Ісаі 31 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Бяда тым, што зыходзяць да Ягіпту помачы, і здаюцца на коні, і спадзяюцца на цялежкі, бо яны чысьленыя, і на коньнікаў, бо яны вельма дужыя, а не аглядаюцца на Сьвятога Ізраелявага і СПАДАРА ня шукаюць.
 
Гора тым, што ідуць у Егіпет па дапамогу, спадзяюцца на коней і надзею кладуць на калясьніцы, бо іх багата, і на верхаўцоў, бо яны вельмі моцныя, а на Сьвятога Ізраілевага не глядзяць і Госпада ня шукаюць!

Ён, адылі, таксама мудры; і навядзець ліха, і ня возьме назад слоў Сваіх, але паўстане супроці дому ліхадзеяў і супроці помачы тым, што дзеюць бяспраўе.
 
Але мудры Ён; і навядзе бедства, і не адменіць слоў Сваіх; паўстане супроць дома бязбожных і супроць дапамогі беззаконьнікам.

І Ягіпцяне — людзі, а ня БОГ; і коні іхныя — мяса, а ня дух. Як СПАДАР выцягне руку Сваю, спаткнецца памагатыр, і паваліцца памаганы, яны абодва загінуць.
 
Егіпцяне — людзі, а ня Бог; і коні ў іх — плоць, а ня дух. І працягне руку Сваю Гасподзь, і спатыкнецца абаронца, і ўпадзе той, каго бароняць, і ўсе разам загінуць.

Бо гэтак сказаў СПАДАР імне: як равець леў а левянё над здабыткам сваім, хоць бы зьберлася супроці яго поўна пастухоў, ня пужаецца голасу іхнага й не лякаецца множасьці іх; так СПАДАР войскаў зыйдзе ваяваць за гару Сыён і за ўзгоркі яе.
 
Бо так сказаў мне Гасподзь: як леў, як ільвяня, што скавычуць над лупам сваім, хай бы хоць шмат пастухоў крычалі на яго, ад крыку іхняга не здрыганецца і мноству іх не саступіць, — так Гасподзь Саваоф сыдзе змагацца на гару Сіён і на пагорак яго.

Як птушкі лётаючыя, так абароне СПАДАР войскаў Ерузалім, абароне а выбаве, пройдзе а ўратуе.
 
Як птушкі — птушанят, так Гасподзь Саваоф пакрые Ерусалім, абароніць і выбавіць, зьлітуецца і выратуе.

Навярніцеся да Тога, ад Каторага далёка адвярнуліея сынове Ізраелявы;
 
Зьвярнецеся да Таго, ад Якога вы далёка адпаліся, сынове Ізраіля!

Бо таго дня кажная людзіна адкіне свае срэбныя балваны й свае залатыя балваны, зробленыя вашымі рукамі на грэх.
 
У той дзень адкіне кожны чалавек сваіх срэбных ідалаў і залатых сваіх ідалаў, зробленых рукамі вашымі вам на грэх.

І паваліцца Асур ад мяча нялюдзкога, і меч не чалавекаў выгубе яго, і ён уцячэць ад мяча, і дзяцюкі ягоныя стануць падачкамі.
 
І Асур упадзе не ад чалавечага меча, і не чалавечы меч заб’е яго, ён уцячэ ад меча, і юнакі ягоныя стануць падаткам.

«І ён із страху прабяжыць міма свайго ўмацаваньня, і князі ягоныя будуць дрыжэць перад сьцягам», — агалашае СПАДАР, Каторага цяпло на Сыёне, і печ Ягоная ў Ерузаліме.
 
І ад страху пабяжыць міма крэпасьці сваёй; і князі яго будуць баяцца сьцяга, кажа Гасподзь, у Якога агонь на Сіёне і горан у Ерусаліме.