Ісаі 12 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

І скажаш таго дня: «Я дзякую Табе, СПАДАРУ, бо Ты ўгневаўся на мяне, але гнеў Твой адышоў, і Ты пацешыў мяне.
 
І скажаш у той дзень: слаўлю Цябе, Госпадзе; Ты гневаўся на мяне, але адвёў гнеў Твой і суцешыў мяне.

Вось, БОГ — спасеньне мае: я спадзяюся і не баюся; бо Сіла мая а песьня ЯГ, СПАДАР; Ён стаў імне спасеньням».
 
Вось, Бог — ратунак мой: спадзяюся на Яго, і не баюся; бо Гасподзь — сіла мая, і песьня мая — Гасподзь; і Ён быў мне збавеньнем.

І будзеце сіляць ваду з радасьці із жаролаў спасеньня.
 
І ў радасьці будзеце чэрпаць ваду з крыніц збавеньня,

І скажаце таго дня: «Дзякуйце СПАДАРУ; гукайце імя Ягонае; павядайце меж людаў справы Ягоныя; мянуйце, што ўзьвялічана імя Ягонае.
 
і скажаце ў той дзень: слаўце Госпада, заклікайце імя Яго; абвяшчайце ў народах дзеі Яго; нагадвайце, што вялікае імя Яго;

Пяіце СПАДАРУ, бо Ён стварыў вялікае; гэта ведама па ўсёй зямлі.
 
сьпявайце Госпаду, бо Ён учыніў вялікае, — хай ведаюць гэта на ўсёй зямлі.

Гукай а пяі, жыхарка Сыёну, бо вялікі сярод цябе Сьвяты Ізраеляў».
 
Весяліся і радуйся, жыхарка Сіёна, бо вялікі сярод цябе Сьвяты Ізраілеў.