Ісаі 65 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

«Мяне знайшлі тыя, што не шукалі Мяне; адшукалі Мяне тыя, якія не пыталіся пра Мяне. Я сказаў: “Вось жа Я, вось жа Я!” да народа, які не прызываў імя Маё.
 
Я адкрыўся тым, якія не пыталіся пра Мяне, Я знойдзены тымі, якія не шукалі Мяне. Я казаў: «Вось Я, вось Я!» да народу, які ня клікаў імя Маё.

Увесь дзень працягваў Я рукі Мае да народа бунтоўнага, які ішоў па нядобрай дарозе ўслед за сваімі задумамі;
 
Увесь дзень Я выцягваў рукі Мае да народу бунтаўнічага, які ходзіць па шляху нядобрым, паводле намераў сваіх,

народ, які правакуе Мяне да гневу перад абліччам Маім заўсёды, яны прыносяць ахвяры ў садах ды складаюць іх на цэгле.
 
да народу, які гнявіць Мяне перад абліччам Маім заўсёды, які складае ахвяры ў гаях і паліць кадзіла на цэглах.

Яны прабываюць у грабніцах, начуюць у патаемных месцах, яны ядуць свіное мяса і нячыстыя стравы ў сваім посудзе,
 
Яны сядзяць у магілах, начуюць у заканурках, ядуць сьвіное мяса, і стравы нячыстыя ў пасудзінах іхніх,

яны кажуць: “Адыдзіся! Не набліжайся да мяне, бо магу [незнарок] пасвяціць цябе”. Яны — дым у Маіх ноздрах, агонь, які гарыць увесь дзень.
 
яны кажуць: «Адыйдзіся! Не набліжайся да мяне, бо я — сьвяты для цябе». Яны [выклікаюць] дым у ноздрах Маіх, агонь, які палае ўвесь дзень.

Вось, напісана перада Мной; не буду маўчаць, але аддам, ды аддам у [самае] нутро
 
Вось, напісана перад абліччам Маім. Ня буду маўчаць, пакуль не аднагароджу, і не аднагароджу ва ўлоньне іхняе.

за вашы ліхоцці і за ліхоцці бацькоў вашых разам, — кажа Госпад; яны складалі ахвяры на гарах ды зневажалі Мяне на ўзгорках. Дык адмераю найперш іх справу ў нутры іх».
 
За беззаконьні вашыя і за беззаконьні бацькоў вашых, кажа ГОСПАД, што вы кадзілі на гарах і на ўзгорках зьневажалі Мяне, Я адмераю ім плату ва ўлоньне іхняе за ўчынкі старадаўнія.

Гэта кажа Госпад: «Як, калі сок знаходзяць у вінаграднай гронцы і кажуць: “Не знішчай яго, бо ў ім — дабраславенне”, — падобна зраблю дзеля Маіх паслугачоў, каб не знішчыць усяго.
 
Гэта кажа ГОСПАД: «Калі знаходзіцца сок у гронках вінаградных і кажуць: “Ня нішчыце іх, бо ў іх дабраславенства”, так і Я зраблю дзеля слугаў Маіх, каб ня нішчыць усяго.

Я з Якуба выведу патомства, з Юды — уладальніка гор Маіх, і выбраннікі Мае успадкаемяць зямлю, а слугі Мае будуць там пражываць.
 
І Я выведу з Якуба насеньне, а з Юды — спадкаемца гор Маіх, і выбранцы Мае ўспадкаемяць [зямлю], і слугі Мае будуць жыць там.

І стане Сарон выганам для статкаў, а лагчына Ахор — месцам спачынку для валоў, на карысць народу Майму, якія шукалі Мяне.
 
І стане Шарон пашаю для авечак, а даліна Ахор — выганам для быдла для народу Майго, які шукае Мяне.

А вам, якія пакінулі Госпада, якія забыліся пра святую Гару Маю, і накрываеце сталы ў гонар Гада, і амфару запаўняеце ў гонар Мэні,
 
А вы пакінулі ГОСПАДА і забыліся пра сьвятую гару Маю, і накрываеце стол у гонар Гада і напаўняеце [келіхі] віном мяшаным у гонар Мэні.

вас прызначу пад меч; і ўсе папрападаеце ў разні за тое, што клікаў вас, а вы не адказвалі, гаварыў, а вы не чулі, а дапускаліся ліхоцця ў Мяне на вачах ды выбралі тое, што Мне не падабалася».
 
І Я прызначаю [вас] пад меч, і ўсе вы пойдзеце на зарэз, бо Я клікаў вас, а вы не адказвалі, гаварыў, а вы ня слухалі, і чынілі ліхоту на вачах Маіх, і выбралі сабе тое, што Мне не падабалася».

Вось чаму гэта кажа Госпад Бог: «Вось жа, паслугачы Мае будуць есці, а вы будзеце галадаць; вось, паслугачы Мае будуць піць, а вы будзеце цярпець смагу; вось, паслугачы Мае будуць цешыцца, а вы будзеце саромецца;
 
Дзеля гэтага так кажа Госпад ГОСПАД: «Вось, слугі Мае будуць есьці, а вы будзеце галадаць; слугі Мае будуць піць, а вы будзеце смагнуць; слугі Мае будуць радавацца, а вы будзеце асаромленыя.

вось жа, паслугачы Мае спяваць будуць хвалебна, у радасці сэрца, а вы крычаць будзеце з болю сэрца і будзеце галасіць, прыгнечаныя духам.
 
Вось, слугі Мае будуць сьпяваць з радасьцю сэрца, а вы будзеце крычаць з болем сэрца, будзеце галасіць з прыгнечаным духам.

І пакінеце імя сваё Маім выбраным на пракляцце: “Хай заб’е цябе Госпад Бог”, і слуг Сваіх назаве Ён іншым імем:
 
І вы пакінеце імя вашае выбранцам Маім на праклён, [які кажа]: “Няхай заб’е цябе Госпад ГОСПАД”, а слугі Мае будуць названыя іншым імем,

калі хто ім будзе дабраслаўляць сябе на зямлі, будзе дабраслаўляцца Богам праўды. А калі хто будзе прысягаць на зямлі, будзе прысягаць Богам праўды, бо ранейшыя прыгнёты аддадуцца на забыццё і будуць закрытымі ад вачэй Маіх.
 
якім хто будзе дабраслаўляць на зямлі, будзе дабраслаўлёны Богам верным, а хто будзе прысягаць на зямлі, будзе прысягаць Богам верным, бо ўціскі даўнейшыя забудуцца і будуць закрытыя перад вачыма Маімі».

Бо Я, вось, ствару новыя нябёсы і новую зямлю, не будуць успамінацца ранейшыя падзеі, нават на думку яны не прыйдуць.
 
Бо вось, Я ствару новае неба і новую зямлю, і ня будуць узгадваць даўнейшае, і яно ня прыйдзе на сэрца.

Але будуць радавацца і весяліцца назаўсёды з таго, што Я ствараю: бо, вось, Я ствараю з Ерузаліма весялосць і з яго народа — радасць.
 
А вы будзеце цешыцца і весяліцца вечна з таго, што Я ствару, бо вось, Я ствару Ерусалім дзеля вясёласьці, а народ ягоны — дзеля ўцехі.

Буду радавацца з Ерузаліма і буду цешыцца з Майго народа і не пачуецца ў ім больш голас плачу і голас наракання.
 
І Я буду радавацца з Ерусаліму, і буду цешыцца з народу Майго, і ня будзе больш чуваць у ім голас плачу і голас нараканьня.

Не будзе ўжо там немаўляці некалькіх дзён, і старога, які б не споўніў сваіх дзён, бо наймалодшы памрэ як стогадовы, а хто не дасягне ста гадоў, будзе знакам праклёну.
 
І ня будзе з таго часу ў ім малога днямі і старога, які б не дапоўніў дзён сваіх, бо юнак памрэ стогадовым, а стогадовы грэшнік будзе пракляты.

І пабудуюць дамы, і жыць будуць, і развядуць вінаграднікі, і будуць есці іх плады.
 
І пабудуюць дамы, і будуць жыць [у іх], і пасадзяць вінаграднікі, і будуць есьці плады іхнія.

Не будуць будаваць, каб хто іншы ў іх пражываў, не будуць садзіць, каб хто іншы спажываў. Бо на ўзор даўгавечнасці дрэва будзе даўгавечнасць Майго народа і Мае выбраннікі доўга карыстацца будуць з плёну рук сваіх.
 
Ня будуць будаваць, каб хто іншы [ў іх] жыў, і ня будуць садзіць, каб хто іншы еў. Бо як дні дрэва [будуць] дні народу Майго, і выбранцы Мае будуць карыстацца зробленым рукамі іхнімі.

Не будуць працаваць надарма, ані радзіць дзяцей на заўчасную загубу, бо патомствам, дабраславёным Госпадам, ёсць яны самі і патомкі іх разам з імі.
 
Ня будуць працаваць надарма, і ня будуць нараджаць [дзяцей] на загубу, бо яны — насеньне, дабраслаўлёнае ГОСПАДАМ, і нашчадкі іхнія разам з імі.

Ды будзе так: перш чым паклічуць, Я адкажу; калі яшчэ гаварыць будуць, Я выслухаю.
 
І станецца, што перш, чым яны паклічуць, Я адкажу ім, і калі яшчэ будуць гаварыць, Я ўжо выслухаю [іх].

Воўк і ягнятка будуць пасвіцца разам, ды леў, як і вол, будзе салому есці, а ежаю змяі будзе парахно; не будуць шкодзіць, ані забіваць па ўсёй Маёй святой гары», — кажа Госпад.
 
Воўк і ягня будуць пасьвіцца разам, і леў, як вол, будзе есьці салому, а зьмей будзе жывіцца парахном [зямлі]. І ня будуць чыніць зла, і ня будуць чыніць загубы на ўсёй гары Маёй сьвятой, кажа ГОСПАД.