Ісаі 19 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Цяжар узглядам Ягіпту. — Вось, СПАДАР, сеўшы на лягкім булаку, прыбудзе да Ягіпту. І будуць дрыжэць балваны ягіпецкія перад відам Ягоным, і сэрца Ягіпту стае ў нутру сваім.
 
Прароцтва пра Егіпет. — Вось, Гасподзь сядзіць на воблаку лёгкім і прыбывае ў Егіпет. І затрымцяць ад аблічча Яго ідалы Егіпецкія, і сэрца Егіпта растане ў ім.

«І Я ўзброю Ягіпцян супроці Ягіпцян, і будуць ваяваць людзіна з братам сваім і людзіна з прыяцелям сваім, места зь местам, каралеўства з каралеўствам.
 
Я ўзбуру Егіпцянаў і будуць ваяваць брат супроць брата і сябар супроць сябра, горад з горадам, царства з царствам.

І дух Ягіпту шчэзьне ў нутру сваім, і зьнішчу раду ягоную, і будуць шукаць балваноў а чараўнікоў а выгуканьнікаў памерлых а варажбітоў.
 
І дух Егіпта зьняможацца ў ім, і заблытаю раду яго, — і пойдуць яны да ідалаў і да чарадзеяў, і да закліначоў мёртвых і да варажбітоў.

І Я перадам Ягіпцян у руку цьвярдых валадароў, і дужы кароль будзе радзіць іх», — агалашае Спадар, СПАДАР войскаў.
 
І аддам Егіпцянаў у рукі валадара жорсткага, і люты цар запануе над імі, кажа Гасподзь, Гасподзь Саваоф.

І вады ня стане ў мору, і рэкі спустошацца а высахнуць,
 
І скончыцца вада ў моры і рака зьвядзецца і высахне;

І рэкі засьмярдзяць і зьбяднеюць, і высахнуць вялікія рэкі; чарот а трысьнік зьвянуць;
 
і звузяцца рэкі, і каналы Егіпецкія сплытчэюць і высахнуць; павянуць чарот і трысьнёг.

Лугі ля ракі, на беразе ракі, і ўсе, пасеянае ля ракі, высахне, шчэзьне й няма.
 
Лугі над ракою, па берагах ракі, і ўсё, пасеянае каля ракі, засохне, разьвеецца і счэзьне.

І будуць гараваць рыбнікі, і будуць галасіць усі, што закідаюць вуду ў цур’і, і тыя, што расьцягуюць сеці на водах, будуць кволець;
 
І заплачуць рыбакі, і загалосяць усе, хто закідвае вуды ў раку, і хто ставіць мярэжы ў вадзе, западуць у роспач;

І будуць засаромлены тыя, што вырабляюць цянюсенькае валакно, і што ткуць бавоўну.
 
і будуць зьбянтэжаны тыя, што апрацоўваюць лён, і ткачы белых палотнаў;

І будуць поды яго зьмяжджулены, і ўсі, за плату робячыя, будуць зьнемарашчаны.
 
і будуць панішчаны мярэжы, і ўсе, хто трымае садкі пад жывую рыбу, занепадуць духам.

Але, князі цоанскія дурні; рада мудрых параднікаў фараонавых — дурнота. Як скажаце вы фараону: «Я сын мудрых, сын старавечных каралёў?»
 
Так! страцілі розум князі Цаанскія; рада мудрых дарадцаў фараонавых страціла глузд. Як скажаце вы фараону: «я сын мудрацоў, сын цароў старажытных?»

Ідзе ж, ідзе ж мудрыцы твае? і хай скажуць жа табе і пазнаюць, што пастанавіў СПАДАР войскаў Ягіпту.
 
Дзе яны? дзе твае мудрацы? хай яны скажуць табе; хай даведаюцца, што Гасподзь Саваоф вызначыў пра Егіпет?

Здурнелі князі Цоанскія, ашукаліся князі Мемфіскія і ізьвялі Ягіпет, начэльніка плямёнаў ягоных.
 
Звар’яцелі князі Цаанскія; ашукаліся князі Мэмфіскія, і збочыў Егіпет з дарогі галавы плямёнаў ягоных.

СПАДАР пусьціў духа абмылы ў нутр яго, так што Ягіпет цяпер блудзе ў ірвакох сваіх, як ківаецца п’яны ў часе ірвакоў сваіх.
 
Гасподзь уліў у яго дух чмуру, — і яны ўвялі Егіпет у аблуду ва ўсіх чынах ягоных, падобна на тое, як ходзіць п’яны па ванітах сваіх.

Ня будзе ў Ягіпце чаго-колечы, што мела б зрабіць галава альбо хвост, альбо пальмовая голь, альбо трысьціна.
 
І ня будзе ў Егіпце такое дзеі, якую ўчыніць умелі б галава і хвост, пальма і трысьціна.

Таго дня Ягіпцяне будуць як жанкі, і будуць дрыжэць а баяцца ківу СПАДАРА войскаў яму.
 
У той дзень Егіпцяне будуць падобныя да жанчын і затрымцяць і забаяцца руху рукі Госпада Саваофа, якую Ён падыме на іх.

І зямля Юдэйская будзе жахам Ягіпту; хто ўспомне яе, зьлякаецца пастанову СПАДАРА войскаў, каторы Ён пастанавіў празь яе.
 
Зямля Юдава зробіцца жудасьцю Егіпту; хто ўзгадае пра яе, той затрымціць ад вызначэньня Госпада Саваофа, якое Ён пастанавіў пра яго.

Таго дня будзе пяць местаў у зямлі Ягіпецкай гукаць моваю канаанскаю і прысягаць СПАДАРОМ войскаў; места Зьнішчэньня будуць казаць на адно.
 
У той дзень пяць гарадоў у зямлі Егіпецкай загавораць моваю Ханаанскай і будуць бажыцца Госпадам Саваофам; адзін назавецца горадам сонца.

Таго дня будзе аброчнік СПАДАРУ сярод зямлі Ягіпецкае, і помнік СПАДАРУ — ля граніцы яе.
 
У той дзень ахвярнік Госпаду будзе пасярод зямлі Егіпецкай, і помнік Госпаду — каля межаў яе.

І будзе ён на знак а сьветчаньне СПАДАРУ войскаў у зямлі Ягіпецкай; бо яны гукаць будуць да СПАДАРА з прычыны ўцісканьнікаў, і Ён пашлець ім спаса а вялікага аднаго, выбаве іх.
 
І будзе ён азнакаю і сьведчаньнем пра Госпада Саваофа ў зямлі Егіпецкай, бо яны заклічуць да Госпада ад прыгнятальнікаў, і Ён пашле ім выратавальніка і заступніка, і выбавіць іх.

І аб’явіцца СПАДАР Ягіпцянам, і Ягіпцяне пазнаюць СПАДАРА таго дня, і абракуць аброк а дар, і абяцаюць абятніцы СПАДАРУ, і споўняць.
 
Гасподзь явіць Сябе ў Егіпце; і Егіпцяне ў той дзень спазнаюць Госпада і прынясуць ахвяры і дарункі, і дадуць абяцаньні Госпаду, і выканаюць.

І зразе СПАДАР Ягіпет; зразе і ўздарове; і навернуцца да СПАДАРА, і Ён дасца ім умаліць Сябе, і ўздарове іх.
 
І паб’е Гасподзь Егіпет, — паб’е і ацаліць: яны зьвернуцца да Госпада — і Ён пачуе іх і ацаліць іх.

І таго дня будзе гасьцінец ізь Ягіпту да Асыры, і Асыране прыйдуць да Ягіпту, і Ягіпцяне будуць служыць разам із Асыранамі.
 
У той дзень зь Егіпта ў Асірыю будзе вялікая дарога, і будзе прыходзіць Асур у Егіпет, і Егіпцяне — у Асірыю; і Егіпцяне разам з Асірыйцамі служыцьмуць Госпаду.

І таго дня Ізраель будзе трэйці зь Ягіптам а Асыраю; дабраславенства будзе сярод зямлі;
 
У той дзень Ізраіль будзе трэці зь Егіптам і Асірыяй; дабраславеньне будзе на зямлі,

СПАДАР войскаў падабраславе, кажучы: «Дабраславёны люд мой Ягіпет, і работа рук Маіх Асыра, і спадак Мой Ізраель».
 
якую дабраславіць Гасподзь Саваоф, кажучы: дабраславёны народ Мой, Егіпцяне, і дзея рук Маіх — Асірыяне, і спадчына Мая — Ізраіль.