Ісаі 26 разьдзел
Кніга прарока Ісаі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі
Таго дня будуць гэтую песьню пяяць у зямлі Юдэйскай: «У нас моцнае места; спасеньне дасьць Ён, як сьцены а вал.
Таго дня пасьпяваная будзе песьня гэтая ў зямлі Юдавай: горад моцны ў нас; ратунак даў ён замест мура і вала.
Адчыніце брамы, і ўвыйдзе народ справядлівы, што заховуе вернасьць.
Адчынеце браму; хай увойдзе народ праведны, які захоўвае вернасьць.
Станаўкога ў думках сваіх Ты заховуеш у падвойным супакою, бо ён спадзяецца на цябе.
Цьвёрдага духам Ты ахоўваеш у дасканалым міры, бо на цябе спадзяецца ён.
Спадзявайцеся на СПАДАРА заўсёды, бо ў ЯГУ СПАДАРУ вечная скала;
Кладзеце надзею на Госпада заўсёды, бо Гасподзь Бог ёсьць цьвярдыня вечная:
Бо Ён угбаў жылых на вышы, паднятае вялікае места, паваліў яго, паваліў яго на зямлю, кінуў яго ў пыл».
Ён скінуў тых, што жылі на вышыні, высока пастаўлены горад; разваліў яго, абярнуў на зямлю, шпурнуў яго ў пыл.
Патопча яго нага, ногі бедных, ступы галечаў.
Нага топча яго, ногі беднага, ступакі ўбогіх.
Дарога справядлівага — пасьцівасьць; Ты, Найпасьціўшы, раўнуеш сьцежку справядлівага.
Дарога ў праведніка простая; Ты раўняеш сьцежку праведніку.
Але, на дарозе судоў Тваіх, СПАДАРУ, мы спадзяваліся на Цябе; да імені Твайго й да ўспамінаў Цябе жаданьне душы.
І на дарозе судоў Тваіх, Госпадзе, мы мелі надзею на Цябе; да імя Твайго і да ўспаміну пра Цябе парывалася душа нашая.
Душа мая жадае Цябе ночы, нават духам сваім ўнутры сябе я шукаю Цябе золкам; бо, як суды Твае на зямлі, жыхары сьвету вучацца справядлівасьці.
Душою маёю я парываўся да Цябе ўначы, і духам маім я буду шукаць Цябе ў нутробе маёй з раньняга рана: бо калі суды Твае адбываюцца на зямлі, тады тыя, што жывуць у сьвеце, вучацца праўдзе.
Няхай ласка будзе зроблена нягоднаму, ён ня наўчыцца справядлівасьці: у краю пасьцівасьці ён будзе дзеяць несправядліва, і ня будзе глядзець на вялічча СПАДАРОВА.
Калі бязбожнік будзе памілаваны, дык не навучыцца ён праўды, — будзе зладзейнічаць у зямлі справядлівасьці і ня будзе зважаць на веліч Госпада.
СПАДАРУ! паднята рука Твая; яны ня бачаць; яны абачаць рупатлівасьць Тваю празь люд і засаромяцца; але, цяпло непрыяцеляў Тваіх пажарэць іх самых.
Госпадзе! рука Твая была высока паднятая, але яны ня бачылі яе; убачаць і пасаромеюцца ненавісьнікі народу Твайго; агонь зжарэ ворагаў Тваіх.
СПАДАРУ! Ты накануеш супакой нам, бо нават усі справы нашыя Ты спраўляеш нам.
Госпадзе! Ты даруеш нам мір; бо ўсе дзеі нашыя Ты ўладжваеш нам.
СПАДАРУ, Божа наш! панавалі над намі панове, апрача Цябе; але адно ў Табе мы будзем успамінаць імя Твае.
Госпадзе Божа наш! Іншыя ўладыкі акрамя Цябе панавалі над намі; але толькі Табою мы славім імя Тваё.
Памерлыя не ажывуць; сьмяротныя цені ня ўстануць; бо Ты даведаўся а выгубіў іх, і прычыніў, каб загінула ўся памятка празь іх.
Мёртвыя не ажывуць; Рэфаімы ня ўстануць, бо Ты адведаў і зьнішчыў усякую памяць пра іх.
Ты памножыў народ, СПАДАРУ, Ты памножыў народ, уславіўся, пашырыў усі канцы зямлі.
Ты памножыў народ, Госпадзе, памножыў народ, — праславіў Сябе, пашырыў усе межы зямлі.
СПАДАРУ! У часе гароты яны шукалі Цябе, выліваліся ў цішы, як Ты караў іх.
Госпадзе! у нягодзе ён шукаў Цябе; ліў ціхія маленьні, калі кара Твая спаткала яго.
Як цяжарная жонка, калі бліжэе пара радзіць, трудніцца, крычыць ад боляў сваіх, так былі мы перад відам Тваім, СПАДАРУ.
Як жанчына цяжарная на пачатку родаў пакутуе, лямантуе ад боляў сваіх, так мы былі перад Табою, Госпадзе.
Мы былі ўцяжку, трудніліся, бы радзілі вецер: ня ўчынілі спасеньня зямлі, і ня палі жыхары сьвету.
Былі цяжарныя, пакутавалі, — і нараджалі як бы вецер; шчасьця зямлі ня ўчынілі, і астатнія жыхары сусьвету не загінулі.
Нябожчыкі Твае ажывуць, мертвае цела мае ўстане. Прачхніцеся й пяіце, лежачыя ў пыле; бо раса Твая, як раса зёлак, і зямля выкіне сьмяротныя сьцені.
Ажывуць мерцьвякі Твае, паўстануць мёртвыя целы! Паўстаньце і ўзрадуйцеся, кінутыя ў пыл: бо раса Твая — сьветлая раса, і зямля выкіне мерцьвякоў.
Ідзі, людзе мой, увыйдзі ў пакоі свае й зачыні дзьверы за сабою; схавайся на малую часінку, пакуль мінець гнеў;
Ідзі, народзе мой, увайдзі ў пакоі твае і замкні за сабою дзьверы твае, схавайся на хвіліну, пакуль ня мінецца гнеў;
Бо вось, СПАДАР выходзе зь месца Свайго, пакараць жыхараў зямлі за бяспраўе іхнае; зямля таксама адкрые кроў сваю і ўжо не закрые забітых сваіх.
бо вось, Гасподзь выходзіць з жытлішча Свайго пакараць насельнікаў зямлі за іх беззаконьне, і зямля адкрые пралітую на ёй кроў, і ўжо не схавае забітых сваіх.