Мой, кажа Бог ваш;
 
Пацяшайце, пацяшайце народ Мой, кажа Бог ваш.

Кажыце да сэрца Ерузаліму й агалашайце яму, што час ходаньня ягонага скончыўся, што ё зычэньне дараваць бяспраўе ягонае; бо адзяржаў ён ад рукі СПАДАРОВАЕ ўдвая за ўсі грахі свае.
 
Прамаўляйце да сэрца Ерусаліму і клічце да яго, што скончылася ліхая доля ягоная, што прабачанае беззаконьне ягонае, бо ён атрымаў з рукі ГОСПАДА падвойную [кару] за ўсе грахі свае.

Голас галосячага на пустыні: «Прыгатуйце дарогу СПАДАРОВУ, зраўнуйце ў сьцепе гасьцінец Богу нашаму.
 
Голас таго, хто кліча: «У пустыні рыхтуйце шлях ГОСПАДУ, прастуйце ў стэпе сьцежкі Богу нашаму.

Кажная даліна падыймецца, і кажная гара а ўзгорак паніжацца, і крывое выпрастаецца, і гаравы ланцуг будзе даліною.
 
Кожная даліна няхай падымецца, і кожная гара і ўзгорак няхай будуць паніжаныя; і стануцца дарогі простымі, а няроўныя [шляхі] — гладкімі.

І слава СПАДАРОВА будзе аб’яўлена, і ўсі целы заразом абачаць; бо вусны СПАДАРОВЫ вымавілі».
 
І зьявіцца слава ГОСПАДА, і ўбачыць яе кожнае цела, бо вусны ГОСПАДА прамовілі [гэта]».

Голас кажа: «Агалашай!» І ён сказаў: «Што буду я агалашаць? Кажнае цела — трава, і кажная дабрачэсьць ягоная — як палявая кветка:
 
Голас кажа: «Крычы!» А я сказаў: «Што маю крычаць?» Усякае цела — трава, і ўся слава ягоная — як кветка палявая.

Трава сохне, кветка вяне, як вецер ад СПАДАРА падзьмець на яе; чыста так і люд, як трава.
 
Высыхае трава, вяне кветка, бо вецер ГОСПАДА падзьмуў на яе. Сапраўды, народ — як трава.

Трава сохне, кветка вяне, але слова Бога нашага застанецца на векі».
 
Высыхае трава, вяне кветка, але слова Бога нашага трывае на вякі.

Сыёне, што прыносіш добрыя ведамкі, узыйдзі сабе на гару высокую; Ерузаліме, што прыносіш добрыя ведамкі, моцна ўзьнімі голас свой, узьнімі, ня бойся; кажы местам Юдэйскім: «Во Бог ваш!»
 
Узыйдзі на высокую гару, дабравесьнік Сыёну! Узьнімі з [усёй] сілы голас твой, ты, дабравесьнік Ерусаліму! Узьнімі [голас], ня бойся, кажы гарадам Юды: «Вось Бог ваш!»

Вось, Спадар СПАДАР прыходзе ізь сілаю, і плячо Ягонае будзе радзіць за Яго; во заплата Ягоная зь Ім, і праца Ягоная перад Ім.
 
Вось, Госпад ГОСПАД прыходзіць з моцай, рамяно Ягонае мае ўладу. Вось, нагарода Ягоная з Ім разам і плата Ягоная — перад абліччам Ягоным.

Як пастыр стаду сваю, будзе пасьціць, плячом Сваім зьбярэць ягняты і на ўлоньню Сваім будзе насіць, ссучых будзе вадзіць.
 
Як пастыр Ён пасьвіць статак Свой, і зьбірае рамяном Сваім ягнятаў, і носіць іх на грудзях Сваіх, і котных [авечак] гоніць паціху».

Хто памераў ваду сваёю жменню, і азначыў неба пядзяю, і ўтоўпіў у меру пыл земны, і зважыў горы вагою, і ўзгоркі шалькамі?
 
Хто зьмераў жменяй сваёй воды, і хто неба зьмераў пядзяй сваёй? Хто трацінай меркі памераў пыл зямлі? Хто ўзважыў на вагах горы, а на шалях — узгоркі?

Хто спатачыў Дух СПАДАРОЎ, і хто раду радзіў?
 
Хто ўзважвае Дух ГОСПАДА? І які чалавек Яму даваў параду сваю?

Зь кім радзіўся Ён, каб Яму даў разуменьне, вучыў Яго сьцежкі суду, і вучыў Яго веды, і дарогу розуму паказаў Яму?
 
З кім Ён раіўся і хто настаўляў Яго, і хто вучыў Яго сьцежцы суду, і вучыў Яго веданьню, і шляху розуму навучаў Яго?

Вось, народы — як капля зь вядра, і ўважаюцца як пылок на шальцы. Вось, Ён падыймае абтокі, як маленькую макулінку.
 
Вось, народы — як кропля з вядра, і лічацца як пыл на шалях. Вось, астравы важаць як парушынка.

І Лібану недаволі на цяпло, і жывёлы ягонае недаволі на ўсепаленьні.
 
І Лібану ня хопіць на вогнішча, а зьвяроў ягоных ня хопіць на цэласпаленьне.

Усі народы як нішто перад Ім; і меней як нішто, і за пусьціню Ён уважае іх.
 
Усе народы перад Ім як нішто, яны ў Яго лічацца за марноту і пустку.

І да каго ўважаеце падобным БОГА? і якую падобнасьць прыраўнуеце да Яго?
 
Да каго падобным зробіце Бога? Які вобраз надасьцё Яму?

Умелы майстра адлівае выразанага балвана, і літаваньнік пацягне яго золатам і прылітуе срэбныя ланцугі.
 
Ідала вырабляе разьбяр, і залатар золатам пакрывае яго, і ланцужкі срэбраныя [прымацоўвае] залатар.

Хто бедны на аброк, тый выбірае нябуцьвеючае дзерва, шукае мудрага майстру, зрабіць выразанага балвана, што ня хістаўся б.
 
А хто бедны, бярэ дрэва, якое не гніе, шукае спраўнага майстра, каб зрабіў ідала, які не пахісьнецца.

Хіба вы ня ведаеце? хіба вы ня чулі? хіба ня было азнаймлена вам спачатна? хіба вы не зразумелі подаў зямлі?
 
Ці ж вы ня ведаеце? Ці ж вы ня чулі? Ці ж вам не было паведамлена ад пачатку? Ці ж вы не зразумелі падвалінаў зямлі?

Ён тый, што сядзіць над кругам зямлі, і жыхары яе — як шаранча; што прасьцягнуў нябёсы, як заслону, і расьцягнуў іх, як будан да жыцьця.
 
Ён — Той, Які сядзіць па-над скляпеньнем зямлі, і жыхары ейныя — як саранча [перад Ім]; Ён расьцягнуў, як ветразь, нябёсы, і напяў іх як намёт, каб жыць у ім.

Ён абарачае князёў у нішто, судзьдзяў зямлі як марнасьць Ён робе.
 
Ён — Той, Які магнатаў робіць нічым, судзьдзяў зямлі робіць марнасьцю.

Ледзь яны былі пасаджаны, ледзь яны былі пасеяны, і ці ледзь пень іхны ўкараніўся ў зямлі; як толькі ён дзьмухнуў на іх, яны высахлі, і бура, як салому, панесла іх.
 
Ледзь яны пасаджаныя, ледзь пасеяны, ледзь камель іхні закараніўся ў зямлі, як Ён дыхнуў на іх, і яны павысыхалі, і віхор панёс іх як салому.

«Да каго ж, вы ўважаеце, падобны Я, да каго прыраўнуеце Мяне?» — кажа Сьвяты.
 
«І да каго вы прыраўняеце Мяне, каб быў Я роўны [яму]?» — кажа Сьвяты.

Падыйміце да гары вочы вашы і гляньце, хто стварыў гэта? — Тый, Хто выводзе лікам войска іхнае і завець іх усіх наймя велічынёю моцы Свае й дужасьцю сілы Свае. Усі ё.
 
Узьніміце вочы вашыя ўгору і паглядзіце. Хто стварыў [зоркі гэтыя]? Той, Які выводзіць шыхтамі войска іхняе і кліча ўсіх іх на імя. Дзеля такой вялікасьці моцы і велізарнай магутнасьці аніводная ня згубіцца.

Чаму кажаш ты, Якаве, і гукаеш ты, Ізраелю: «Схавана дарога мая ад СПАДАРА, і суд мой мінуў Бога?»
 
Чаму ты кажаш, Якуб, і гаворыш, Ізраіль: «Схаваны шлях мой перад ГОСПАДАМ, і суд мой адыйшоў ад Бога майго»?

Хіба ты ня ведаеш? хіба ты ня чуў, што ё Бог вечны СПАДАР, Стварыцель канцоў зямлі? Ён не прыстаець, ня млее; няма скуманьня розуму Ягонага.
 
Ці ты ня ведаеш? Або ты ня чуў? Бог Вечны, ГОСПАД, Які стварыў канцы зямлі, Ён ня слабне і не стамляецца, і недасьледная мудрасьць Ягоная!

Даець прысталаму сілу й слабога пасіляе.
 
Ён дае змучанаму сілу, а зьнямогламу павялічвае моц.

Дзяцюкі могуць прыставаць а млець, і выборныя воі могуць часта спатыкацца;
 
Юнакі слабнуць і стамляюцца, і хлопцы спатыкаюцца і падаюць,

А тыя, што спадзяюцца на СПАДАРА, адновяць сілу, распусьцяць крылы, як арлы, пабягуць і не замлеюць, пойдуць і ня прыстануць.
 
а тыя, якія спадзяюцца на ГОСПАДА, аднаўляюць сілы, узьнімаюць крылы, як у арла, будуць бегчы, і ня стомяцца, і будуць хадзіць, і не саслабеюць.