Ісаі 60 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Устань, заззяй, бо прыйшло святло тваё і заяснела слава Госпада над табою.
 
Устань, сьвяціся, [Ерусалім], бо прыйшло сьвятло тваё, і слава ГОСПАДА заясьнела над табою.

Бо, вось жа, цемра ахутае зямлю і туман — народы. А над табою заяснее Госпад і слава Яго з’явіцца над табою.
 
Бо вось, цемра ахутае зямлю, і змрок — народы, а над табою заясьнее ГОСПАД, і слава Ягоная зьявіцца над табою.

І будуць хадзіць народы ў святле тваім, а цары — у яснасці твайго ўсходу.
 
І прыйдуць народы да сьвятла твайго, і валадары — да зьзяньня бляску твайго.

Падымі вочы свае навакол і паглядзі: усе гэтыя сабраныя ідуць да цябе. Твае сыны здалёку прыходзяць, а дочкі твае несены на руках.
 
Падымі вочы твае навакол і паглядзі, усе яны зьбіраюцца і ідуць да цябе. Сыны твае прыходзяць здалёк, і дочак тваіх нясуць на плячах.

Тады ўбачыш і заяснееш, і затрасецца сэрца тваё, і расшырыцца, бо да цябе наплыве многа багацця марскога, моц народаў прыйдзе да цябе.
 
Тады ўбачыш і зазьзяеш, і затрапеча і пашырыцца сэрца тваё, бо зьвернецца да цябе багацьце мора, і багацьце народаў прыйдзе да цябе.

Мноства вярблюдаў агорне цябе, драмадэры з Мадыяна і з Эфы, усе з Сабы прыбудуць, несучы золата і кадзіла ды абвяшчаючы славу Госпада.
 
Мноства вярблюдаў пакрые цябе, драмадэры з Мадыяну і з Эфы, усе яны з Шэвы прыйдуць, яны нясуць золата і кадзіла, хвалу ГОСПАДУ абвяшчаюць.

Уся жывёла Кедара збярэцца пры табе, бараны Набаёта будуць служыць табе, будуць ахвяраваны яны на Маім ахвярніку перамалення, і дом славы Маёй услаўлю.
 
Усе авечкі Кедару зьбяруцца да цябе, бараны Нэбаёту паслужаць табе, яны ўзыйдуць на ахвярнік Мой як [ахвяра] ўпадабаная, і Я ўслаўлю дом красы Маёй.

Хто гэта яны, што лятуць, як хмары ды як галубкі, да вокнаў сваіх?
 
Хто гэта, што лятуць як аблокі, як галубы да галубятняў сваіх?

Бо Мяне чакаюць астравы, а ў першую чаргу — караблі Тарсіса, каб прывезці сыноў тваіх здалёку, срэбра іх і золата іх разам з імі; дзеля імя Госпада Бога твайго і Святога Ізраэлева, бо Ён уславіў цябе.
 
Бо на Мяне чакаюць астравы, і першымі [плывуць] караблі Таршышу, каб прывезьці сыноў тваіх здалёк, срэбра іхняе і золата іхняе з імі дзеля імя ГОСПАДА, Бога твайго, і дзеля Сьвятога Ізраіля, бо Ён уславіў цябе.

І адбудуюць сыны чужаземцаў муры твае, а іх цары служыць будуць табе, бо ўдарыў Я цябе ў гневе Сваім, але ў Сваёй дабраце пашкадаваў цябе.
 
Сыны чужынцаў адбудуюць муры твае, а валадары іхнія будуць служыць табе, бо ў гневе Маім Я ўдарыў цябе, але ў ласкавасьці Маёй зьлітуюся над табою.

І адчынены будуць твае брамы заўсёды, днём і ноччу не будуць замыкацца, каб прыносілі да цябе магутнасць народаў і каб прывялі цароў іх.
 
Брамы твае будуць адчыненыя заўсёды, удзень і ўначы ня будуць замыкацца, каб прыносілі да цябе багацьці народаў і валадароў іхніх прыводзілі [да цябе].

Народ бо і царства, якія не служылі б табе, прападуць, а народы будуць вынішчаны дашчэнту.
 
Бо народ і валадарства, якія не захочуць служыць табе, прападуць, і народы будуць цалкам выгублены.

Слава Лібану прыйдзе да цябе, разам кіпарысы, вязы і елкі, каб упрыгожыць месца свяцілішча Майго, ды месца, дзе стаяць Мае ногі, праслаўлю.
 
Слава Лібану прыйдзе да цябе, [з ёй] разам кіпарысы, вязы і букі, каб упрыгожыць месца Маё сьвятое, і Я праслаўлю месца, дзе [стаяць] ногі Мае.

І прыйдуць да цябе з паклонам сыны тых, якія прыніжалі цябе, і падуць да стоп ног тваіх усе, якія пагарджалі табой, і назавуць цябе Горадам Госпадавым, Сіёнам Святога Ізраэля.
 
І прыйдуць да цябе з паклонам сыны крыўдзіцеляў тваіх, і ўпадуць да стопаў ног тваіх усе, якія пагарджалі табою, і назавуць цябе Горадам ГОСПАДА і Сыёнам Сьвятога Ізраіля.

За тое, што была пакінута, зненавіджана і не было нікога, хто б наведаў цябе, зраблю цябе гонарам вякоў, радасцю з пакалення ў пакаленне.
 
За тое, што ты быў пакінуты і зьненавіджаны, і ніхто не хадзіў [праз цябе], Я зраблю цябе славай вечнай, радасьцю з пакаленьня ў пакаленьне.

І будзеш карміцца малаком з грудзей царскіх, і будзеш ведаць, што Я — Госпад, Збаўца твой ды Адкупіцель твой — Усемагутны Якубаў.
 
І будзеш ты смактаць малако народаў, і грудзі валадароў будзеш смактаць, і даведаешся, што Я — ГОСПАД, Збаўца твой і Адкупіцель твой, Моцны Якуба.

Замест медзі дастаўлю золата, а замест жалеза дастаўлю срэбра, замест дрэва — медзь, а замест камянёў — жалеза; і ўстанаўлю супакой тваім вартаўніком, а справядлівасць — тваім кіраўніком.
 
Замест медзі Я прынясу золата, і замест жалеза прынясу срэбра, замест дрэва — медзь, і замест камянёў — жалеза. І Я пастаўлю мір вартаўніком тваім, а праведнасьць — начальнікам тваім.

Не пачуецца больш у тваім краі пра гвалт, пра спусташэнні і загубу — у тваіх межах; і назавеш муры твае збаўленнем, а брамы твае — хвалою.
 
Ня будзе больш чуваць у зямлі тваёй пра гвалт, пра спусташэньне і зьнішчэньне ў межах тваіх. І ты назавеш муры твае збаўленьнем, а брамы твае — хвалою.

Ужо сонца не будзе больш свяціць табе днём, ані яснасць месяца не засвеціць табе, але Госпад будзе табе вечным святлом і Бог твой — славай тваёй.
 
Ня будзе ўжо сонца сьвяціць табе днём, і бляск месяца ня будзе асьвятляць цябе, але ГОСПАД будзе для цябе сьвятлом вечным, і Бог твой — аздобай тваёй.

Тваё сонца не будзе заходзіць ужо больш, ані месяц твой не знікне, бо Госпад будзе табе вечным святлом, і скончацца дні тваёй жалобы.
 
Ня будзе больш заходзіць сонца тваё, і месяц твой не схаваецца, бо ГОСПАД будзе для цябе сьвятлом вечным, і скончацца дні жалобы тваёй.

А ўвесь твой народ будзе народам справядлівых, якія атрымаюць у спадчыну навечна зямлю, парастак насаджэння Майго, твор рукі Маёй на ўслаўленне.
 
І ўвесь народ твой будзе праведным, яны возьмуць зямлю ў спадчыну на вякі. Яны — парасткі насаджэньня Майго, твор рукі Маёй, каб Я праславіўся.

З найменшага станецца тысячай, з малога — народам магутным. Я, Госпад, учыню гэта скора ў свой час.
 
З найменшага станецца тысяча, а са слабога — народ магутны. Я, ГОСПАД, пасьпяшаюся [зрабіць] гэта ў свой час.