Ісаі 57 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

«Справядлівы гіне, і няма нікога, хто б прыняў да сэрца; і міласэрныя людзі знікаюць, але няма нікога, хто б гэта зразумеў: бо перад абліччам ліхоты спыняецца і справядлівы.
 
Праведнік памірае, і ніхто не бярэ гэтага да сэрца; і мужоў пабожных забіраюць зь зямлі, і ніхто не падумае, што праведніка забіраюць ад ліха.

Ён выбірае мір, адпачывае ў сваім пакоі, ідзе ў сваім напрамку.
 
Ён адыходзіць да спакою; тыя, што ходзяць простаю дарогаю, будуць пакоіцца на ложках сваіх.

Вы ж прыступіцеся сюды, сыны вядзьмаркі, патомства чужаложніцы і распусніцы.
 
Але падыдзеце сюды, вы, сыны чарадзейкі, семя пералюбніка і распусьніцы.

З каго кпіце? На каго раскрываеце вусны ды вывешваеце язык? Ці ж вы не дзеці злачынныя, патомства лжывае?
 
З каго вы глум чыніце? супроць каго разьзяўляеце рот, высалопваеце язык? ці ня дзеці вы злачынства, семя падману?

Вы, што палаеце сярод тэрэбінітаў пад кожным зялёным дрэвам, мардуеце дзяцей на ахвяру па ярах, у пячорах скальных?
 
распаляныя пажадаю да ідалаў пад кожным галінастым дрэвам, гартавальнікі дзяцей каля ручаёў, у расколінах скал?

У ваколіцах яра — удзельнічанне тваё, яны — доля твая; для іх выліваў вадкасці, складаў ахвяру. Ці ж з іх буду мець пацеху?
 
У гладкіх камянях ручаёў доля твая; яны, яны — доля твая; ім ты робіш паліваньні і прыносіш ахвяры: ці ж магу Я быць задаволены гэтым?

На гары вялікай і высокай расклала ты ляжанку сваю і туды ўзлезла, каб складаць ахвяры.
 
На высокай і выноснай гары ты ставіш ложак твой і туды ўзыходзіш прыносіць ахвяру.

І паставіла свой знак памятны за ўваходам і за бэлькамі дзвярэй, бо далёка ад Мяне адкрывалася і ўзыходзіла, ды расшырыла ляжанку сваю, і заключыла дамову з тымі, ложак якіх узлюбіла і бачыць іх галізну.
 
За дзьвярыма і за вушакамі ставіш помнікі твае, бо: адвярнуўшыся ад Мяне, ты агаляешся і ўзыходзіш; расхінаеш ложак твой і дамаўляешся з тымі зь іх, зь якімі любіш ляжаць, — вышукваеш месца.

І пайшла ты да цара з алейкам, ды павялічыла намашчэнні свае, паслала далёка сваіх пасланцоў, аж да пекла панізілася.
 
Ты хадзіла таксама да цара з пахучаю масьцю і памнажала масьці твае, і далёка пасылала паслоў тваіх і прыніжалася да апраметнай.

Змучылася многімі падарожжамі сваімі. А не сказала: “Дарэмна гэта!” Знайшла жыццёвую бадзёрасць, таму не аслабела.
 
Ад доўгай дарогі тваёй стамлялася, але не казала «надзея страчана!», усё яшчэ знаходзіла жывасьць у руцэ тваёй і таму не адчувала паслабкі.

Каго, хвалюючыся, баішся, што Мяне пачала падманваць ды забылася пра Мяне? Не помніш пра Мяне ў сэрцы сваім? Няўжо таму, што Я маўчу ад даўнейшага часу, ты Мяне не баішся?
 
Каго ж ты спалохалася і збаялася, што зрабілася нявернаю і Мяне перастала памятаць і захоўваць у тваім сэрцы? ці не таму, што Я маўчаў, і пры тым доўга, ты перастала баяцца Мяне?

Я абвяшчу справядлівасць тваю і ўчынкі твае, яны не дапамогуць табе.
 
Я пакажу праўду тваю і ўчынкі твае, — і яны будуць не на карысьць табе.

Калі будзеш крычаць, хай вызваляць цябе круцельствы твае! Усе іх развее вецер, падыме паветра. А хто будзе мець надзею ўва Мне — у спадчыну возьме зямлю, і валодаць будзе гарою Маёй Святой».
 
Калі ты будзеш галасіць, ці ўратуе цябе зборня твая? — усіх іх зьнясе вецер, разьнясе подых; і хто спадзяецца на Мяне, той успадкуе зямлю, і будзе валодаць сьвятою гарою Маёю.

І скажуць: «Прастуйце, прастуйце, рыхтуйце дарогу, прыміце перашкоды з дарогі “народа Майго”».
 
І сказаў: падымайце, падымайце, раўняйце дарогу, прымайце перашкоды са шляху народа Майго.

Бо гэта кажа Высокі і Узвышні, Які пражывае ў вечнасці, а імя Яго — святое: «На вышіні і ў святым месцы, жыву Я, ды разам з засмучанымі ды пакорнымі духам, каб ажывіць дух пакорных і ажывіць сэрца засмучанае.
 
Бо так кажа Высокі і Ўзьнесены, вечна Жывы, — Сьвяты імя Яго: Я жыву на вышыні нябёсаў і ў сьвяцілішчы, і гэтак сама з уціснутымі і ўпакоранымі духам, каб ажыўляць дух упакораных і ажыўляць сэрцы ўціснутых.

Бо не буду вечна спрэчку весці і аж да канца гневацца, бо дух знікаў бы з-прад аблічча Майго істот жывых, якіх Я стварыў.
 
Бо ня вечна буду Я весьці цяжбіну і не да канца гневацца; інакш зьняможацца перада Мною дух і ўсякае дыханьне, Мною створанае.

Загарэўся Я гневам і паразіў яго дзеля подлай хцівасці яго, адвярнуў аблічча Сваё і разгневаўся, ён, аднак, адышоў, блудлівы, дарогай сэрца свайго.
 
За грэх карысталюбнасьці яго Я гневаўся і пабіваў яго, хаваў твар і абураўся; але ён адвярнуўшыся пайшоў па дарозе свайго сэрца.

Дарогі яго бачу і вылечу яго, і вярну яго, і вярну пацеху яму і плакальшчыкам яго.
 
Я бачыў шляхі яго і ацалю яго, і буду вадзіць яго і суцяшаць яго і гаротнікаў ягоных.

Ствараю Я супакой плодам вуснаў; супакой таму, хто далёка, і таму, хто блізка, — кажа Госпад, — і аздараўлю яго».
 
Я стрымаю слова: спакой, спакой далёкаму і блізкаму, кажа Гасподзь, і ацалю яго.

Бязбожнікі ж — быццам узбуранае мора, якое не можа супакоіцца, і хвалі яго выкідаюць іл і балота.
 
А бязбожныя — як мора ўсхваляванае, якое ня можа супакоіцца, і воды якога выкідаюць глей і бруд.

«Бязбожным няма супакою», — кажа Бог мой.
 
Няма спакою бязбожным, кажа Бог мой.