Ісаі 39 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Таго часу паслаў Меродах-Валадан Валаданёнак, кароль Бабілёнскі, Гэзэку ліст а дары; бо чуў, што ён захварэў і ачуняў.
 
На той час Мэрадах Валадан, сын Валаданаў, цар Вавілонскі, прыслаў Эзэкіі ліст і дарункі, бо чуў, што ён быў хворы і ачуняў.

І ўзрадаваўся Гэзэка зь іх, і паказаў ім скарбніцу сваю, срэбра а золата а пахі а добрыя масьці а ўсю зброю сваю а ўсе, што было ў скарбніцах ягоных; не засталося ні воднае рэчы, каторай бы не паказаў ім Гэзэка ў доме сваім і ў вусёй дзяржаве сваёй.
 
І зарадаваўся пасланцам Эзэкія і паказаў ім дом скарбаў сваіх, срэбра і золата, і пахошчы і каштоўныя масьці, увесь збройны свой дом, і ўсё, што было ў скарбніцах ягоных, — нічога не засталося, чаго не паказаў бы ім Эзэкія ў доме сваім і ва ўсім валоданьні сваім.

І прышоў прарока Ісая да караля Гэзэкі, і сказаў яму: «Што сказалі гэтыя людзі? і скуль яны прышлі да цябе?» І Гэзэка сказаў: «З далёкае зямлі прышлі да мяне, з Бабілёну».
 
І прыйшоў прарок Ісая да цара Эзэкіі і сказаў яму: што казалі гэтыя людзі? і адкуль яны прыходзілі да цябе? Эзэкія сказаў: з далёкай зямлі прыходзілі яны да мяне, з Вавілона.

Але ён сказаў: «Што бачылі яны ў доме тваім?» І сказаў Гэзэка: «Бачылі ўсе, што ёсьць у доме маім; ня было рэчы, каторай бы я не паказаў ім у скарбніцах сваіх».
 
І сказаў Ісая: што бачылі яны ў доме тваім? Эзэкія сказаў: бачылі ўсё, што ёсьць у доме маім; нічога не засталося ў скарбніцах маіх, чаго я не паказаў бы ім.

Тады Ісая сказаў Гэзэку: «Чуй слова СПАДАРА войскаў:
 
І сказаў Ісая Эзэкіі: выслухай слова Госпада Саваофа:

Вось, прыйдуць дні, што перанясуць да Бабілёну ўсе тое, што ў доме тваім і што айцове твае зьберлі дагэтуль; нічога не застанецца, — кажа СПАДАР. —
 
вось, прыйдуць дні, і ўсё, што ёсьць у доме тваім і што назьбіралі бацькі твае да гэтага дня, будзе зьнесена ў Вавілон; нічога не застанецца, кажа Гасподзь.

І возьмуць із сыноў тваіх, каторыя выйдуць ізь цябе, каторых ты народзіш, і будуць яны легчанцамі ў палацу караля Бабілёнскага».
 
І возьмуць з сыноў тваіх, якія выйдуць зь цябе, якіх ты народзіш, — і яны будуць еўнухамі ў палацы цара Вавілонскага.

Тады Гэзэка сказаў Ісаі: «Добрае слова СПАДАРОВА, каторае ты вымавіў», і сказаў: «Абы быў супакой а дабрабыт за дзён маіх».
 
І сказаў Эзэкія Ісаю: добрае слова Гасподняе, якое ты прамовіў; бо, дадаў ён, спакой і дабрабыт будуць у дні мае.