Ісаі 4 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

І схопяць сем жанчын аднаго мужчыну, кажучы: «Хлеб свой есці будзем ды сваім адзеннем адзявацца. Дазволь толькі насіць нам тваё імя. Здымі з нас ганьбу».
 
І схопяць сем жанчынаў аднаго мужчыну ў той дзень, кажучы: «Хлеб свой будзем есьці і адзеньне сваё будзем апранаць. Дазволь толькі насіць нам імя тваё, здымі ганьбу нашую».

У той дзень парастак Госпадаў зробіцца аздобай і славай, і плод зямлі будзе велічным і зробіцца радасцю для тых, якія будуць збаўлены з [роду] Ізраэля.
 
У той дзень Парастак ГОСПАДА будзе красою і славаю, а плод зямлі — гонарам і ўслаўленьнем для тых, якія застануцца ў Ізраілі.

Ды станецца, што кожны ўцалелы на Сіёне, які асеў у Ерузаліме, будзе названы святым, кожны, хто ўпісаны на жыццё ў Ерузалім.
 
І станецца, што той, хто застаўся на Сыёне і хто пакінуты ў Ерусаліме, будзе названы сьвятым, кожны, хто запісаны, каб жыць у Ерусаліме,

Калі Госпад абмые бруд дачок сіёнскіх і ачысціць Ерузалім ад крыві з нутра Яго подыхам суда і подыхам спалення,
 
калі Госпад абмые бруд дочак Сыёну і ачысьціць Ерусалім ад крыві з сярэдзіны ягонай подыхам суду і подыхам ачышчэньня.

тады ўтворыць Госпад на ўсёй прасторы гары Сіён і над скопішчам яе воблака ўдзень, дым і бляск полымя агністага — уначы: над усёю славаю — покрыў,
 
І створыць ГОСПАД на ўсім абшары гары Сыён і на месцы сходу воблака ўдзень, а дым і бляск полымя агню — уначы, бо над усім будзе слава [Госпада] як заслона,

і палатка будзе ценем удзень ад спёкі ды забеспячэннем і сховішчам ад навальніцы і дажджу.
 
і як намёт, каб даць цень ад сьпёкі ўдзень і прыбежышча і сховішча ад навальніцы і дажджу.